Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень расказаў пра шэсьць месяцаў у лячэбна-працоўным прафілякторыі. Сьцьвярджае, што там рабілі прадукцыю для краін ЭЗ


Віталь Жук зь дзіцём
Віталь Жук зь дзіцём

Былы палітвязень Віталь Жук прайшоў ня толькі калёнію, але і лячэбна-працоўны прафілякторый (ЛПП). Ён падзяліўся са Свабодай асаблівасьцямі лячэньня алькагалізму ў ЛПП і іншымі назіраньнямі.

«Напісаў скаргу на міліцыянтаў, і на мяне пачалося паляваньне»

Жыхар Кобрыні Віталь Жук паказвае дакумэнты і сьцьвярджае, што аніякіх падстаў зьмяшчаць яго ў лячэбна-працоўны прафілякторый у міліцыі не было. У адным з дакумэнтаў напісана, што ён накіроўваецца ў ЛПП для ізаляцыі і «сацыяльнай рэінтэграцыі».

«Быў даўні канфлікт зь мясцовай міліцыяй. Я напісаў на іх скаргі за фальшывы пратакол. Яны пачалі „паляваньне“ на мяне. Скласьці на чалавека тры адміністрацыйныя пратаколы вельмі лёгка. За мной сачылі, калі я быў на дні нараджэньня ў сябра і калі вяртаўся з Дня гораду. Прычым другі раз мяне затрымлівалі тыя ж міліцыянты, на якіх я скардзіўся. Плюс паўплываў мой удзел у палітычных падзеях у 2020 годзе. Гэты 2020 год даў поўны карт-блянш міліцыянтам. Так у 2021 годзе я апынуўся ў прафілякторыі», — кажа Віталь.

Ён сьцьвярджае, што кожны ўчастковы мае «плян» на колькасьць людзей, якіх трэба зьмясьціць у ЛПП. «Я размаўляў з супрацоўнікамі міліцыі. Яны маюць як нормы па затрыманьнях, складзеных пратаколах, так і па колькасьці тых, каго ім трэба накіраваць у ЛПП. Таму што калі нікога не накіруеш — ты благі ўчастковы, не даеш рады абавязкам. Таму ў прафілякторыі хапае і тых, хто трапіў туды праз два пратаколы. Нават такія, хто пераходзіў дарогу няправільна», — кажа беларус.

«У ЛПП было нават горш, чым у калёніі»

Віталь расказвае, што трапіў у ЛПП у лютым 2021 году. Ён мусіў там адбыць год. «Але, забягаючы наперад, скажу, што адбыў там шэсьць з паловай месяцаў. Бо так надакучыў начальніку ЛПП, што ён папрасіў міліцыянтаў прыбраць мяне з прафілякторыя. Бо я „ўсюды сунуў нос“, пісаў скаргі, адстойваў свае правы», — тлумачыць былы палітвязень.

У прафілякторыі, расказвае Віталь, яго адразу зьмясьцілі ў карантын.

«Адметнасьць яго ў тым, што там было вельмі холадна. Я ніводнага разу ня зьняў зь сябе куртку, у ёй і спаў. Я праўда ня ведаю, для чаго прыдуманы карантын. Можа, каб зламаць волю чалавека. Бо супрацоўнікі так „рыхтавалі“ нас у карантыне да ЛПП: „Вы малпы, вы жывёлы, вы ніхто! Вы кончаныя, мы вас тут зьнішчым, вы нікому не патрэбныя! Паглядзіце на сябе ў люстэрка!“. Такія абразы былі штодзень», — кажа Віталь.

Ён кажа, што ані ў карантыне, ані пазьней у атрадзе не было цёплай вады, з крана ішла толькі халодная. Пры гэтым ахова і адміністрацыя заўсёды патрабавала ад зьняволеных быць паголенымі.

У сталоўцы ЛПП Віталя ўразіў посуд і адсутнасьць гігіены. «Посуд стары, алюмініевы ў сталоўку прыносілі ў брудных мяшках ад бульбы. Пасьля яды ты мусіў памыць яго пад той ледзяной вадой і потым пабоўтаць міску ў чане з хлёркай. Тады посуд зноў скідалі ў той брудны мяшок і выдавалі на наступны прыём ежы. Міскі былі брудныя, тлустыя. Агідна было браць іх у рукі», — кажа Віталь.

Ён дадае, што харчаваньне ў ЛПП было «ніякае». «Нейкія кшталту кашы, ці бульбяное пюрэ на вадзе, суп з капусты, дзе плавае ня мяса, а нейкія пражылкі, як ніткі. Ты нават ня ведаеш, з каго тое мяса. Праўда, калі былі праверкі, то ў сталоўцы паставілі вагу і ў порцыю ежы паклалі нават кавалак сапраўднай ялавічыны. Але пасьля праверкі прыбралі гэта ўсё», — кажа Віталь.

«Псыхоляг пытаўся ў мяне: „Што цябе не задавальняе ў краіне?“»

Віталь настойвае, што лячэньня як алькагалізму, так і іншых хваробаў у прафілякторыі няма.

«Са мной размаўляў псыхоляг. Так званы. Паўтары гадзіны ён мне даводзіў, што ва ўсіх рэвалюцыях удзельнічаюць толькі наркаманы, прастытуткі і алькаголікі. Як і казаў Лукашэнка ў 2020 годзе. Ён усё пытаўся: „Чым табе наша краіна не падабаецца? Чым табе не падабаецца наша бясплатная мэдыцына, адукацыя?“. Справа ў тым, што той псыхоляг — былы супрацоўнік ЛПП. Там усе павязаныя паміж сабой. Працуюць дынастыямі, маці, брат, сястра, кум», — кажа беларус.

Віталь таксама кажа, што з мэдычнай дапамогай у ЛПП «усё вельмі сумна». Былы палітвязень расказвае, як у прафілякторый прывезьлі чалавека, які скардзіўся на хворае сэрца.

«Толькі яго перавялі з карантыну ў атрад, як ён памёр. Проста лёг спаць і не прачнуўся. Прывезьлі чалавека, у якога акурат перад тым, як трапіць у ЛПП, была апэрацыя — адрэзалі палец на назе. Яго ў прафілякторыі ніхто не лячыў, ён хадзіў на працу, скардзіўся на моцны боль. Ніхто не зьвяртаў увагі. Калі ўжо ня мог хадзіць на прамысловую зону — яму далі мыліцы і загадалі хадзіць на мыліцах на працу. Вынік — гангрэна. Яго па-хуткаму «выпісалі», — расказвае Віталь Жук.

Ён сьцьвярджае, што пасьля правядзеньня якога-небудзь мэдычнага дасьледаваньня галоўны лекар ЛПП дапісвае ў заключэньні: «На падставе алькагольнай залежнасьці». «Гэта значыць, што б у цябе ні знайшлі — ціск, хворае сэрца, ныркі, яшчэ што — усё будзе ад алькаголю», — удакладняе былы палітвязень.

Віталь Жук дадае, што чуў пра выпадкі сьмерцяў і самагубстваў, якія адбываліся ў ЛПП. «Пры мне было ня менш за пяць спробаў. Некаторых вынялі зь пятлі, іншых не пасьпелі», — расказвае Віталь.

Начальнік ЛПП Мікалай Мароз
Начальнік ЛПП Мікалай Мароз

«Зараблялі там ад сарака капеек да сямі рублёў»

Як кажа былы палітзьняволены, асноўны занятак вязьняў ЛПП — дрэваапрацоўка. Віталь кажа, што займаўся ў прафілякторыі расьсьледаваньнем. Высьвятляў, каму ідуць заробленыя грошы. Сам Жук за месяц працы ў ЛПП атрымаў 30 рублёў.

«Але гэта было да таго, як вылічылі за камунальныя і гэтак далей. На рукі выходзіла недзе 5–7 рублёў. Іншыя маглі атрымаць і сорак капеек, і адзін рубель за працу», — кажа Віталь.

Па яго словах, у прафілякторыі вырабляюць драўляныя скрынкі, кошыкі і паддоны. Паміж зьняволенымі ў прафілякторыі ходзяць размовы пра магчымую датычнасьць адміністрацыі да бізнэсу па іх продажы, у тым ліку ў краіны Эўразьвязу.

«Я шмат з кім размаўляў і шмат чаго там бачыў. Расказваюць, што да 2020 году на тэрыторыю ЛПП прыяжджалі фуры на польскіх і літоўскіх нумарах. Пасьля 2020 ужо былі толькі на беларускіх. Наколькі ведаю, яны вывозілі прадукцыю дрэваапрацоўкі на прадпрыемства „Іўедрэў“ (прыватная кампанія, якая займаецца дрэваапрацоўкай. — РС), што ў вёсцы Старчаняты Івейскага раёну», — расказвае Віталь.

Ён сьцьвярджае, што паддоны пасьля вывазу з ЛПП праходзілі апрацоўку, атрымлівалі польскі штамп і затым перапрадаваліся як польская прадукцыя ў краіны Скандынавіі.

«Плялі там і кошыкі, якія таксама ішлі як прадукцыя польскай фірмы. Рабілі скрынкі для яблыкаў. Гэтыя скрынкі ішлі на Расею. Але справа ў тым, што тыя драўляныя скрынкі хутка чарнелі, гнілі. Таму кіраўніцтва прыдумала трук: зьмяшчаць іх у нейкую вадкасьць, ад якой яны бялелі. Але людзі, калі сунулі тыя скрынкі ў вадкасьць, моцна апякалі рукі. Гэта была нейкая кіслата», — кажа Віталь.

Былы палітвязень кажа, што з размоваў з «пацыентамі» прафілякторыя і кіроўцамі машын, якія вывозілі з ЛПП вырабленае, вынікала, што частка прадукцыі праз Польшчу трапляла ў Нямеччыну і далей у іншыя краіны ЭЗ.

«Драўніна пэўных памераў ішла на Латвію і адтуль на Вялікую Брытанію. Паддоны перараблялі і адпраўлялі для вытворчасьці мэблі ў краінах Скандынавіі… Было такое, што нармальную драўніну перапрацоўвалі, вельмі хутка, на трэскі, і вельмі хутка вывозілі ў невядомым кірунку. Можа, каб схаваць сьляды перад магчымымі праверкамі», — дадаў суразмоўца.

Віталь Жук таксама кажа, што самая чорная і цяжкая праца ў ЛПП — вытворчасьць драўніннага вугалю.

«Там стаяць вялізныя такія бочкі, дзе выпальваецца вугаль. Людзі туды мусяць лезьці, выбіраць адтуль вугаль і чысьціць тыя бочкі. Людзі потым ходзяць самі чорныя, мурзатыя. Бо лазьня раз на тыдзень, а ледзяная вада ў кране не адмые такую сажу, бруд. Што там зь лёгкімі ў такіх людзей — нават страшна ўявіць», — кажа беларус.

Былы палітвязень сьцьвярджае, што заўважыў, як такі вугаль грузяць у мяшкі з надпісамі на францускай мове.

«Я меў сувязь з жонкай, на спатканьнях, празь лісты, якія дасылаў на волю. Я выпісаў сайт той францускай кампаніі і штрых-код. Яна ўсё праверыла. Тая француская кампанія займалася акурат вытворчасьцю вугалю. Я гэта расказаў і адвакатцы, якая наведвала мяне ў ЛПП. Потым пачаўся шум у ЛПП, тыя мяшкі з надпісамі на францускай зьніклі і зьявіліся звычайныя мяшкі», — сьцьвярджае Віталь Жук.

На сайце францускай фірмы, пра якую расказвае былы «пацыент» ЛПП, сапраўды можна набыць драўнінны вугаль. Краінай яго паходжаньня названая Расея.

«Супрацоўнік сказаў, што мяне могуць знайсьці на ялінцы павешаным»

Віталь Жук дадае, што ў ЛПП да яго аднойчы прыехаў супрацоўнік упраўленьня асабістай бясьпекі МУС з Горадні. «Я быў тады наіўны. Пачаў распавядаць пра тое, што робіцца ў ЛПП. А ён мне сказаў, што ўсё гэта робіцца з дазволу вышэйшага начальства. І дадаў, што я хаджу па лязу і калі яшчэ буду лезьці ў чужыя справы, то мяне знойдуць на ялінцы. Павешаным. І ён паказаў на дрэвы за вакном», — кажа былы палітвязень.

Жук дадае, што расказаў міліцыянту пра лісты з апісаньнем сытуацыі ў ЛПП, якія перадаў на волю. «Бо я актыўна пісаў скаргі, дапамагаў іншым „выхаванцам“ прафілякторыю. Перадаваў іх часам праз жонку, як і лісты, дзе апісваў побыт у ЛПП. І вось неяк жонку з малой дачкой, ёй тады было паўтары гады, затрымалі ў ЛПП і не выпускалі. Бо знайшлі ў яе скаргі ад мяне. Яе чатыры гадзіны трымалі ва ўнутраным дворыку, пагражалі, але ім удалося вырваць у яе тыя скаргі», — кажа Віталь.

Былы палітвязень сьцьвярджае, што ў выніку пасьля шасьці месяцаў у ЛПП яго асудзілі па крымінальнай справе за абразу Лукашэнкі, узбуджанай раней. У прафілякторый ён больш не вярнуўся, пакараньне адбываў у калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG