Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На чыгуначным пэроне пачуў крык: „Тата!“». Былы палітвязень зь віруснага відэа расказаў, як узьяднаўся зь сям’ёй у Італіі


Віталь Жук зь сям'ёй у Італіі, люты 2023
Віталь Жук зь сям'ёй у Італіі, люты 2023

«Я хачу выказаць падзяку фондам, якія нам дапамагалі, неабыякавым беларусам. Нашай сям’і дапамога ішла адусюль! Цяпер будзем уладкоўвацца ў Італіі». Былы палітвязень Віталь Жук узьяднаўся зь сям’ёй у Італіі.

Віталь Жук адбыў паўтара года ў калёніі за «абразу Лукашэнкі». Жук сьцьвярджае, што пасьля вызваленьня пачуў пагрозы ад мясцовых міліцыянтаў: «Пасадзім цябе і жонку». Сям’я тэрмінова пакінула Беларусь. Жонка зь дзецьмі паехала ў Польшчу, Віталь — у Грузію. Цяпер яны ўзьядналіся ў Італіі.

«З жонкай і дзецьмі пасьля вызваленьня прабыў толькі пяць дзён»

У Віталя і ягонай жонкі Маргарыты Касабуцкай чацьвёра малых дзяцей. Старэйшай Аляксандры 11 гадоў, Арцёму — 7, Насьці — 6, Марыі 3 гады.

Віталь адбыў паўтара года ў калёніі за «абразу Лукашэнкі». Расказвае, што пасьля вызваленьня і вяртаньня ў родную Кобрынь ён пачуў пагрозы ад мясцовых міліцыянтаў.

«Пагражалі зноў пасадзіць мяне, ды яшчэ і жонку. Казалі, што „мы ведаем, дзе і што яна піша“. Прычым, пакуль я сядзеў, у жонкі ня раз былі вобшукі. Выйшла так, што я вызваліўся 17 сьнежня, а 22 сьнежня мы тэрмінова пакінулі Беларусь», — кажа Віталь.

Жонка зь дзецьмі выехала ў Польшчу. Віталь ня меў візы, таму пры падтрымцы фонду BySol паехаў па «вялікім коле»: Расея, Армэнія, Грузія. Там чакаў візу ў Польшчу.

Віталь Жук зь дзецьмі
Віталь Жук зь дзецьмі

«Людзі з BySol (ня думаю, што магу называць іх імёны) былі са мной на сувязі 24 гадзіны на дзень. Кожны мой крок быў зь іхнай дапамогай. Прычым у Маскве ў мяне быў стрэс, напала нейкая дэпрэсія ад гэтай сытуацыі, і яны дапамагалі мне і псыхалягічна», — успамінае былы палітвязень.

Ён прабыў суткі ў Ерэване і выехаў у Тбілісі. «Усімі маніпуляцыямі, усімі перамяшчэньнямі, рэзэрваваньнем квіткоў займаўся BySol. За гэта я вельмі ўдзячны. Прычым літаральна сёньня даведаўся, што я не адзін такі. Майму знаёмаму, які таксама адбыў пакараньне, яны аналягічна дапамагалі», — кажа Віталь.

«Беларус завёў мяне на рынак і купіў усе неабходныя прадукты»

Пераезд за мяжу для Віталя і сям’і быў раптоўны, непадрыхтаваны. Віталь кажа, што сродкаў на руках у іх практычна не было. «Але на ўсім шляху я сустракаў дапамогу. Яна ішла проста адусюль. Мне і жонцы дапамагалі «Дысыдэнты», фонд «Страна для жизни» ды і звычайныя беларусы. У Тбілісі я застаўся бяз сродкаў, ня было нават чым заплаціць за гостэл. Мне прыйшлі на дапамогу беларусы. Адзін даў мне прытулак, каб я ў яго мог пажыць. Другі завёў мяне на рынак і купіў усе неабходныя прадукты», — кажа Віталь.

Віталь Жук зь дзецьмі
Віталь Жук зь дзецьмі

Тым часам ягоная жонка зь дзецьмі жыла пад Варшавай. Віталь кажа, што і там сям’я знайшла падтрымку як ад беларусаў, так і ад фондаў. Жанчыну паклікала да сябе беларуска Юлія Юхно, якая жыве ў Італіі і зьяўляецца прадстаўніцай «Народнай амбасады».

«Калі я яшчэ сядзеў у калёніі, менавіта Юлія дапамагала маёй сям’і. Яна арганізавала для жонкі і дзяцей адпачынак у Італіі. І цяпер яна наш «анёл-ахоўнік» і ва ўсім нам дапамагае», — кажа былы зьняволены.

«Было шмат эмоцый, стрэсу, хваляваньня»

З Тбілісі Віталь вылецеў у Малдову, адтуль — у Італію, дзе яго ўжо чакала сям’я. «Мы сустрэліся ў італьянскім горадзе Прата. На пэроне чыгуначнага вакзалу было шумна, усе вакол размаўлялі на італьянскай мове. Я спачатку ня ўбачыў дзяцей і жонку, але пачуў крык: „Тата!“. Сустрэча была вельмі эмацыйная. Мы ня бачыліся са сьнежня (Віталь вызваліўся 17 сьнежня 2022 году. — РС). І эмоцыі, і стрэс, і нейкі ступар напаў. Бо жыў жа я думкамі: „Убачымся мы зноў ці не, вырвемся ці не?“. Было столькі хваляваньняў у мяне і ў іх. Але ўрэшце ўсё атрымалася», — зазначыў Віталь.

Віталь Жук са сваім дзіцём
Віталь Жук са сваім дзіцём

У Прата імі апякуецца беларуская актывістка Юлія Юхно, якая прадстаўляе «Народную амбасаду». «Яна літаральна водзіць нас за руку. І перакладае для нас, і дапамагае з дакумэнтамі, легалізацыяй, пошукам жытла. Мы падаліся, дзякуючы ёй, на ўцякацтва. Гэта неймаверна, што ёсьць такія людзі. Як бы нам было цяжка ў чужой краіне, бязь веданьня мовы, каб не было такіх людзей», — кажа былы вязень.

Апроч беларускі, дапамагаць сям’і вызваліся ўлады гораду Прата і мясцовыя прафсаюзы.

«Цяпер афармляем розныя дакумэнты і будзем неяк тут наладжваць жыцьцё», — дадаў Віталь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG