«Мае чатыры прынтэры працавалі на ўсю Беларусь»
Аляксандар у 2020 годзе жыў у Менску, працаваў на аптовым кірмашы. Кажа, яшчэ з 2019 году зацікавіўся дзейнасьцю Сяргея Ціханоўскага. У 2020-м пачаў друкаваць агітацыйныя матэрыялы, улёткі, распаўсюджваць іх.
«Я друкаваў газэты, улёткі на сваім прынтэры. Быў шалёны тэмп, друкаваў усё дзень і ноч. BySol, які тады падтрымліваў дваровыя ініцыятывы, дапамог мне купіць прынтэр. Бо гэта такая рэч, якая выходзіць са строю. Усяго ў мяне было чатыры прынтэры, якія працавалі бадай на ўсю Беларусь», — успамінае Аляксандар.
Ён хадзіў на маршы, шмат разоў быў затрыманы. Кажа, што тройчы быў на Акрэсьціна і двойчы — у Жодзіна. На яго завялі крымінальную справу паводле «народнага» артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Але ў выніку Дабрыяніка адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Суразмоўца гаворыць, што і пасьля гэтага ён працягваў друкаваць і распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы і газэты.
«Я хацеў даносіць праўду да людзей у тых умовах, калі СМІ закрылі, інфармацыі было ня так шмат. Пажылыя людзі больш давяраюць друкаваным СМІ. Я працаваў на аптовым кірмашы, таму меў базу кліентаў. У мяне на працоўным месцы была Пагоня, ляжалі асобнікі „Народнай волі“. Таму людзі ведалі, дзе браць газэты і матэрыялы», — кажа Аляксандар.
«Пасьпеў паведаміць, што я «„пад каўпаком“»
7 красавіка 2021 году Аляксандар хадзіў на чарговы допыт у Сьледчы камітэт. Калі выйшаў з кабінэту, да яго падышлі людзі, прадставіліся супрацоўнікамі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і «запрасілі» на вобшук.
«Я жыў на арэнднай кватэры, нават „сакрэтнай“, пра яе асабліва ніхто не ведаў. Але на вобшук мяне павезьлі менавіта туды. Ці вылічылі мяне, ці нехта здаў. Гэта былі супрацоўнікі не ДФР, а КДБ. Яны забралі ўсю тэхніку і прапанавалі пагадненьне — супрацоўніцтва зь імі. Яны ведалі, што я актыўны, што ўдзельнічаю ў zoom-канфэрэнцыях са Сьвятланай Ціханоўскай. Я пагадзіўся на супрацоўніцтва, але важны момант — пасьпеў папярэдзіць Офіс, што я „пад каўпаком“. З таго моманту пачалася своеасаблівая гульня. Мяне перасялілі ў іншую кватэру. Я там быў дзень і ноч пад аховай», — кажа Аляксандар.
Суразмоўца сьцьвярджае, што яго ахоўвалі былыя супрацоўнікі ўкраінскага «Бэркуту».
Дабрыянік расказвае, што ён быў цікавы КДБ, бо празь яго яны хацелі выйсьці на ўвесь ланцужок распаўсюджваньня ўлётак і газэт, ім было важна ўсіх вылічыць.
«Я вадзіў іх вакол пальца, і яны гэта зь цягам часу зразумелі. Я ім яшчэ намякнуў, што сваіх ахоўнікаў мне ўдалося запісаць на відэа. Назвалі мяне „редкой тварью“, прыгразілі, што вывезуць у лес», — кажа Аляксандар.
Але замест лесу яго павезьлі на Беларускую тэлевізію, каб зьняць у прапагандысцкім фільме.
«Сказаў на камэру толькі тое, што мне прапаноўвалі нелегальна выехаць у Літву»
У 2021 годзе Беларуская тэлевізія выпусьціла прапагандысткі фільм пра беларусаў, якія нелегальна перабраліся ў Літву. Зьняўся ў ім і Дабрыянік.
«Мне далі аркуш паперы, сказалі прачытаць зь яго на камэру, і ад гэтага, маўляў, будзе залежаць мой побыт у турме. Я сказаў, што ня буду гэтага гаварыць, бо так і так вы мяне не адпусьціце. Адзінае, што я сказаў на камэру (не лічу гэта такім страшным злачынствам), што мне прапаноўвалі нелегальна выехаць у Літву і я адмовіўся. Забягаючы наперад, я пазьней і апынуўся нелегальна ў Літве», — успамінае беларус.
Пасьля ён трапіў у СІЗА на Валадарскага, дзе правёў чатыры з паловай месяцы ў чаканьні суду. На працэсе Аляксандар Дабрыянік атрымаў 3 гады «хіміі» і выйшаў на волю. Кажа, што ня стаў чакаць накіраваньня на «хімію» і адправіўся нелегальна ў Літву, пераплыўшы раку ў лістападзе 2021 году. Зручнае месца для перасячэньня мяжы яму падказалі ранейшыя ўцекачы. Пазьней жа, калі Аляксандар сам быў у Літве, ён дапамагаў іншым беларусам перасякаць мяжу нелегальна.
«Літоўскія памежнікі мяне сустрэлі добра. Яны зусім не падобныя да нашых людзей у форме. Ветлівыя, адэкватныя. Ніякіх наездаў», — расказвае Дабрыянік.
«Здароўе падарваў яшчэ ў турме, у Літве ўсё абвастрылася»
Пасьля нелегальнага перасячэньня мяжы Аляксандар займаўся легалізацыяй у Літве, чакаў дазволу на жыхарства, падпрацоўваў, шукаў жытло. Пасьля атрыманьня дазволу на жыхарства знайшоў працу ў будаўнічай сфэры. Але пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.
«Яны яшчэ зь СІЗА. Я там ня мог трапіць да стаматоляга, у выніку разьвілася хвароба дзяснаў. Прычым настолькі, што ўжо былі пашкоджаныя і сківічныя косткі. У Літве, ня маючы дазволу на жыхарства, я мог толькі зьняць боль. Мне дапамагаў Чырвоны Крыж, бо я ня меў страхоўкі. У выніку „паляцелі“ зубы. Калі я за свае грошы знайшоў прыватную клініку, мне зрабілі там абсьледаваньне. Аказалася, што ўсё — нічога не ўратаваць, усе зубы трэба выдаляць. Там нават у сківічнай косьці ямы», — кажа Аляксандар.
Па словах Дабрыяніка, ён нават пасьля выдаленьня зубоў ня зможа паставіць пратэзы — «іх папросту няма за што будзе зачапіць». Зараз ён зьбірае грошы на імплянты. Уласных сродкаў не хапае. Самы танны варыянт, па словах Аляксандра — каля 1500 эўра. Для дапамогі палітуцекачу BySol адкрыў адмысловы збор.
Што наконт будучыні Беларусі? Аляксандар мяркуе, што «мы ўсё роўна перажывём Лукашэнку».
«Можа быць, у некага апускаюцца рукі. Тады трэба проста адпачыць. Калі хтосьці ўпаў у паняверку, таксама трэба адпачыць. Што мы можам тут зрабіць, за мяжой? Пакуль што толькі працаваць у інфармацыйным полі. Другі год жыву ў Літве і сустракаю шмат літоўцаў, якія мала што ведаюць пра Беларусь ці кажуць: „Які ў вас добры бацька“. Такім людзям я расказваю, што ў нас адбываецца насамрэч», — дадае Аляксандар Дабрыянік. Ён упэўнены, што перамены будуць, але цяпер трэба «проста патрываць».