Як напісана на сайце Эўрапейскай Рады у паведамленьні ад 29 чэрвеня, новыя абмежаваньні адносна Беларусі накіраваныя на гандаль, паслугі, транспарт і перадухіленьне абыходу ўжо існуючых санкцый.
Гэта ўключае сярод іншага забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты. Гэта зроблена, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.
«Эўрапейская Рада падаўжае забарону на экспарт тавараў і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, а таксама ўводзіць дадатковыя абмежаваньні на экспарт тавараў, якія могуць спрыяць умацаваньню прамысловага патэнцыялу Беларусі. Дадатковыя абмежаваньні таксама ўводзяцца на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгій марскога суднаходзтва і прадметаў раскошы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Таксама Эўразьвяз забараніў транспарціроўку грузаў на сваёй тэрыторыі на зарэгістраваных у Беларусі прычэпах і паўпрычэпах і ўвёў дадатковыя захады экспартнага кантролю ў адносінах да Беларусі. Яны датычацца адчувальных тавараў і тэхналёгій, агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.
Як вынікае з ухваленых дакумэнтаў, у Эўразьвязе вырашылі абмежаваць пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі або могуць перадавацца ў Расею празь Беларусь у абыход абмежаваньняў, уведзеных супраць расейскіх уладаў і эканомікі.
У прыватнасьці, прапануюць забараніць транзыт праз тэрыторыю Беларусі тавараў і тэхналёгій, якія могуць спрыяць нарошчваньню прамысловых магутнасьцей Беларусі, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў, тэхнічную дапамогу або іншыя паслугі па абслугоўваньні такой прадукцыі. Прапануюць таксама забараніць продаж, ліцэнзаваньне і перадачу правоў інтэлектуальнай уласнасьці на тэхналёгіі.
Форум