СМІ расказалі, што Байдэну прапаноўвалі некалькі варыянтаў, дзе ён мог бы сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім, піша Rolling Stone са спасылкай на неназванага высокапастаўленага чыноўніка Белага дома.
У якасьці месца сустрэчы Байдэна і Зяленскага, паводле зьвестак выданьня, разглядаліся два варыянты: польска-ўкраінская мяжа (дакладнае месца ня ўказваецца) і Львоў, які лічыцца адносна бясьпечным.
Але ўрэшце, як сьцьвярджае выданьне, прэзыдэнт ЗША вырашыў выбраць Кіеў, горад, які, паводле яго слоў, «зьяўляецца сымбалем рашучасьці Ўкраіны пасьля таго, як расейскія войскі паспрабавалі і не змаглі захапіць яго ў пачатку поўнамаштабнай вайны мінулага году».
Падрыхтоўка візыту Байдэна ва ўкраінскую сталіцу ішла каля тыдня, паведамляе Politico са спасылкай на крыніцу ва ўкраінскім урадзе. Па словах суразмоўцы выданьня, паездку падрыхтавалі «ў вельмі кароткія тэрміны», «з захаваньнем строгай сакрэтнасьці» праз каналы сувязі кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэя Ермака і міністра замежных спраў Дзьмітра Кулебы.
Тэлеканал CNN паведаміў, што самалёт Байдэна Air Force One вылецеў з базы Эндрус у Мэрылэндзе «пад покрывам цемры» — у 4:14 раніцы нядзелі па паўночнаамэрыканскім усходнім часе. Амэрыканскім журналістам, якія суправаджалі прэзыдэнта, не дазволілі ўзяць з сабой на борт самалёта запісвальныя прылады.
Па інфармацыі The New York Times, самалёт Байдэна прызямліўся ў Польшчы, і ўжо адтуль на цягніку прэзыдэнт ЗША накіраваўся ў Кіеў. У сталіцы Ўкраіны ён прабыў некалькі гадзін і ўжо днём 20 лютага зьехаў.
Намесьнік сакратара Рады бясьпекі РФ Дзьмітры Мядзьведзеў напісаў у тэлеграм-канале ў панядзелак, што Байдэн «папярэдне атрымаў гарантыі бясьпекі» перад паездкай у Кіеў. Пасьля гэтага Белы дом пацьвердзіў, што ўлады ЗША незадоўга да паездкі прэзыдэнта зьвязваліся з Расеяй, «каб пазьбегнуць магчымых канфліктных сытуацый».
«Мы паінфармавалі Расею пра тое, што прэзыдэнт Байдэн адправіцца ў Кіеў, за некалькі гадзін да адпраўленьня ў мэтах пазьбяганьня канфліктнай сытуацыі», — сказаў дарадца Байдэна па бясьпецы Джэйк Саліван, які таксама быў у Кіеве: яго словы прыводзіць CNN.
Аднак падчас візыту Байдэна ў Кіеў на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны была абвешчаная паветраная трывога — пасьля таго як Расея падняла ў паветра з аэрадрома ў Беларусі зьнішчальнік з ракетамі.
У Кіеве Байдэн сустрэўся зь Зяленскім. Падчас сустрэчы амэрыканскі прэзыдэнт заявіў пра новыя пастаўкі «крытычна важнага абсталяваньня», у тым ліку артылерыйскіх боепрыпасаў, супрацьтанкавых сыстэмаў і сродкаў СПА, а таксама пра санкцыі супраць асобаў і кампаній, якія спрабуюць ухіліцца або падтрымаць расейскую абаронную прамысловасьць.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.