Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля вызваленьня я не адчуў сябе свабодным». Гутарка з былым палітвязьнем пра зьдзекі ў калёніі


Віталь Жук пасьля вызваленьня на фоне гор у Грузіі
Віталь Жук пасьля вызваленьня на фоне гор у Грузіі

Жыхар Кобрыні Віталь Жук у 2020 годзе напісаў у сацыяльнай сетцы эмацыйны зварот да Лукашэнкі. Пасьля гэтага ён трапіў у калёнію, а там у ШЫЗА і ПКТ. Пра зьдзекі з «палітычных» у беларускай зоне — у матэрыяле Свабоды.

«Падпалкоўнік міліцыі сказаў: «Калі маё прозьвішча недзе ўсплыве, мы цябе закапаем»

У 2020 годзе Віталь Жук жыў у Кобрыні, працаваў, гадаваў з жонкай чацьвярых дзяцей. Ён кажа, што быў абураны жорсткасьцю мясцовых міліцыянтаў. «9 жніўня яны схілілі перад намі шчыты. 10 жніўня да іх прыехала «падтрымка» зь Менску, і яны пачалі «зачышчаць» нас. Праявілі сябе ва ўсёй красе. Я быў вельмі абураны. Напісаў эмацыйны пост на старонцы «ВКонтакте». Пазьней за яго і атрымаў крымінальную справу як за «абразу Лукашэнкі», — успамінае былы вязень.

Віталь Жук кажа, што мясцовыя міліцыянты арганізавалі на яго «сапраўднае паляваньне».

«Тэлефанавалі ўвесь час, шукалі мяне, прыходзілі дахаты. Я мусіў хавацца. Яны спрабавалі мяне падмануць па тэлефоне, неяк выбавіць. Казалі, што проста хочуць паразмаўляць, што пытаньні да мяне пра палітыку, а наконт нейкага аўтамабіля на маім сэрвісе (я працаваў мэханікам). У выніку я паехаў у Менск, там уладкаваўся на працу. Яны ўсё мяне шукалі, хадзілі да жонкі пэрыядычна, ператрусы рабілі. У лютым 2021 году яны неяк мяне вылічылі і схапілі ў Менску. Гэта былі нашыя, кобрынскія міліцыянты. Намесьнік начальніка кобрынскай міліцыі Аляксандр Касяк сказаў мне: «Калі маё прозьвішча недзе зьявіцца — мы цябе закапаем», — дадаў былы палітвязень.

Віталь Жук зь дзецьмі да затрыманьня
Віталь Жук зь дзецьмі да затрыманьня

«У карантыне мяне сустрэлі асуджаныя „актывісты“, якія ходзяць з чырвонымі павязкамі на рукаве, як паліцаі»

У судзе Віталь Жук атрымаў паўтара года зьняволеньня за «абразу Лукашэнкі» і трапіў у бабруйскую калёнію (ПК-2).

«На „карантыне“ нас віталі асуджаныя „актывісты“. То бок тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй. Яны носяць на рукаве чырвоныя павязкі. Мне гэта нагадала паліцаяў з фільмаў пра вайну. Загадчык гаспадаркай (такія „пасады“ маюць „актывісты“) сказаў нам: „Вітаю вас у самай чырвонай зоне Беларусі!“. Гэта значыць, што тут няма „блатных паняцьцяў“, усім кіруе адміністрацыя і іхныя „шасьцёркі“. Ён расказаў нам пра парадкі на зоне, і некаторыя новенькія тут жа вырашылі супрацоўнічаць з адміністрацыяй. Іх пахвалілі, далі ім „пасады“. Напрыклад, днявальным пры пакоі для спатканьняў», — кажа былы палітзьняволены.

Віталь Жук у краме
Віталь Жук у краме

Віталь Жук дадае, што «палітычныя» трымаліся асобна ад звычайных асуджаных. Ды і адміністрацыя калёніі сачыла, каб «палітычныя» ня мелі стасункаў з «бытавымі». За такія кантакты асуджаныя маглі трапіць у ШЫЗА.

«Украіна для іх — балючая тэма, за размовы пра вайну атрымаеш ШЫЗА»

Віталь Жук кажа, што парушэньні на палітычных «вешалі» адвольна. Ня так стаяў, сядзеў, не пагаліўся, адмовіўся прыбіраць.

«Калі ты размаўляеш зь іншымі асуджанымі, напрыклад пра падзеі ва Ўкраіне — гэта проста балючая тэма для адміністрацыі. Яны гэтага вельмі баяцца. Таму за такія размовы пойдзеш на ШЫЗА. Расказваюць, што ў жніўні 2020 году ў калёніі быў бунт. Там усе стаялі на вушах. Асуджаныя крычалі, выносілі сталы, пілі гарбату, елі салодкае. Пад сьценамі тады стаяў АМАП. Але кіраўніцтва калёніі зрабіла хітра. Каб яны запусьцілі сюды АМАП, то, вядома ж, начальнік калёніі пазбавіўся бы пасады. За тое, што сам ня мог тут навесьці парадак. Таму адміністрацыя прывезла сюды сваякоў некаторых асуджаных, і тыя іх „супакоілі“. Кіраўніцтва было само ў шоку, што правароніла бунт, таму яны надта баяцца паўтору. Завадатараў пакаралі, перавялі на іншыя калёніі і ў крытую турму», — разважае суразмоўца.

Ён кажа, што навіны пра вайну ва Ўкраіне, перамогі ўкраінскага войска даходзілі да зьняволеных, і гэта «вельмі натхняла».

«Нават звычайных зьняволеных цікавілі навіны з Украіны. Яны глядзелі прапаганду, але і ў іх узьнікалі пытаньні. Бо там шмат людзей думае. Некаторыя сядзяць доўгія тэрміны. Таму маюць пэўныя хобі. Напрыклад, замаўляюць часопісы аб зброі і разьбіраюцца ў гэтым. Бачаць статыстыку нібыта зьнішчанай украінскай тэхнікі і ня вераць. Бачаць, што тут нешта ня сходзіцца», — кажа Віталь Жук.

«Опэр мяне папікаў, што я клапачуся пра сяброў»

Віталь Жук распавядае, што ў калёніі пасябраваў зь іншымі палітычнымі.

«Мы стараліся, як маглі, дапамагаць адзін аднаму, даводзіць інфармацыю да сваякоў. Напрыклад, калі некага пераводзілі ў іншую калёнію ці распачыналі новую справу. Бо адміністрацыя знарок не дае ніякай інфармацыі сваякам. Памятаю такі момант. У мяне быў „пэрсанальны“ опэр — Сяргей Рагузька. Ён усё праводзіў са мной гутаркі і „выхоўваў“ мяне. Ён мяне папікаў, што я клапачуся пра іншых людзей, пра сваіх сяброў. Неяк у мяне быў званок да жонкі. І опэр Рагузька кажа мне перад званком: „Толькі хоць слова скажы жонцы пра сябра твайго — і будзеш маім асабістым ворагам да канца тэрміну“. Я не сказаў, але напісаў жонцы ў лісьце. Не адкрыта, праўда. Каб яна данесла інфармацыю», — кажа былы палітзьняволены.

«Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, яны ўбачылі ў нас яшчэ большую пагрозу»

Паводле Віталя Жука, у калёніі ў 2021-2022 гадах ішла «праца» па напісаньні лістоў на памілаваньне. Адміністрацыя ціснула на вязьняў, каб яны абавязкова пісалі такія лісты.

«Пісалі — не пісалі, але так нікога і не адпусьцілі. Я ня ведаю, для чаго гэта ўсё было. Можа быць, і былі ў іх нейкія пляны. Можа, да нечага і рыхтаваліся. Але я асабіста думаю, што калі пачалася вайна ва Ўкраіне — яны ўбачылі ў нас яшчэ большую пагрозу. Напрыклад, калі б мяне вызвалілі па памілаваньні і я апынуўся б у Кобрыні, то, вядома ж, не сядзеў бы склаўшы рукі. Як мінімум фіксаваў бы вайсковую тэхніку, зьліваў бы інфармацыю. Таму нас, вядома, прасьцей трымаць у зонах — для „іхнай“ бясьпекі», — лічыць былы вязень.

Калі палітвязьні адмаўляліся пісаць лісты на памілаваньне, то іх каралі ШЫЗА ці ПКТ, прыпісвалі ім парушэньні, расказвае былы палітзьняволены. «Мне далі паўтара года. Для чаго я буду пісаць на памілаваньне? Але нікому я не магу нічога раіць. Бо некаторым далі восем гадоў», — дадаў Віталь.

Ён кажа, што нават некаторыя палітычныя супрацоўнічалі з адміністрацыяй.

«Яны праводзілі агітацыю, каб пісалі на памілаваньне. І яшчэ гаварылі такое: «Калі пойдзеш у штаб пісаць на памілаваньне, то скажы, што я цябе накіраваў», — кажа Віталь.

«Адміністрацыя „рупіцца“, каб пэнсіянэры хутчэй паміралі»

Віталь Жук трапляў у штрафны ізалятар (ШЫЗА) і памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ). На ПКТ ён трапіў на пяць месяцаў. Гэта пакараньне для «парушальнікаў рэжыму». У ПКТ можна толькі адну 2-кіляграмовую бандэроль на шэсьць месяцаў, ніякіх спатканьняў ці званкоў, 10 хвілін прагулка раніцай, адзін раз на тыдзень душ.

«У ШЫЗА да цябе могуць закінуць хворых людзей. Ці псыхічна, ці фізычна. Мне „падкінулі“ неяк пэнсіянэра, які па начах бегаў па камэры, здымаў штаны і крычаў, што павесіцца. Другі пэнсіянэр быў адэкватны, але моцна хворы. Прычым на яго ніхто не зьвяртаў увагі. У яго былі хворыя ныркі. А ён ляжаў у ШЫЗА на халоднай падлозе і хадзіў пад сябе. Калі ён быў у непрытомным ужо стане, яго забралі ў мэдыцынскую частку. Але потым вярнулі ў ШЫЗА — каб дабыў тэрмін. Ён мне шмат расказаў пра атрад пэнсіянэраў. Як у іх забіраюць пэнсіі — на бясконцыя нібыта рамонты, тэлевізары, лядоўні. Як адміністрацыя „рупіцца“, каб яны хутчэй паміралі. Бо іх з наступленьнем маразоў выганяюць на вуліцу, адчыняюць вокны, дзьверы, каб яны хварэлі, не аказваюць мэдыцынскай дапамогі. Гэтага пэнсіянэра каралі за тое, што ён пісаў скаргі. Ён перадаваў іх не праз пошту (гэта проста немагчыма). Рабіў праз людзей, якія вызваляліся. А ў пракуратуры ці Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў злаваліся, калі прыходзілі скаргі. У выніку адміністрацыя калёніі карала пэнсіянэра. Ён пасьля ШЫЗА ў хуткім часе і памёр», — прыгадвае Віталь Жук.

«Найлепшы, радасны дзень тыдня — серада, калі ты ідзеш у душ»

Віталь расказвае, што ў памяшканьні камэрнага тыпу вельмі холадна і сыра.

«Гэта цяжка вытрымаць ня толькі фізычна, але і псыхалягічна. Ты прачынаесься і трасесься ад холаду — і засынаеш трасучыся. Я прысядаў, адціскаўся. Ці абхопліваў рукамі трубу ацяпленьня (яна ішла пасярэдзіне сьцяны камэры) і спрабаваў неяк сагрэцца. Так мог стаяць і гадзіну, і дзьве. Нават спрабаваў неяк кнігу прыладзіць, каб чытаць. Яшчэ гучна ўключалі радыё. І вось я абхапіў трубу, калачуся, а па радыё Лукашэнка гаворыць: „Чаго нас Захад папікае парушэньнем правоў чалавека? Мы ніколі не парушалі правоў чалавека“. Я гэта запомніў добра. Я вельмі хацеў выжыць, выйсьці і расказаць людзям, што тут робіцца насамрэч. Мне гэта нават дало сілы», — кажа былы вязень.

Ён лічыць, што памяшканьне ШЫЗА адмыслова зроблена для таго, каб для асуджанага было больш катаваньняў. «Нары на дзень прышчапляюць. Лаўка вельмі вузкая, з мэталічнымі вугалкамі. На ёй цяжка сядзець, мэталічныя вугалкі пераціскаюць ногі. Вэнтыляцыі няма. Сырасьць, цьвіль па ўсё камэры», — кажа былы зьняволены.

Віталь дадае, што «найлепшым, радасным» днём тыдня была серада. Тады вадзілі ў душ, можна было трохі сагрэцца пад гарачай вадой.

Па словах былога палітвязьня, у калёніі ёсьць добрыя кнігі. Ён чытаў Оруэла, Салжаніцына і нават Сьвятлану Алексіевіч.

«Мне дапамаглі вытрымаць гэта ўсё лісты ад жонкі, маці з волі, іхная падтрымка, і дапамаглі кнігі», — кажа Віталь.

«Вызваліўся, але свабодным сябе не адчуў»

Канец тэрміну Віталь сустрэў у ПКТ.

«Перад вызваленьнем, за тыдзень, мяне перавялі ў „лепшую“ камэру. Халодную, але хоць не сырую. Да мяне туды прыбягаў опэр Рагузька. Пытаўся, ці ня маю я прэтэнзій. Маўляў, да мяне ж добра паставіліся, перавялі ў лепшую камэру. Намесьнік начальніка калёніі Харытонаў сказаў мне: „А што ж вы не сказалі нам раней, што ў вас была такая бяда ў камэры, што вам на галаву капала?“. Мне не было чаго сказаць, толькі горка ўсьміхнуцца. Рагузька яшчэ пытаўся: „Вы ж нічога ня будзеце пра нас пісаць?“. За брамай калёніі я ўсё думаў, што вось-вось мяне возьмуць зноў. Адчуваньня свабоды не было абсалютна. Пачуцьцё дыскамфорту і параноі не адпускала. На трэці дзень я мусіў ісьці ў міліцыю, стаць на ўлік. Быў упэўнены, што ня выйду з міліцыі», — кажа Віталь.

Віталь Жук зь дзецьмі пасьля вызваленьня
Віталь Жук зь дзецьмі пасьля вызваленьня

Віталь Жук дадае, што кобрынскія міліцыянты зноў пачалі на яго ціснуць і пагражаць яму.

«Мяне вадзілі па кабінэтах: то ў крымінальны вышук, то да опэра. Завялі і да намесьніка начальніка міліцыі Аляксандра Касяка. Ён мне сказаў так: „Ну што, жучара? Кобрынь — мой горад, я табе ня дам тут смуту наводзіць. Раней нам перашкаджалі некаторыя законныя нюансы. Але цяпер я прыбяру цябе ўсімі законнымі і незаконнымі спосабамі і мне за гэта нічога ня будзе. Ты думаеш, мы ня ведаем, што твая жонка піша ў Telegram? Мы ўсё ведаем. І неўзабаве вы ў мяне тут разам будзеце стаяць. Цябе і тваю сям’ю карміла рука Лукашэнкі, а ты пачаў грызьці гэтую руку“. Я ўжо думаў, што і ня выйду адтуль. Але выйшаў», — кажа былы зьняволены.

Віталь Жук кажа, што жонка, пакуль ён сядзеў, перанесла шмат — вобшукі, пагрозы забраць дзяцей. «Прыходзілі з так званай „апекі“, пагражалі дзяцей забраць. Прыходзілі зь міліцыяй і падклалі ў дзіцячыя цацкі бел-чырвона-белы сьцяг! І на вачах „апекі“ яго нібыта „знайшлі“. На жонку заводзілі адміністрацыйныя справы. Пасьля майго візыту ў міліцыю пасьля вызваленьня мы вырашылі паехаць з краіны», — кажа Віталь.

З дапамогай фонду BySol Віталь Жук пераехаў у Грузію, ягоная жонка і дзеці ў Польшчы. У хуткім часе, плянуе Віталь, яны будуць разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG