Валер Кавалеўскі заявіў аб складаньні абавязкаў намесьніка кіраўніцы і прадстаўніка ў замежных справах у Аб’яднаным пераходным кабінэце (АПК).
«На гэтым напрамку зьявіліся разыходжаньні ў стратэгічным бачаньні шляхоў дасягненьня мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзеньня працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі», — паведаміў Валер Кавалеўскі на сваёй старонцы Facebook.
Валер Кавалеўскі адзначыў сваю «зьмястоўную працу ў замежнай палітыцы», якая спрыяла наладжваньню новых прафэсійных сувязяў, даверу і супрацы з урадамі і міжнароднымі арганізацыямі, распрацоўцы і прасоўваньні новых падыходаў да абароны незалежнасьці Беларусі, а таксама стварэньню ўнікальных мэханізмаў міжнароднай супрацы на карысьць беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
Ён выказаў падзяку Сьвятлане Ціханоўскай за давер, а таксама калегам і міжнародным партнэрам за плённую супрацу ў гэтых кірунках.
«Перакананы, што міжнародная дзейнасьць павінна быць толькі дадаткам да працы для дасягненьня зьменаў у Беларусі. Менавіта праца зь беларускімі грамадзянамі, зь беларускім бізнэсам, зь беларускімі палітычнымі структурамі і грамадзкімі ініцыятывамі зьяўляецца найскладанейшым, але і найбольш абгрунтаваным і пэрспэктыўным шляхам дасягненьня мэтаў руху: абароны незалежнасьці Беларусі, аднаўленьня дзяржаўнага сувэрэнітэту, усталяваньня канстытуцыйнага парадку ў нашай краіне і пераходу да дэмакратычнай формы кіраваньня», — падкрэсьліў ён.
На просьбу Свабоды ўдакладніць разыходжаньні з АПК Валер Кавалеўскі адказаў: «Іншых камунікацый ад мяне ня будзе». На пытаньне. чым ён будзе далей займацца, ён адказаў: «Плянаў не маю пакуль».
Астапенку прызначылі выканаўцам абавязкаў прадстаўніка ў замежных справах
26 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Ўладзімера Астапенку выконваць абавязкі прадстаўніка ў замежных справах АПК. Да гэтага часу Астапенка быў намесьнікам прадстаўніка ў замежных справах Кабінэта.
Папярэдні кіраўнік прадстаўніцтва ў замежных справах Валер Кавалеўскі падчас пасяджэньня Аб’яднанага пераходнага кабінэта склаў паўнамоцтвы, паведамілі ў АПК.
Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала зьмены ў кіраўніцтве прадстаўніцтва:
«Удзячная Валеру Кавалеўскаму за тры з паловай гады супольнай працы, спачатку ў Офісе, а потым і ў Кабінэце. Сярод іншага, Валеры Георгіевіч падымаў пытаньне Беларусі на міжнародных форумах і ў арганізацыях, арганізаваў працу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі, дапамагаў вырашаць пытаньні беларусаў за мяжой.
Сёньня на нарадзе Кабінэта Валер праінфармаваў пра сваё рашэньне пакінуць пасаду прадстаўніка ў замежных справах у Аб’яднаным пераходным кабінэце.
Часова выконваць абавязкі прадстаўніка па замежных справах будзе амбасадар Уладзімер Астапенка, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі, які таксама быў намесьнікам Валера Кавалеўскага».
Уладзімер Астапенка — дыплямат, кандыдат юрыдычных навук. У 2020 годзе падаў заяву аб вызваленьні з пасады пасла Рэспублікі Беларусь у Аргенціне, заявіў пра шматлікія парушэньні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязаньнях, відавочныя і грубыя фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.
25 чэрвеня ў Брусэлі Валер Кавалеўскі выступіў на трэцім пасяджэнні Кансультацыйнай групы «Беларусь — ЭЗ» як намесьнік кіраўніцы АПК, прадстаўнік 3 замежных справах Кабінэта.
Падчас абмеркавання палітычнай сытуацыі ў Беларусі, рэгіянальных перспэктыў, стратэгіі дэмакратычных сіл і дзеяньняў ЭЗ ён сярод іншага «падзякаваў эўрапейскім партнэрам за значнае разьвіцьцё адносін, у тым ліку са Службай зьнешніх дзеяньняў ЭЗ, Эўрапарлямэнтам, Эўракамісіяй, Эўрапейскай Радай, NATO, апісаў сытуацыю ў Беларусі як тую, што патрабук нестандартных рашэньняў і сьмеласці ўсіх, у тым ліку і беларускага дэмакратычнага руху, адзначыў неабходнасьць быць рашучымі ў адказ на дзеяньні Лукашэнкі, які імкнецца пабудаваць таталітарную сыстэму».
Форум