Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мегазадача Белоруссия». Выйшла дасьледаваньне, як «Роскомнадзор» цэнзуруе беларускі інтэрнэт


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

«Кібэрпартызаны» ўзламалі ўнутраную сетку «Галоўнага радыёчастотнага цэнтру» (уваходзіць у структуру «Роскомнадзора») і сьпісалі адтуль каля 1,2 тэрабайта дадзеных.

Сярод дакумэнтаў і перапісак аб публікацыях расейскіх сайтаў «Медиазона» выявіла таксама патрабаваньні да беларускіх СМІ выдаліць матэрыялы. Выданьне вывучыла, як менавіта інструмэнт расейскай цэнзуры ўплывае на інфармацыйную карціну для беларусаў.

У зьвестках, якія хакеры перадалі «Медиазоне», ёсьць лісты, справаздачы, даклады, рашэньні і пазнакі «праблемных» публікацый. У ліпені 2022 году ва ўнутранай перапісцы аднаго з аддзелаў «Роскомнадзора» зьявілася тэма зь некалькіх дзясяткаў лістоў пад назвай «Задача Белоруссия».

У рамках «задачы» супрацоўнікі «Роскомнадзора» вялі табліцу, адсочваючы тысячы публікацый на беларускіх сайтах. У жніўні 2022 года ў адным зь лістоў з дакладам аб зьмене апісана «Мегазадача Белоруссия»: кожнай зьмене было пазначана правяраць па 205 электронных адрасоў, а пры праверцы рабіць упор на «СВА» («спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як у Расеі называюць вайну супраць Украіне).

У табліцы ёсьць слупок, дзе насупраць сайтаў стаіць пазнака «Так (фэйк СВА)». Выніковы «статус» гэтых сайтаў вызначаўся слупком, у якім адна з опцый была «Накіравана ў Генпракуратуру Расеі».

Сярод сайтаў, якія былі адзначаны такім маркерам,можна ўбачыць mediazona.by, btvsat.eu, euroradio.by, flagshtok.info, baj.by, gazetaby.media, naviny97.by ды іншыя.

Сярод іншага стала вядома, што «Роскомнадзор» унёс у рэестар публікацыю «Народнай волі» пад назвай «Вайна супраць Украіны раскалола сілавікоў Пуціна», у якой пераказвалася інтэрвію расьсьледніка Хрысты Грозева. На гэты момант артыкул недасяжны.

Пасьля абмеркаваньня, унясеньня ў рэестар і патрабаваньня аб выдаленьні зь берасьцейскага сайту TOMIN.by знік артыкул «Сытуацыя ва Ўкраіне і спэцапэрацыя Расеі на Данбасе: што адбываецца цяпер».

З сайта Ex-press.by зьнік перадрук расьсьледаваньня праекту «Схемы» «З кім ваюе Ўкраіна: расейская армія ў асобах», бо інфармацыя аб стратах расейскіх салдатаў у Расеі зьяўляецца «дзяржаўнай тайнай».

На сайце Intex-press недаступны матэрыял «Якія дадзеныя аб стратах прыводзяць ва Ўкраіне і Расеі на 22 красавіка», які «не адпавядае афіцыйнай пазыцыі Мінабароны РФ».

На навінавым сайце Telegraf.News цяпер няма артыкулу «Жыхары захопленых Бярдзянску, Херсону і Энэргадару выйшлі на пратэсты супраць акупацыі. Як адрэагавалі расейскія вайскоўцы?».

На сайце газэты «Беларусы и рынок» больш няма матэрыялу аб расейскіх стратах падчас вайны ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG