Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП правяла зьезд у Менску і пераабрала палітвязьня Мікалая Казлова старшынём


Зьезд АГП у Менску
Зьезд АГП у Менску

6 лістапада ў Менску прайшоў XXI Зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На пасаду старшыні пераабралі цяперашняга кіраўніка. 3 лістапада Мікалай Казлоў атрымаў 2,5 года турэмнага зьняволеньня па арт. 342 КК, «актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак».

Намесьнікамі старшыні АГП выбраныя Ўладзімер Шанцаў і Ганна Красуліна.

Зьезд абраў новы склад Палітрады партыі і Нацыянальнага камітэту. Старшынём Цэнтральнай кантрольна-рэвізійнай камісіі (ЦКРК) стаў Генадзь Ананьеў, паведаміла прэс-служба АГП.

Таксама сябры АГП прынялі рэзалюцыю, якая носіць назву «Спыніць рэпрэсіі, вызваліць людзей!» У тэксьце рэзалюцыі зазначана, што на момант Зьезду болей за 1300 чалавек у Беларусі прызнаныя палітвязьнямі, за кратамі знаходзяцца 13 сябраў партыі, у тым ліку яе старшыня Мікалай Казлоў і ягоны намесьнік Аляксандар Кабанаў.

«Зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі заклікае ўлады краіны адмовіцца ад рэпрэсій у адносінах грамадзян Беларусі, нязгодных з палітыкай, што праводзіць дзяржава, грамадзян, якія выступаюць за правядзеньне ў Беларусі сумленных, свабодных выбараў, якія выступаюць супраць вайны, прапануе рушыць усьлед прыкладу Казахстану і вызваліць усіх без выключэньня грамадзян Беларусі, затрыманых або асуджаных па палітычных матывах, заклікае міжнародную супольнасьць дамагацца вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій у Беларусі, заклікае спыніць саўдзел Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны».

АГП — адна з найстарэйшых апазыцыйных партый Беларусі, існуе з 1995 году. Яна была ў апазыцыі да Аляксандра Лукашэнкі ад пачатку свайго існаваньня. У яе ўваходзілі ў тым ліку віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету і экс-мэр Маладэчны Генадзь Карпенка і зьніклы бязь вестак міністар унутраных спраў Юры Захаранка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG