Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Лукашэнка і Сі Цзіньпін падпісалі дамовы, якія могуць спрыяць ухіленьню Расеі ад санкцый


Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін у Пэкіне, 1 сакавіка 2023 году
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін у Пэкіне, 1 сакавіка 2023 году

Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік КНР Сі Цзіньпін падпісалі 1 сакавіка пакет з 16 дакумэнтаў, якія могуць садзейнічаць ухіленьню Расеі ад санкцый шляхам накіраваньня кітайскай дапамогі Расеі празь Беларусь, лічаць аналітыкі амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны (ISW).

«Лукашэнка заявіў, што беларускія вытворцы зацікаўленыя ў вывучэньні „кампэтэнцый і тэхналёгій кітайскіх кампаній у фармаваньні кампанэнтнай базы, вытворчасьці рухавікоў, трансмісій, мастоў, іншых вузлоў і агрэгатаў“. Раней ISW ацэньваў, што Кітай можа таемна перапраўляць у Расею празь Беларусь ваенную тэхніку або тэхніку падвойнага прызначэньня», — гаворыцца ў паведамленьні ISW.

Як мяркуюць аналітыкі, «Лукашэнка, імаверна, таксама мае намер гэтымі пагадненьнямі падтрымаць свае даўнія намаганьні па ўзмацненьні кітайскага эканамічнага ўплыву ў Беларусі, каб застрахавацца ад расейскага інтэграцыйнага ціску, хоць гэтыя меры ў лепшым выпадку адтэрмінуюць кампанію Расеі па забесьпячэньні поўнага эканамічнага кантролю над Беларусьсю».

Аляксандар Лукашэнка заявіў 1 сакавіка падчас візыту ў Кітай, што яго краіна цалкам падтрымлівае ініцыятыву Пэкіна па дасягненьні міру ва Ўкраіне.

МЗС Кітая 24 лютага прадставіў плян па ўрэгуляваньні вайны Расеі з Украінай. Дакумэнт зьмяшчае 12 пунктаў, якія, на думку Пэкіна, будуць садзейнічаць завяршэньню баявых дзеяньняў. Сярод іх — спыненьне агню і баявых дзеяньняў, пачатак мірных перамоваў, спыненьне аднабаковых санкцый і іншае.

Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг выказаў скептыцызм наконт пляна Кітая, сьцьвярджаючы, што Пэкін «не заслугоўвае вялікага даверу», паколькі «ня змог асудзіць незаконнае ўварваньне ва Ўкраіну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG