Аляксандар Лукашэнка 2 сакавіка завяршае свой візыт у Кітай, дзе ён разам зь Сі Цзіньпінем падпісаў пакет з 16 дакумэнтаў.
«Падпісана 27 міжурадавых, міжведамасных і міжрэгіянальных пагадненьняў, каля 8 камэрцыйных кантрактаў у розных галінах — прамысловай і сельскагаспадарчай дзейнасьці. І гэта яшчэ не мяжа. Таму што работа працягваецца. І мы разлічваем, што гэты пакет будзе павялічаны», — сказаў 2 сакавіка кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік, піша БелТА.
Паводле яго, дакумэнты датычацца разьвіцьця супрацоўніцтва ў сфэрах інвэстыцый, сельскай гаспадаркі, паставак харчаваньня, аховы здароўя, будаўніцтва, прамысловасьці, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, спорту, турызму. Вялікі блёк падпісаных дакумэнтаў тычыцца міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, фінансаў, банкаўскай сфэры, інфармацыйнага забесьпячэньня гандлю і супрацоўніцтва па лініі арганізацыі Чырвонага Крыжа.
«Лукашэнка заявіў, што беларускія вытворцы зацікаўлены ў вывучэньні „кампэтэнцый і тэхналёгій кітайскіх кампаній у фармаваньні кампанэнтнай базы, вытворчасьці рухавікоў, трансьмісій, мастоў, іншых вузлоў і агрэгатаў“. Раней ISW ацэньваў, што Кітай можа тайна перапраўляць у Расею празь Беларусь вайсковую тэхніку ці тэхніку двайнага прызначэньня», — гаворыцца ў паведамленьні Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).
Экспэрты таксама мяркуюць, што Лукашэнка імкнецца да ўзмацненьня кітайскага эканамічнага ўплыву ў Беларусі, каб «абараніцца ад расейскага інтэграцыйнага ціску, хаця гэтыя захады максымальна адтэрмінуюць бягучую кампанію Расеі ў забесьпячэньні поўнага эканамічнага кантролю над Беларусьсю».
Таксама Лукашэнка правёў сустрэчы з кіраўніцтвам буйных кітайскіх карпарацый, на якіх абмяркоўваліся інвэстыцыі ў розныя сфэры і супрацоўніцтва ў аўтамабілебудаваньні. Лукашэнка запрасіў у Беларусь кітайскага аўтавытворцу FAW Group.
«Вы робіце добрыя аўтамабілі. Калі ў вас ёсьць жаданьне і імкненьне працаваць у Беларусі, — я да вашых паслуг. Я хацеў бы, каб мы стварылі сапраўдны аўтамабіль у Беларусі разам з вамі», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Ён падкрэсьліў, што беларускі бок зацікаўлены ў разьвіцьці аўтамабільнай вытворчасьці ў Беларусі і, паводле Лукашэнкі, ён падымаў гэта пытаньне на перамовах са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, які «падтрымаў прапанову».
Гендырэктар групы ў міжнародных сувязях Ян Даюн заявіў, што яны будуць «вельмі акуратна і ўважліва рэалізоўваць гэты праект, які ўзгоднены паміж кіраўнікамі краін».
У Беларусі ўжо створаная сумесная вытворчасьць з Geely. FAW Group вырабляе машыны 6 катэгорый, у тым ліку грузавікі, пазадарожнікі, легкавыя аўтамабілі, аўтобусы; ёй належаць брэнды Xiali, Hongqi, Jiaxing, Besturn. Таксама кампанія мае сумесныя прадпрыемствы з Volkswagen, Toyota, Ford і Mazda.