Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заблякавалі сайт выданьня «Медиазона Беларусь»


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

У сьнежні 2020 года сайт «Медиазона Беларусь» заблякавалі ў Беларусі па рашэньні Міністэрства інфармацыі.

«Роскомнадзор» заблякаваў сайт выданьня «Медиазона Беларусь», пра гэта паведамляе праект «Роскомсвобода». Рашэньне прынялі 26 студзеня, адкрывацца ў Расеі сайт перастаў з 5 сакавіка.

Расейскі сайт «Медиазона» на патрабаваньне Генпракуратуры Расеі заблякавалі летась у пачатку сакавіка, праз два тыдні ў Расеі заблякавалі сайт выданьня «Медиазона. Центральная Азия».

У 2022 годзе ў Расеі было зафіксавана больш за 637 тысяч выпадкаў блякаваньняў інтэрнэт-старонак — гэта абсалютны рэкорд за 15 гадоў, на працягу якіх «Сетевые свободы» вядуць назіраньне за ўзроўнем свабоды ў расейскім інтэрнэце.

Адной з галоўных прычын павелічэньня колькасьці блякаваньня, паводле зьвестак аўтараў дасьледаваньня, стала прыняцьце пакета расейскіх законаў аб ваеннай цэнзуры, якія вызначаюць крымінальную і адміністрацыйную адказнасьць за крытыку Ўзброеных сіл Расеі.

Праз пагрозу крымінальнага перасьледу і забарону на прафэсію, паводле зьвестак аўтараў дакладу, з Расеі летась эмігравала ня менш як тысяча журналістаў.

«Эвакуацыя цэлых камандаў і асобных прафэсіяналаў стварыла перадумовы для зьяўленьня „другога рунэту“, які прапануе суграмадзянам і сьвету свабодны ад дзяржаўнай цэнзуры погляд на падзеі», — падкрэсьліваюць праваабаронцы.

У Беларусі 2022 годзе заблякавалі больш за 3 тысячы інтэрнэт-рэсурсаў

У 2021–2022 гадах па заявах МУС інфармацыйная прадукцыя 778 тэлеграм-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў прызнана судамі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Больш за 300 тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаны экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Спынена дзейнасьць больш як 160 тэлеграм-каналаў і чатаў.

Апошнім часам у Беларусі ўсё часьцей затрымліваюць і заводзяць палітычна матываваныя крымінальныя справы за так званую «экстрэмісцкую дзейнасьць»: ёй улады прызнаюць удзел у пратэстах, выказваньні ў інтэрнэце супраць уладаў і супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG