Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Важна падтрымліваць беларускасьць». Як у Варшаве адзначаць Дзень роднай мовы


«Беларуская дыктоўка» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы пройдзе ў Варшаве
«Беларуская дыктоўка» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы пройдзе ў Варшаве

Даведаліся падрабязнасьці ў аднаго з арганізатараў дыктоўкі ў Варшаве, кіраўніка Беларускага моладзевага хабу Алеся Лапко.

Увечары 21 лютага катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту разам зь Беларускім моладзевым хабам і Беларускім домам у Варшаве правядзе артаграфічны конкурс «Беларуская дыктоўка» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Тэкст дыктоўкі будзе чытаць Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні.

«Беларуская дыктоўка» існавала і раней, але, можа, была менш вядомая, бо і менш беларусаў было ў Польшчы. Сёлета мы вырашылі надаць тэме дыктоўкі больш шырокі розгалас, каб удзел бралі ня толькі студэнты, іншаземцы, але і беларусы ў Варшаве, у іншых гарадах. Будзе зроблена трансьляцыя дыктоўкі для тых, хто ня зможа фізычна прыйсьці на дыктоўку ў Варшаве«, — кажа Алесь Лапко, кіраўнік Беларускага моладзевага хабу.

На сёлетнюю дыктоўку заяўкі падалі больш за 100 чалавек, кажа Алесь. Далучыцца да яе можна онлайн. Пачатак прызначаны на 17:30 паводле варшаўскага часу (19:30 паводле беларускага).

«На дыктоўцы будуць прадстаўнікі Варшаўскага ўнівэрсытэту, прыедзе прачытаць лекцыю пра беларускую мову прафэсарка з Любліна, якая даўно займаецца ў Польшчы вывучэньнем беларускай мовы як замежнай і выкладаньнем яе. Былі прапановы з нашага боку зрабіць больш шырока, фэстывальнага кшталту само мерапрыемства, але на жаль, ёсьць абмежаваньні самога ўнівэрсытэту, бо ў час дыктоўкі праходзяць заняткі і вельмі гучнага міні-канцэрту не атрымаецца. З другога боку, таксама будзе такі больш акадэмічны настрой, бо гэта акадэмічнае спаборніцтва ў пэўным сэнсе».

У гэты ж вечар 21 лютага ў Беларускім моладзевым хабе пройдзе беларускамоўны стэндап.

«Нашым стэндаперам самім цікава падтрымаць беларускую мову ў гэты дзень сваімі выступамі. Яны прапанавалі накіраваць зборы за квіткі на дабрачыннасьць, на падтрымку беларускіх палітвязьняў, на ініцыятыву „Лісты палітвязьням“, якая кожную сераду ў Беларускім моладзевым хабе зьбіраецца для таго, каб разам беларусы маглі пісаць лісты. З аднаго боку, гэта сымбалічны крок, а з другога — гэта клюб беларусаў, які зьбіраецца на агульнай тэме памяці і падтрымкі палітвязьняў наладжваць нейкія новыя сувязі, кантакты для таго, каб нешта рабіць».

«Маладыя беларусы хочуць, каб іх дзеці вучылі беларускую мову»

Алесь кажа, што цікавасьць да беларускай мовы ў беларусаў за апошнія некалькі гадоў павялічылася.

«Я штодня сустракаюся з людзьмі, якія н ятак даўно пераехалі з Беларусі зь дзецьмі. Яны прыходзяць у хаб і пытаюцца, дзе можна дзецям вывучаць беларускую мову. Бо дома бацькі расейскамоўныя, дзеці ў садок ці школу ходзяць у ангельскамоўную, польскамоўную, расейскамоўную. Маладыя беларусы, якія самі ня ведаюць беларускай мовы, сьвядома хочуць, каб іх дзеці вучылі беларускую мову, каб яны заставаліся беларусамі за мяжой. Я думаю, шмат у каго прыйшло разуменьне таго, што беларуская мова — гэта адзін з тых чыньнікаў, які нас як нацыю адрозьнівае ад іншых, яднае беларусаў паміж сабой, акумулюе нашу агульную энэргію для нейкай супрацы».

Алесь дадае, што нават расейскамоўныя людзі, калі камунікуюць з беларускамоўнымі ў хабе, пераходзяць на беларускую мову.


«Людзі кажуць, што нідзе і ніколі сябе так не адчувалі беларусамі, як за мяжой. Важна падтрымліваць беларускасьць — мову, культуру, нейкія нашыя агульныя звычкі, бэкграўнд, веды, якія заўсёды з намі. Важна гэта падтрымліваць, асабліва калі ёсьць пагроза з усходу, ад Расеі, якая ня можа нічога прапанаваць Беларусі, акрамя „русского мира“, які прыходзіць з расейскай мовай і з навязваньнем расейскай культуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG