Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У курс па гісторыі расейскіх ВНУ уключылі вайну ва Ўкраіне. Вось як яны пра гэта расказваюць


Курс гісторыі для ВНУ на негістарычных спэцыяльнасьцях у Расеі з 1 верасьня будзе ўключаць у сябе пэрыяд прыблізна ад заваёвы Кіева Ноўгарадам у IX стагодзьдзі да ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну ў пачатку 2022 году.

Аб зацьвярджэньні новай канцэпцыі Міністэрствам адукацыі і навукі РФ распавядае газэта «Коммерсантъ».

Канцэпцыя падрыхтаваная калектывам аўтараў Расейскага гістарычнага таварыства пад кіраўніцтвам дырэктара Інстытуту расейскай гісторыі РАН Юрыя Пятрова. У падзеі вакол сучаснай Расеі ўключаць пашырэньне NATO на ўсход, развал пагадненьняў аб скарачэньні ўзбраеньняў і «адмовы ЗША, NATO і Эўразьвязу ад абмеркаваньня пагрозаў нацыянальнай бясьпецы Расеі», — піша газэта.

Дакумэнт апісвае падзеі ў ключы агульнай рыторыкі Крамля. Пасьля адмовы ад абмеркаваньня пагрозаў, напісана ў ім, адбыліся «ўзброеныя правакацыі і падрыхтоўка ўкраінскім рэжымам сілавога захопу рэспублік Данбасу». Пасьля студэнтам раскажуць аб прызнаньні незалежнасьці данбаскіх сэпаратыстаў, абвяшчэньні «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», пра санкцыйны ціск краінаў Захаду і «спробы ізаляцыі Расеі ад астатняга сьвету».

Аўтары канцэпцыі прапануюць выкладчыкам «пазьбягаць нэгатыўнага ўхілу» пры аповедах аб праблемах і супярэчнасьцях айчыннай гісторыі. Раней газэта прыводзіла ў прыклад разьдзел, прысьвечаны вайне ў Чачэніі: «Чачэнія ў 1990-я гады стала прыстанкам міжнароднага тэрарызму і крыміналу, у ёй ня дзейнічалі расейскія законы. Гэта стала падставай для правядзеньня некалькіх ваенных апэрацый для нармалізацыі жыцьця і аднаўленьня канстытуцыйнага ладу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG