Калёнія за карцінку, якая пакрыўдзіла Лукашэнку
Згодна з матэрыяламі сьледзтва, жыхар Магілёва Валянцін Лабачоў сёлета ў чэрвені разьмясьціў карцінку ў адным з забароненых тэлеграм-каналаў з надпісам, які, на думку дзяржабвінавачваньня, меў абразьлівы характар на адрас Аляксандра Лукашэнкі, піша тэлеграм-канал MAYDAY.
На мужчыну завялі крымінальную справу паводле арт. 368 КК, але пад варту зьмяшчаць адразу ня сталі. Справа ў тым, што лінгвістычная экспэртыза неадназначна расцаніла надпіс на малюнку і дакладна ня выявіла, што ён абражаў гонар і годнасьць Лукашэнкі.
Нягледзячы на неадназначныя высновы, пракурор запрасіў для Валянціна Лабачова 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Фігурант у апошнім слове раскайваўся ў зробленым і прасіў зьвярнуць увагу на тое, што ад самага пачатку супрацоўнічаў са сьледзтвам.
Аднак 11 кастрычніка судзьдзя Вікторыя Палякова прысудзіла Валянціну Лабачову 1,5 гады калёніі.
Вінаваты, што слухаў «Ляпіса Трубяцкога»
Суд Савецкага раёну Менска пачаў разгляд крамінальнай справы палітвязьня Аляксандра Дабрыяніка паводле ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Шаціла, пракурор — Уладзімер Рабаў, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Аляксандр Дабрыянік — нараджэнец Слоніму, актывіст і валянтэр у выбарчым штабе Сьвятланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 24 траўня, да суду ўтрымліваўся ў СІЗА № 1 Менска. Праваабарончай супольнасьцю прызнаны палітычным зьняволеным.
У ходзе судовага сьледзтва агучвалася, што летась 16 жніўня, знаходзячыся ў Менску, з мэтай публічнага выказваньня сваіх грамадзкіх поглядаў, браў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак. А менавіта: выкрыкваў лёзунгі, пляскаў у далоні, выходзіў на праезную частку і перакрываў рух грамадзкага транспарту.
Сваю віну Аляксандар Дабрыянік прызнаў часткова. Сказаў, што не выкарыстоўваў сымболіку і актыўна ня ўдельнічаў, як і не перашкаджаў руху грамадзкага транспарту.
Пры вывучэньні матэрыялаў справы адзначылася, што знойдзеныя камэнтары Аляксандра Дабрыяніка ў розных сацсетках, відэаролік «Грай» гурту «Ляпіс Трубяцкі», а таксама паведамленьне аб тым, што мужчына 15 верасьня 2020 году быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулу 23.34 КаАП.