9 сакавіка паветраная трывога і небясьпека доўжыліся па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны амаль сем гадзін — рэкордны час.
У Харкаве адбылося мінімум 15 выбухаў
Ад ракетнага абстрэлу расейцаў пацярпелі 8 абласьцей — Кіеўская, Адэская, Львоўская, Мікалаеўская, Запароская, Харкаўская, Днепрапятроўская і Жытомірская вобласьці.
Пакуль маштаб разбурэньняў невядомы. Практычна ўсе мясцовыя ўлады заявілі, што пашкоджаны інфраструктурныя аб’екты. У Кіеве каля 40% жыхароў засталіся безь цяпла. Ва ўсіх абласьцях пачаліся аварыйныя адключэньні электраэнэргіі.
У Харкаве, дзе ўначы прагучала 15 выбухаў, апроч праблем з энэргіяй і цяплом, зьявіліся перабоі з сувязьзю. На ўсіх месцах выбухаў працуюць ратавальнікі і пажарныя.
Праз пашкоджаньне энэргетычнай інфраструктуры на некалькіх чыгуначных участках пачалі выкарыстоўваць цеплавозы. Каля 15 рэйсаў затрымліваюцца прыкладна на гадзіну.
Ёсьць забітыя і параненыя
У Львоўскай вобласьці загінулі 5 грамадзян. Як паведамілі абласныя ўлады, расейская ракета трапіла ў жылую зону, і ахвяр можа быць больш.
У Кіеве пакуль вядома пра трох параненых, двух зь іх шпіталізавалі.
Зяленскі: «Акупанты могуць тэрарызаваць толькі мірных людзей»
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў тактыку абстрэлаў мірных жыхароў расейскімі войскамі вартай жалю:
«Цяжкая ноч. Масіраваны ракетны ўдар па ўсёй краіне. Кіеў, Кіраваградзкая вобласьць, Днепрапятроўская вобласьць, Адэская вобласьць, Харкаўская вобласьць, Запарожжа, Львоўская вобласьць, Івана-Франкоўская вобласьць, Жытомірская вобласьць, Віньніцкая вобласьць. Напады на аб’екты крытычнай інфраструктуры, жылыя дамы. На жаль, ёсьць ахвяры і загінулыя. Мае спачуваньні родным. Усе службы працуюць. Ідзе аднаўленьне энэргасыстэмы.
Праціўнік выпусьціў 81 ракету, спрабуючы зноў запалохаць украінцаў, вярнуўшыся да сваёй вартай жалю тактыкі. Акупанты могуць тэрарызаваць толькі мірных людзей. Гэта ўсё, што яны могуць зрабіць. Але гэта ім не дапаможа. Адказнасьць за ўсё зробленае іх не абміне», — сказаў Зяленскі.
Абстрэльвалі гіпэргукавымі і балістычнымі ракетамі, а таксама дронамі
Галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валер Залужны паведаміў, што ўначы Расея ажыцьцявіла 81 пуск ракет рознага базаваньня.
Па аб’ектах крытычнай інфраструктуры Расея выпусьціла 48 ракет Х-101/Х-555, «Калібр», X-22, «Кінжал», Х-31П, X-59 і С-300. Дадаткова запусьцілі 8 бесьпілётнікаў.
Паводле Залужнага, украінскія паветраныя сілы зьбілі 34 крылатыя ракеты і 4 дроны.
Расейскія ракеты ляцелі і ў прыфрантавыя гарады. Найбольш пацярпеў Херсон
У той жа час Расея працягвае штодзённыя абстрэлы гарадоў, якія знаходзяцца на лініі фронту.
Паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, за мінулыя содні Расея з артылерыі абстраляла Сянькоўку ў Чарнігаўскай вобласьці, Харкаўку і Атынскае — у Сумскай вобласьці. Гэтыя абстрэлы ажыцьцяўляліся з тэрыторыі Расеі.
На запароскім і херсонскім кірунках ад абстрэлаў пацярпелі 30 населеных пунктаў. Найбольш — Херсон, дзе загінулі трое грамадзян. Адна з ракет пацэліла ў прыпынак грамадзкага транспарту. На прыпынку загігнулі два грамадзяніна і адна — прадавец бліжэйшай крамы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.