Дзьмітры і Алена Бачылы маюць дваіх дарослых дзяцей, Івана і Надзею. Сям’я мела бізнэс у Менску — шылі шторы і фіранкі, мелі свой кравецкі цэх і краму. Але Бачылам давялося ўцякаць з краіны праз пагрозу.
«Я быў у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі, зьбіраў подпісы. Калі Бабарыку пасадзілі, падаваў заяву, каб мяне пусьцілі сябрам выбарчай камісіі. Мяне не прынялі, прычым галасаваньне было онлайн у ютубе, я яго зафіксаваў, запісаўшы відэа, і мы ў сям’і вырашылі падаць у суд з гэтай нагоды. У судзе, вядома, была такая камэдыя, як яны ўсе аднекваліся, ну і, вядома, маёй скаргі не задаволілі. Сын быў у шоку ад таго, як гэта ўсё праходзіла, і таксама стаў актывістам», — апавядае Дзьмітры Бачыла.
Пасьля гэтага мужчына пайшоў назіральнікам на сваім участку для галасаваньня, фіксаваў факты фальсыфікацый. Сям’я ўдзельнічала ў масавых пратэстах у Менску і «засьвяцілася».
«Мой сын двойчы праходзіў у адміністрацыйнай справе, яму два разы прысудзілі штраф. І, калі праходзіў другі суд, пачалі саджаць студэнтаў, а мой сын акурат быў студэнцкім актывістам. Мы разумелі, што неўзабаве і па яго прыйдуць. Пасьля суду тэрмінова адправілі Івана ў Львоў, там ён уладкаваўся вучыцца ва ўнівэрсытэт».
Дзьмітры з Аленай заставаліся ў Менску, займаліся справамі фірмы. Аднойчы яны прынялі заказ ад уласьнікаў кампаніі «Юркас», пашылі шторы для загараднага дома. Усё атрымалася вельмі прыгожа, зь сям’ёй разьлічыліся, плянавалі далейшае супрацоўніцтва, кажа Дзьмітры. Але потым уласьнікаў «Юркасу» затрымалі разам з уласьнікамі фірмы «ХХІ век».
«Недзе празь месяц у „Жёлтых сливах“ выйшаў пост пра тое, што нібыта ўласьнікі кампаніі „Юркас“ праплачвалі ўсе пратэсты. І ў якасьці прыкладу прывялі нашу кампанію, маўляў, такія вось людзі маюць сваю фірму, а папраўдзе гэта шырма і яны атрымлівалі грошы за пратэсты. Там было ўсё падрабязьненька напісана пра сына, пра мяне. Нам давялося хутка сабраць рэчы і выяжджаць, бо зразумела было, што за намі вось-вось могуць прыйсьці».
«У Польшчы можна выбраць самую зручную падатковую сыстэму, якая дазваляе пачынаць бізнэс зь мінімальнымі плацяжамі»
Бачылы нелегальнымі шляхамі трапілі ва Ўкраіну, дзе прабылі месяц. Пасьля вырашылі пераехаць у Польшчу. Першы час Алена Бачыла працавала па найме ў польскіх салёнах, шыла на заказ фіранкі. Пасьля Алена з Дзьмітрыем адкрылі свой салён у Варшаве. Дзьмітры кажа, што зрабіць гэта было ня так складана, як здаецца.
«Мы адразу зьвязаліся з ABBA — Асацыяцыяй беларускага бізнэсу за мяжой. Яны праводзілі сэмінары, форумы. Мы зразумелі, як можна тут адкрыць сваю кампанію. Увосень у нас зьявілася фінансавая падушка, і вось з гэтымі грашыма мы адкрылі свой салён», — кажа Дзьмітры.
Рэгістрацыю кампаніі Comfort Zone атрымалася зрабіць у Варшаве літаральна за дзень. Бачылы зьвярнуліся ў бухгальтарскую кампанію, дзе таксама працуюць беларусы, якія іх пракансультавалі і дапамаглі адкрыць фірму.
«У Беларусі фірму адкрыць наагул складаней, даводзіцца вельмі доўга па розных інстанцыях бегаць, а тут робіцца ўсё практычна як „адно акно“. У Польшчы падаткі крыху вышэйшыя, але вельмі гнуткая, цікавая падатковая сыстэма, можна сабе выбраць самую зручную, якая дазваляе пачынаць бізнэс зь мінімальнымі плацяжамі. Цяпер мы працуем у мінус, у нас выдаткаў больш, чым даходаў, мы падаткаў пакуль ня плацім, а толькі ZUS (сацыяльнае страхаваньне ў Польшчы. — РС), і то паводле мінімальнай стаўкі», — тлумачыць Дзьмітры Бачыла.
Таксама ў Беларусі была праблема з купляй матэрыялаў — тканін эўрапейскіх і турэцкіх вытворцаў. У Польшчы з гэтым іначай.
«Прадстаўніцтваў гэтых кампаній не было раней у Беларусі. Найбліжэйшыя знаходзіліся ў Маскве. Калі мы спрабавалі непасрэдна зьвярнуцца ў нейкія эўрапейскія кампаніі, маўляў, давайце мы ў вас будзем тканіну купляць для працы, яны нам казалі: „Не, у нас ёсьць афіцыйны прадстаўнік у Маскве, вы можаце купляць толькі ў іх, калі вы зь Беларусі“. У Расеі і Беларусі падаходны падатак адрозьніваецца на 2%, якія павінны неяк вяртацца. І праз гэтую дадатковую валтузьню папяровую масквічы казалі: „Купляйце ў нас тканіну за гатоўку, па шэрай схеме“. Часьцей за ўсё афіцыйна купіць тканіну па безнаяўным разьліку, правёўшы праз бухгальтэрыю, мы ня мелі магчымасьці».
Таксама ў Беларусі былі цяжкасьці з кантрольнымі інстанцыямі, кажа бізнэсовец.
«Мне не падабаўся фонд сацыяльнай абароны. Наша інспэктарка казала: „Калі вы займаецеся бізнэсам, вы ўсе павінны ведаць. Ідзіце самі шукайце інфармацыю ў інтэрнэце“. Інфармацыю наагул было здабыць вельмі цяжка, ніхто не хацеў нам нічога расказваць, такое нядобразычлівае стаўленьне, быццам мы ўсім чымсьці абавязаныя. Вельмі шмат было складанасьцяў бюракратычных. Напрыклад, для афармленьня электронных ключоў, каб працаваць онлайн, падаваць дэклярацыі, трэба было нейкія заяўкі пастаянна пісаць, у чэргах стаяць. Каб купіць звычайны касавы апарат, таксама трэба было вельмі шмат усялякіх паперак, допускаў. Занадта ўсё было складана», — апавядае Дзьмітры Бачыла.
«Вочы баяцца, а рукі робяць»
Грошай на адкрыцьцё бізнэсу ў Варшаве пайшло нямала, прызнаецца Дзьмітры.
«Нам прыйшлося зноў купляць усю базу ўзораў, бо нам жа трэба паказваць прыклады тканін, а яны нятанныя і іх трэба вельмі шмат. Таксама трэба было аформіць салён, паставіць мэблю. У нас свой швейны цэх. Дзякуй Богу, удалося выратаваць абсталяваньне з Беларусі, мы адтуль вывозілі швейныя машыны, прасы, сталы для раскрою, стэляжы».
Дзьмітры кажа, што ніякіх праблемаў праз сваю нацыянальнасьць сям’я не сустрэла, наадварот, палякі вельмі добра да іх ставяцца. Мужчына дадае, што зь любымі цяжкасьцямі ў бізнэсе можна справіцца.
«Вочы баяцца, а рукі робяць. Мы сапраўды таксама баяліся ў Беларусі адкрываць бізнэс. Вядома, з часам разумелі, што цяжкасьцяў значна больш, чым мы чакалі, але з усім можна справіцца, было б жаданьне. Тут у Польшчы ёсьць у нас такі істотны плюс: я перакананы, што беларусы працуюць лепш, вельмі добра ўсё робяць у рэжыме шматзадачнасьці. Мы прывыклі працаваць у больш цяжкіх умовах, таму працуем лепш. І гэта ні ў якім разе не камень у агарод палякам, бо яны ўсё ж такі вельмі добрыя, спагадлівыя людзі».
Адзіная пакуль праблема, зь якой даводзіцца сутыкацца Бачылам, — моўны бар’ер. Таму Дзьмітры заклікае вучыць польскую і не саромецца размаўляць нават з памылкамі.
«Палякі вельмі шануюць ня столькі правільнасьць польскай гаворкі, колькі імкненьне людзей размаўляць на польскай мове. Я сутыкнуўся з тым, што калі я нешта гавару пра Польшчу, успамінаю гістарычныя моманты, ім вельмі падабаецца, гэта як бальзам на душу. Таму трэба проста ўмець паважаць іх культуру, мову — гэта самае галоўнае».
«Плянуем працаваць ня толькі на Польшчу, але і іншыя краіны Эўразьвязу»
Дзьмітры кажа, што зусім не шкадуе, што выступіў супраць рэжыму і праз гэта сутыкнуўся зь цяжкасьцямі. Пры гэтым мужычына дадае, што ня ведае, ці зможа сям’я вярнуцца, нават калі ў Беларусі зьменіцца ўлада.
«Для таго, каб вярнуцца, трэба будзе тут усё закрыць, зноўку адкрывацца ў Беларусі, а там наўрад ці ў бліжэйшы час можна будзе нейкі бізнэс разгарнуць, нават калі ўсё зьменіцца. У Беларусі будзе заняпад найбліжэйшым часам, нам будзе занадта складана зноў мяняць лякацыю. Разьлічваем на тое, што мы тут як мінімум надоўга. Мы хочам тут разьвівацца і працаваць. Нядаўна мы езьдзілі на найбуйнейшую ў Эўропе тэкстыльную выставу, пазнаёміліся з новымі партнэрамі. Плянуем працаваць ня толькі на Польшчу, але і іншыя краіны Эўразьвязу. Нашыя паслугі тут запатрабаваныя, галоўнае — дастукацца. Пэрспэктывы ёсьць, безумоўна».
Пакуль Дзьмітрыю і Алене дапамагае сын. Дадаткова сям’я плянуе набіраць супрацоўнікаў, патрэбны будуць швачкі.