«Канфлікт непазьбежны»
Палітоляг, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Котаў мяркуе, што ідэя вярнуць ва ўладу Натальлю Пяткевіч належыць самому Аляксандру Лукашэнку.
«У свой час Натальля Пяткевіч была вельмі блізкая і ўплывовая. Зараз патрэбныя старыя правераныя кадры. Больш няма каго прызначаць на кіраўнічыя пасады, таму некаторыя доўгі час застаюцца вакантнымі.
Што да цяперашняга жаночага атачэньня Лукашэнкі, прэсавай сакратарцы Натальлі Эйсмант будзе цяжка працаваць. Натальля Качанава застанецца, але яе ўплывы будуць меншыя. Там будзе цікава зараз. Але, мяркую, раней ці пазьней канфлікт непазьбежны», — выказаў меркаваньне Анатоль Котаў.
Юрфак з чырвоным дыплёмам, кандыдацкая ступень
Натальля Пяткевіч нарадзілася ў 1972 годзе ў сям’і кіраўніка сталічнай стаматалягічнай паліклінікі № 7 Уладзімера Краўчанкі.
У 1994 годзе скончыла з чырвоным дыплёмам юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Навучалася там у адзін час з Максімам Рыжанковым. У 1999 годзе абараніла кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Зьнешнеэканамічныя ўгоды (прававыя аспэкты)».
Каля 15 гадоў працавала побач з Аляксандрам Лукашэнкам, і ў гэты пэрыяд, нягледзячы на дастаткова малады ўзрост, яе лічылі адной з самых уплывовых асобаў у краіне.
Рэзкі ўзьлёт кар’еры
Натальля Пяткевіч была вядучым спэцыялістам, начальнікам упраўленьня дзяржаўнага і міжнароднага права Галоўнага прававога ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта.
У 2001 годзе стала прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі, у 2004 — намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. На гэтай пасадзе праславілася тым, што была «шчырай прыхільніцай адмены льготаў».
9 студзеня 2009 году яе прызначылі першай намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэтую пасаду Пяткевіч займала да 28 сьнежня 2010 году.
Потым была памочнікам прэзыдэнта. 1 кастрычніка 2014 году Аляксандар Лукашэнка вызваліў Натальлю Пяткевіч ад гэтай пасады.
Паўтара года яна была беспрацоўнай, потым уладкавалася ў кампанію «Шантэр» набліжанага да ўладаў бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна, разьвівала ў Беларусі турыстычны бізнэс.
Тройчы замужам, любіць «хуткую язду»
Першы муж Натальлі Ўладзіслаў Пяткевіч ачольваў «Беларускія нацыянальныя лятарэі». Маюць агульнага сына Філіпа, які пайшоў шляхам маці, скончыўшы таксама юрфак БДУ. У 2009 годзе Натальля выйшла замуж за Аляксандра Мартыненку — тагачаснага намесьніка старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. А ў 2018-м — за дыплямата Валянціна Рыбакова, сталага прадстаўніка Беларусі пры ААН. Нягледзячы на санкцыі, зьехала да трэцяга мужа ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. Гэта было магчыма па запрашэньні ААН.
Натальля Пяткевіч любіць конную язду, тэніс і аўтамабілі. Мае слабасьць да высокай хуткасьці, за якую яе часьцяком штрафавалі, прызнавалася «жалезная лэдзі» ў адным з інтэрвію.
«Хваткая асоба з жорсткім падыходам»
Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Валер Кавалеўскі адзначае, што Лукашэнка часам аддаляе адданых яму людзей, часам набліжае.
«Мяркую, перад Пяткевіч будуць пастаўленыя такія ж задачы, як і ў 2004 годзе, калі трэба было здымаць абмежаваньні на колькасьць тэрмінаў Лукашэнкі. І тады Пяткевіч займалася юрыдычнай часткай вырашэньня гэтага пытаньня, рыхтавала рэфэрэндум. То бок яна такая хваткая асоба з жорсткім падыходам, досыць эфэктыўная, і гэта прывабіла Лукашэнку», — кажа Кавалеўскі.
Ён таксама зьвяртае ўвагу на тое, што Пяткевіч — жонка пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Рыбакова. Гэта таксама можа быць пэўным сыгналам, што Рыбакову давядзецца пераехаць у Менск зь Нью-Ёрку.
Ну, а наконт таго, якія будуць узаемаадносіны з Качанавай і Эйсмант, спадар Кавалеўскі кажа, што ніколі не было простых узаемаадносін у калектыве вакол Лукашэнкі.
«Ён сам „падзяляе і ўладарыць“. Думаю, што знаходжаньне вось гэтых трох моцных жанчын у адным месцы са складанымі характарамі і амбіцыямі можа стварыць цікавыя камбінацыі.
Тут трэба зьвярнуць яшчэ ўвагу і на ўзаемадзеяньне Рыжанкова зь Пяткевіч. Яны адзін аднаго разумеюць добра. Гэта, магчыма, будзе формулай узаемадзеяньня паміж МЗС і Адміністрацыяй Лукашэнкі», — выказаў меркаваньне былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі Валер Кавалеўскі.
Форум