Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырак Мікалаю Казлову і іншым лідэрам АГП пакінулі бязь зьменаў


На адной з акцый пратэсту ў Менску, восень 2020
На адной з акцый пратэсту ў Менску, восень 2020

У Менску разгледзелі апэляцыі асуджаных прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, адной з найстарэйшых у Беларусі.

31 студзеня ў Менскім гарадскім судзе разгледзелі касацыйную скаргу лідэра АГП Мікалая Казлова, экс-намесьніцы старшыні АГП Антаніны Кавалёвай і лідэра Менскай гарадзкой арганізацыі Аксаны Аляксеевай.

Судзьдзя Брысіна пакінула вырак безь зьмяненьня, паведаміла прэсавая служба АГП.

Трэцяга лістапада суд Першамайскага раёну Менску вынес выракі траім прадстаўнікам Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

  • Мікалаю Казлову — 2,5 года калёніі,
  • Аксане Аляксеевай — 1,5 года калёніі,
  • Антаніне Кавалёвай —1 год калёніі.

Раней стала вядома, што палітзьняволеных Антаніну Кавалёву, Аксану Аляксееву і Дзіяну Чарнушыну перавялі ў СІЗА-3 у Гомлі, паведамляе прэс-служба АГП. Андрусь Асмалоўскі — у СІЗА-6 у Баранавічах.

Лідэр партыі АГП Мікалай Казлоў увязьнены ў сьледчай турме № 4 у Магілёве. Артур Смалякоў — у СІЗА-2 у Віцебску.

31 кастрычніка вынесьлі прысуды Артуру Смалякову і Дзіяне Чарнушынай — па 2 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму; Андрусю Асмалоўскаму — 3 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Казлова, Аляксееву і Кавалёву затрымалі 27 ліпеня 2022-га. Палітвязьняў абвінавачвацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Менску ў 2020 годзе (арт. 342 КК, «актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Мікалай Казлоў на судзе заявіў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь «дзіўнай лёгікі і нястрымнай фантазіі».

На пытаньне суду, ці прызнае сваю віну, ён адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым». Кавалёва прызнала сваю віну часткова, Аляксеева — цалкам.

АГП — адна з найстарэйшых апазыцыйных партыяў Беларусі, існуе з 1995 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG