Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы верым, што нашы дзеці вернуцца ў Беларусь». У Варшаве ствараецца беларуская онлайн-школа


Алесь Лозка, старшыня ліквідаванага летась у Беларусі «Таварыства беларускай школы»
Алесь Лозка, старшыня ліквідаванага летась у Беларусі «Таварыства беларускай школы»

Шмат беларускіх дзетак, якія з розных прычын апынуліся з бацькамі ў эміграцыі і пайшлі ў польскія школы, ня маюць магчымасьці вывучаць беларускую мову, літаратуру, гісторыю. І пры вяртаньні ў Беларусь сутыкнуцца зь цяжкасьцямі.

Пагаварылі са старшынём ліквідаванага летась у Беларусі «Таварыства беларускай школы» Алесем Лозкам, які выступіў з прыватнай ініцыятывай дапамагчы дзецям у вывучэньні беларусістыкі.

«Мы верым, што нашы дзеці вернуцца ў Беларусь»

З прычыны несумяшчальнасьці адукацыйных праграм, моўнага бар’еру, іншых жыцьцёвых перашкод дзеці пры пераезьдзе бацькоў сутыкаюцца ў іншамоўнай школе з шэрагам праблем, кажа аўтар праекту «Беларуская школа ў Варшаве» Алесь Лозка.

«Па-першае, няма беларускага цыклю прадметаў (беларуская мова, літаратура, гісторыя, культура). Па-другое, часьцяком бацькі прымаюць рашэньне, каб дзіця хутчэй адаптавалася, аддаць яго на клясу ніжэй за тую, у якой яно вучылася ў Беларусі, і дзеці фактычна губляюць год. У Польшчы ў сярэдняй школе вучацца 12 гадоў, у Беларусі — 11.

Таму мы вырашылі дапамагчы ў гэтай адаптацыі і ствараем онлайн-школу. Бо запісваюцца дзеці ня толькі зь іншых гарадоў Польшчы, а нават і зь Беларусі. Але, што тычыцца асабліва 1–4 клясаў, будзем старацца як мага часьцей ладзіць сустрэчы і офлайн», — тлумачыць Алесь Лозка.

Такім чынам, будуць ладзіцца дадатковыя заняткі — кансультацыі (3 дні на тыдзень па 2 урокі) да польскай школьнай праграмы па беларускай і расейскай мове і літаратуры, па гісторыі і геаграфіі Беларусі, па ўсясьветнай і айчыннай мастацкай культуры, культуры Беларусі.

Галоўная мэта — каб дзіця, якое навучаецца за мяжой, не адставала ад праграмы беларускай школы і магло, здаўшы іспыты экстэрнам, атрымаць беларускі атэстат.

«Мы верым, што дзеці вернуцца ў Беларусь. А пасьля польскай школы ім скажуць: „А вы ж не вывучалі ні беларускую мову, ні літаратуру, ні гісторыю Беларусі“. І ім зноў давядзецца наганяць. Таму школа будзе выдаваць уласныя пасьведчаньні, ведамасьці з адзнакамі».

Навучаньне ў школе будзе цалкам бясплатнае

Школа яшчэ не рабіла рэклямнай кампаніі, а ўжо папярэдне далі згоду вучыцца 60 чалавек. У кожнай групе будзе да 10 чалавек.

З улікам пажаданьняў бацькоў арганізуецца 6 кляса-камплектаў: 1–4 клясы, дзе будзе вывучацца ў онлайн і офлайн-формах беларуская мова і літаратура; 5-11 клясы ў форме онлайн — вывучэньне прадметаў беларускага кампанэнта (мова і літаратура, гісторыя і геаграфія Беларусі, усясьветная і айчынная культура, будзе асобная праграма па ўдасканаленьні беларускай мовы).

«Ёсьць пытаньне з расейскай мовай. Некаторыя ня хочуць яе вывучаць прынцыпова. Гэта будзе залежаць ад бацькоў — няхай яны вырашаюць. Так што мы закладаем і расейскую мову, але па жаданьні. Гэта не абавязковы прадмет», — тлумачыць Алесь Лозка.

Абавязкова прадугледжваецца некалькі офлайн-сустрэч пэдагогаў з навучэнцамі.

Таксама будзе праводзіцца набор у асобныя мастацкія гурткі і студыі: харэаграфічныя, сьпеўныя. Заняткі будуць праводзіцца офлайн у Беларускім моладзевым хабе.

«Дарэчы, ёсьць партнэры, якія бясплатна дазваляюць скарыстаць свае пляцоўкі: той жа Моладзевы хаб, Музэй вольнай Беларусі і іншыя.

Хачу засяродзіць увагу бацькоў: навучаньне ў нашай школе будзе цалкам бясплатнае», — дадае Алесь Лозка.

Алесь Лозка
Алесь Лозка

На 15 настаўніцкіх вакансій прэтэндуюць каля 100 чалавек

У Беларускай школе ў Варшаве будуць выкладаць найлепшыя пэдагогі, запэўнівае Алесь Лозка.

«Настаўнікі выпадкова даведаліся, што ўтвараецца такая школа, і літаральна на наступны дзень мяне завалілі заявамі. Прыйшло каля 100 заяваў! А мы можам узяць да 15 пэдагогаў, і то толькі на пагадзінную аплату. Мы думалі, што абыдземся настаўнікамі, якія знаходзяцца ў Польшчы. А да нас прыйшлі прапановы зь Нямеччыны, Швэцыі, Сэрбіі, зь Беларусі. Гэта вопытныя пэдагогі, настаўнікі-мэтадысты. Сярод іх 15 кандыдатаў навук, ёсьць нават дактары навук.

Так што ня ўсіх задаволім. Некаторых возьмем у рэзэрву», — кажа Алесь Лозка.

22 жніўня ў Моладзевым хабе будзе конкурсны адбор настаўнікаў у Беларускую школу. А 3 верасьня адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцьця Беларускай школы ў Варшаве.

У адукацыйных мэтах ствараецца сайт «Беларуская школа ў Варшаве» (БШВ), дзе можна будзе знаёміцца з адукацыйнымі і асьветнымі навінамі, дзейнасьцю БШВ, абвесткамі, даведацца пра заданьні настаўнікаў, прагледзець ці спампаваць электронны падручнік, дапаможнік для заняткаў.

Анкету для ахвотных трапіць у Беларускую школу ў Варшаве можна знайсьці тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG