Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Міхнік: У Горадні будзе помнік Пачобуту, але перад тым ён павінен пакінуць у турме месца для Лукашэнкі


Адам Міхнік
Адам Міхнік

Польскі дысыдэнт, грамадзкі дзеяч, заснавальнік і галоўны рэдактар буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza Адам Міхнік выказаўся пасьля суровага выраку палітзьняволенаму Анджэю Пачобуту.

Адам Міхнік напісаў у «Газэце Выборчай», што прысуд Пачобуту настолькі ж жорсткі, наколькі і ганебны, параўнаў яго з тымі выракамі, якія выносілі ў нацысцкім рэйху, у прыватнасьці нобэлеўскаму ляўрэату Карлу фон Асецкі, а таксама ў сталінскім СССР, у камуністынай ПНР.

«Гэтае рашэньне — прысуд незалежнаму слову, бо Анджэй Пачобут — аўтар выдатнай кнігі пра Лукашэнку. Гэты прысуд такая ж помста Лукашэнкі Анджэю, як і найлепшая рэцэнзія на кнігу Анджэя пра Лукашэнку.

Анджэй — гераічны і сьмелы чалавек. Гэта, можна сказаць, вольны грамадзянін вольнай Беларусі, таксама ён увасабляе гонар і высакароднасьць даўніх палякаў. У пэўным сэнсе ён ўвасабляе найважнейшыя каштоўнасьці сучаснай Эўропы. Таму ўся Эўропа павінна сёньня стаць побач з Анджэем Пачобутам і робіць усё, каб вырваць яго з лап жорсткіх катаў, годных спадкаемцаў Сталіна і Гітлера».

Міхнік згадаў, што ў Расеі забаронены «Мэмарыял», побач з якім знаходзіўся цэнтар Андрэя Сахарава, помнікі якому да гэтага часу стаяць у многіх гарадах Расеі.

«Таксама ў Горадне будзе помнік Анджэю Пачобуту — я ў гэтым упэўнены. Але перад гэтым ён выйдзе з гэтай турмы, бо павінен пакінуць там вакансію для Аляксандра Лукашэнкі»,— піша Міхнік.

8 лютага журналісту і лідэру польскай нацыянальнай меншасці Беларусі Анджэю Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Працэс над Анджэем Пачобутам праходзіў у Горадзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. Дату пачатку разгляду справы двойчы пераносілі зь невядомых прычын. Яго абвінавацілі сярод інашага ў «закліках да санкцыяў» і «ў зьдзяйсьненьні дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму».

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG