На журфаку БДУ рыхтуюць ня проста журналістаў, а байцоў інфармацыйнага фронту, заявіў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі 28 лютага на пасяджэньні калегіі Мінінфарма, паведамляе БелТА.
«На жаль, да гэтага часу мы выяўляем у структурах СМІ людзей, якія не падтрымліваюць дзяржаўную палітыку, — сказаў Ігар Луцкі. — Кадры ў любой СМІ і любой установе — задача нумар адзін кіраўнікоў. Пазыцыя такая: мы рыхтуем ня проста журналістаў, мы рыхтуем байцоў інфармацыйнага фронту».
Ён паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка ўхваліў рашэньне аб стварэньні назіральнай рады на факультэце журналістыкі, куды прызначылі новага кіраўніка факультэта Аляксея Бяляева.
Міністэрства інфармацыі 16 лютага паведаміла, што новым дэканам факультэту журналістыкі БДУ прызначылі кандыдата гістарычных навук Аляксея Бяляева. Ад 2011 году Аляксей Бяляеў быў штатным камэнтатарам у дзяржаўных СМІ, дзе ва ўсім падтрымліваў беларускую ўладу і крытыкаваў яе праціўнікаў.
У лютым 2017 годзе ў эфіры перадачы «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ Бяляеў заявіў, што роднай мовай для беларусаў зьяўляецца расейская. Нават вядоўца перадачы прапагандыст Вадзім Гігін тады стаў пярэчыць Бяляеву, што ня трэба рабіць такіх адназначных высноваў.
У Беларусі за апошнія два гады ўлады закрылі амаль ўсе незалежныя мэдыя, заблякавалі доступ да сайтаў, прызналі экстрэмістамі цэлыя рэдакцыі.
Па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, за апошнія некалькі гадоў краіну пакінулі звыш 400 журналістаў. Ня менш як 33 работнікі СМІ знаходзяцца за кратамі.