Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца Нацыянальнай выведкі ЗША: няўдачы войскаў Расеі ва Ўкраіне могуць аслабіць аўтарытэт Пуціна ўнутры краіны


Эўрыл Хэйнс
Эўрыл Хэйнс

Выступаючы ў сераду ў сэнацкім Камітэце выведкі дырэктарка Нацыянальнай выведкі Эўрыл Хэйнс заявіла, што Расея, напэўна, не імкнецца да канфлікту з ЗША іNATO, але што вайна супраць Украіны нясе «вялікую рызыку» таго, што гэта можа адбыцца.

Паводле Эўрыл Хэйнс, існуе «рэальная магчымасьць» таго, што ваенныя няўдачы Расеі ва Ўкраіне нанясуць шкоду аўтарытэту прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ўнутры краіны, што павысіць імавернасьць эскаляцыі.

Хэйнс назвала вайну ва Ўкраіне «зьнясільвальнай і зацяжной», дадаўшы, што, паводле ацэнак амэрыканскай выведкі, сёлета Расея ня зможа аднавіць сваю вайсковую сілу настолькі, каб дамагчыся буйных посьпехаў у захопе тэрыторый.
Па словах Хэйнс, Расея нясе вялікія страты на полі бою.

«Пуцін, пэўна, добра разумее межы таго, чаго здольныя дасягнуць яго ўзброеныя сілы, і, здаецца, пакуль засяроджаны на больш сьціплых ваенных мэтах, — сказала Хэйнс. — Калі Расея не правядзе (яшчэ адну)... мабілізацыю і не забясьпечыць значныя пастаўкі боепрыпасаў... то ёй будзе ўсё цяжэй падтрымліваць нават цяперашні ўзровень наступальных апэрацый».

На думку Хэйнс, нягледзячы на наяўныя ў яго праблемы, «Пуцін, хутчэй за ўсё, лічыць, што час працуе на яго і што зацягваньне вайны, уключаючы магчымыя паўзы ў баявых дзеяньнях, можа быць найлепшым варыянтам для яго... нават калі гэта зойме гады».

У той час, калі Камітэт выведкі праводзіў штогадовыя слуханьні аб пагрозах нацыянальнай бясьпецы ЗША, выведслужбы прадставілі даклад, у якім адзначаецца, што Кітай будзе працягваць супрацоўніцтва з Расеяй у спробе кінуць выклік ЗША, нягледзячы на заклапочанасьць міжнароднай супольнасьці ўварваньнем ва Ўкраіну.

У дакладзе асноўная ўвага ўдзелена пагрозам з боку Кітая і Расеі. У ім падкрэсьліваецца, што Кітай будзе працягваць выкарыстоўваць ваенныя і іншыя сродкі для выцясьненьня супернікаў у Паўднёва-Кітайскім моры, уключаючы новыя перасячэньні Тайванскай пратокі або пралёты ракет над Тайванем.

«Магчыма, няма неабходнасьці гаварыць, што Кітайская Народная Рэспубліка, якая кідае ўсё большы выклік Злучаным Штатам у эканамічным, тэхналягічным, палітычным і вайсковым пляне па ўсім сьвеце, застаецца нашым беспрэцэдэнтным прыярытэтам», — сказала Хэйнс на слуханьнях у Сэнаце.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG