Аляксандар Лукашэнка прыбыў у Кітай 28 лютага, а першая ягоная афіцыйная сустрэча ў Пэкіне адбылася 1 сакавіка — з прэм’ерам Дзяржаўнай рады КНР Лі Кэцянам.
Лукашэнка падзякаваў кітайскаму боку за «калясальную дапамогу і падтрымку» і сказаў, што гэта ягоны 13-ы візыт у Кітай, піша БелТА.
«Мы ўсё лепшае пераймалі ў вас. Мы шмат зрабілі з таго часу. І жамчужынай, вянком нашых адносін стаў індустрыяльны парк «Вялікі камень» — буйны міжнародны праект, які мы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам адкрылі пад Менскам. І ён назваў гэты праект жамчужынай Шаўковага шляху, — сказаў Лукашэнка. — Тады я сказаў, што мы ніколі не застанемся ў даўгу перад вялікім кітайскім народам. Так было заўжды ў гісторыі нашага народа. Я працаваў з трыма старшынямі КНР: Цзян Цзэмінем, Ху Цзіньтао і цяперашнім — Сі Цзіньпінам.
«У нас няма закрытых тэм для супрацоўніцтва. Мы супрацоўнічаем па ўсіх напрамках. І, самае галоўнае, мы ніколі не ставілі перад сабой задачу, каб сябраваць ці працаваць супраць трэціх краін, каго б там ні было», — заявіў Лукашэнка.
Кітай уваходзіць у тройку гандлёвых партнэраў Беларусі. За 2022 год, паводле афіцыйных зьвестак, таваразварот Беларусі і Кітая склаў 5,79 млрд даляраў (больш як 113% да ўзроўню 2021 году).
Экспарт тавараў склаў 1,61 млрд даляраў, імпарт — 4,18 млрд. Асноўны экспарт: калійныя ўгнаеньні, ялавічына, мяса, лесаматэрыялы, малочныя прадукты.
Лукашэнка падтрымаў кітайскі мірны плян
Па абедзе 1 сакавіка Лукашэнка сустрэўся таксама са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, прапанаваў Кітаю ствараць сумесныя прадпрыемствы і разьвіваць каапэрацыю, выказаў падтрымку ініцыятыў Кітая ў галіне міжнароднай бясьпекі.
Аляксандр Лукашэнка падчас візыту ў Кітай заявіў, што цалкам падтрымлівае мірную ініцыятыву Пэкіна па дасягненьні міру ва Ўкраіне.
«Сёньняшняя сустрэча праходзіць у вельмі складаны час, які патрабуе новых, нестандартных падыходаў і адказных палітычных рашэньняў», — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да старшыні КНР Сі Цзіньпіна, дадаўшы, што Беларусь «цалкам падтрымлівае высунутую вамі ініцыятыву ў галіне міжнароднай бясьпекі».
Перад сваёй паездкай у Пэкін у інтэрвію кітайскім СМІ Лукашэнка ў пазытыўным ключы ацаніў мірныя ініцыятывы Кітаю, якія на той момант яшчэ не былі апублікаваныя.
«У цэнтры ўвагі будуць пытаньні разьвіцьця гандлёва-эканамічнага, інвэстыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных маштабных праектаў, узаемадзеяньне ў палітычнай сфэры, рэагаваньне на найбольш вострыя выклікі ў сучаснай міжнароднай абстаноўцы», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.
Кітай, які абвясьціў аб «бязьмежным» саюзе з Расеяй незадоўга да таго, як Масква пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, у пятніцу прадставіў уласны мірны плян.
З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.