Берасьцейскі аблвыканкам дазволіў фізычным асобам вывозіць у Польшчу тавары для асабістага карыстаньня звыш устаноўленых нормаў. Адпаведны дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У афіцыйным рашэньні мясцовых улад, у прыватнасьці, гаворыцца, што забарона на вываз зь Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Эўразійскага эканамічнага саюзу тавараў для асабістага карыстаньня не распаўсюджваецца на тавары, набытыя фізычнымі асобамі пры вывазе ў Польшчу па 31 сьнежня 2023 году.
Дазвол Берасьцейскага аблвыканкаму набыў моц пасьля афіцыйнага апублікаваньня.
Раней было вядома, што з 15 красавіка 2022 году Савет міністраў абмежаваў вываз мукі, крупаў, цукру, солі, макароны, алею, кансэрваў. Абмежаваньні тлумачылі тым, што ў прыгранічных раёнах фізычныя асобы вывозяць за мяжу бакалейныя тавары ў камэрцыйных абʼёмах.