Пасьля выбараў 2020 году адбылося перафарматаваньне беларускіх дэмакратычных сілаў. Цяпер яны пераважна прадстаўленыя Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам, Народным антыкрызісным кіраўніцтвам, Каардынацыйнай Радай ды іншымі структурамі, створанымі пасьля 2020 году. А чым займаюцца так званыя «старыя» апазыцыйныя партыі і рухі? Як шмат палітвязьняў у іхных шэрагах? Колькі актывістаў мусілі зьехаць? Хто зь іх актыўна працуе ў створаных пасьля 2020 году структурах дэмакратычных сілаў?
Разьбіраліся, вывучыўшы іх сайты і старонкі ў сацыяльных сетках, пагаварыўшы з кіраўнікамі і прадстаўнікамі. З прычынаў бясьпекі пэўная інфармацыя ня трапіла ў артыкул, як і імёны ня ўсіх палітзьняволеных былі названыя. Кіраўнікі некаторых рухаў адмовіліся даваць інфармацыю, аргумэнтуючы гэта небясьпекай для актывістаў.
Галоўныя высновы
- Лідэры чатырох палітычных партыяў Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Павал Севярынец і Мікола Статкевіч — за кратамі.
- У шэрагах большасьці партыяў і рухаў вялікая колькасьць як палітвязьняў, так і вымушаных эмігрантаў.
- Сярод удзельнікаў новых дэмакратычных рухаў і аб’яднаньняў найбольш сяброў АГП, але пераважаюць у складзе створаных пасьля 2020 году дэмакратычных структураў людзі, якія не ўваходзілі ў «старыя» апазыцыйныя арганізацыі.
- Частка партыяў захавала рэгістрацыю ў Беларусі, але актыўную публічную дзейнасьць яны не вядуць з прычыны жорсткіх рэпрэсій, а калі што робяць, то не афішуюць дзеля бясьпекі.
Партыя БНФ
Лідэрства
- Старшыня партыі Рыгор Кастусёў — за кратамі
- Намесьнік старшыні Юрась Меляшкевіч — за кратамі
- Намесьнікі старшыні Вадзім Саранчукоў і Юрась Лукашэвіч — за мяжой
Палітвязьні
- Рыгор Кастусёў (старшыня Партыі БНФ)
- Дзяніс Івашын (сябра партыі БНФ)
- Уладзімер Малахоўскі (сябра Партыі БНФ)
- Павал Юхневіч (сябра Партыі БНФ )
- Максім Вінярскі (сябра Партыі БНФ)
- Дзьмітры Казлоў (сябра Партыі БНФ)
- Андрэй Войніч (сябра Партыі БНФ)
- Вольга Галубовіч (сябра Партыі БНФ)
- Юры Зянковіч (сябра Партыі БНФ, экс-дэпутат мясцовага савету ад Партыі БНФ, былы сябра Сойму)
- Валянцін Лабачоў (сябра Партыі БНФ, былы кіраўнік Магілёўскага МФ)
- Вітольд Ашурак (закатаваны за кратамі, сябра Сойму Партыі БНФ)
- Людміла Рамановіч (сябра Партыі БНФ)
- Арсень Дзядок (сябра Рады Моладзі БНФ)
- Юрась Меляшкевіч ( намесьнік старшыні Партыі БНФ)
- Павал Белавус (сябра партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне»)
- Сяргей Антусевіч (сябра грамадзкага абʼяднаньня БНФ «Адраджэньне», экс-дэпутат мясцовага савету ад Партыі БНФ, былы сябра Сойму Партыі БНФ)
Вымушаная эміграцыя
За мяжу зьехалі намесьнікі старшыні партыі, шмат сяброў Сойму (каля 10-15 чалавек).
Сяброўства ў новых структурах дэмакратычных сілаў
Як паведамілі Свабодзе ў Партыі БНФ, да арганізацыяў, створаных пасьля 2020 году, сябры партыі не далучаліся, прынамсі, вядомых выпадкаў такога не было. Партыя не падтрымала нікога з кандыдатаў на прэзыдэнта, але сябры партыі былі валянтэрамі ў камандах іншых кандыдатаў на нефармальных асновах.
Што цяпер робіць партыя
Як паведамілі Свабодзе, на гэты момант Партыя БНФ не вядзе ніякай дзейнасьці. Асобныя сябры партыі ў рэгіёнах Беларусі займаюцца вузкімі, можна сказаць, падпольнымі грамадзка-культурнымі справамі.
Рэгістрацыя
Рэгістрацыю партыя пакуль захавала, але грамадзкае аб’яднаньне «Адраджэньне», што дзейнічала паралельна з партыяй, зьліквідаванае. Палітычнай дзейнасьці, патрэбнай для працягу рэгістрацыі, партыя не вядзе (зьезд, паседжаньне Сойму), надалей гэта можа стварыць праблемы з рэгістрацыяй, паведамілі ў партыі.
Сайт
http://narodny.org/ — абнаўляецца.
Абʼяднаная грамадзянская партыя
Лідэрства
Старшыня АГП Мікалай Казлоў — за кратамі.
6 лістапада ў Менску прайшоў XXI Зьезд АГП, які пераабраў на пасаду старшыні Мікалая Казлова, засуджанага на 2,5 года турмы.
Палітвязьні
- Мікалай Казлоў (лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі)
- Антаніна Кавалёва (экс-намесьніца старшыні)
- Аксана Аляксеева (лідэр Менскай гарадзкой арганізацыі АГП)
- Андрусь Асмалоўскі (актывіст, Менск)
- Дыяна Чарнушына (актывістка, Менск)
- Артур Смалякоў (актывіст, Менск)
- Аляксандар Кабанаў (намесьнік старшыні АГП)
- Леанід Судаленка (сябра Палітычнай рады)
- Уладзімір Няпомняшчых (сябра Нацыянальнага камітэту)
- Андрэй Кудзік (актывіст, Вялейка)
- Рамуальд Улан (актывіст, Смаргоні)
- Аляксандр Нагела (актывіст, Смаргоні)
- Антон Баброў (актывіст, Ворша)
Як паведаміла Свабодзе намесьніца старшыні партыі Ганна Красуліна, у 2020-м дзясяткі, калі ня сотні чальцоў АГП трапілі пад рэпрэсіі, былі затрыманыя, аштрафаваныя, зазналі катаваньні, ня раз былі пад адміністрацыйным арыштам. 70-гадовая Ніна Каляда адседзела 10 дзён у нечалавечых умовах за антываенны плякат.
Трое палітвязьняў ужо выйшлі — Сяргей Альшэўскі (праходзіў у справе «Прэс-клюбу»), на «хатнюю хімію» пераведзеныя Марк Бернштэйн і Мікалай Сяргеенка.
Вымушаная эміграцыя
Паводле Ганны Красулінай, даволі шмат актывістаў зьехалі: «Але многія засталіся. І лідэр партыі Мікалай Казлоў заставаўся ў Беларусі да апошняга».
Сяброўства ў новых структурах дэмакратычных сілаў
Ганна Красуліна, Аляксандар Дабравольскі і Анатоль Лябедзька — у офісе дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай.
Некалькі актывістаў АГП увайшлі ў Каардынацыйную раду (яны знаходзяцца ў Беларусі), многія партыйныя экспэрты залучаныя ў распрацоўку новых законаў для будучай Беларусі, інфармуе Красуліна.
Што цяпер робіць партыя
Паводле Ганны Красулінай, нягледзячы на цяперашнія ўмовы, АГП працягвае працу ў Беларусі. Намесьніца старшыні пералічвае асноўныя кірункі:
- Інтэлектуальна-экспэртная праца: прадстаўнікі партыі працуюць над праектамі Канстытуцыі, закону аб палітычных партыях, закону аб выбарах.
- У Беларусі сябры партыі праводзілі Дзень адчыненых дзьвярэй
- Распачаты партыйны аўдыт (зьверка дадзеных)
- Прыцягненьне новых сяброў праз талокі, асьветныя, адукацыйныя акцыі, дыскусіі, сустрэчы
- Дапамога палітвязьням і іхным семʼям
- Падрыхтоўка ролікаў «Просто о сложном» пра тое, як працуе эканоміка
- Экалягічная экспэртыза (Магілёў)
- Міжпартыйны дыскусійны клюб (Гомель)
- Створаныя дзьве новыя арганізацыі партыі — у Смаргонях і Наваградку
Паводле Красулінай, сярод мэтаў і задачаў, якія ставіць партыя, цяпер захаваньне ня толькі партыі, інфраструктуры і людзей, але і сваіх каштоўнасьцяў.
Рэгістрацыя ў Беларусі
АГП захоўвае рэгістрацыю. Нават зьезд правялі, як таго патрабуе статут, нягледзячы на ўсе рызыкі і праблемы, адзначае Красуліна.
Сайт
https://ucpb. info/. Апошняе абнаўленьне — канец кастрычніка.
Народная Грамада
Лідэрства
- Старшыня партыі Мікола Статкевіч — за кратамі.
- Выканаўца абавязкаў старшыні Яўген Вільскі — за мяжой.
Палітвязьні
- Мікалай Статкевіч (старшыня партыі)
- Сяргей Спарыш (кіраўнік справамі партыі)
- Аляксей Кірэеў (актывіст партыі)
- Андрэй Хранкоў (актывіст партыі)
Сьпіс няпоўны
Вымушаная эміграцыя
Як паведамілі Свабодзе прадстаўнікі партыі, зьехала багата людзей, практычна ўвесь актыў партыі. Паводле прадстаўніка Народнай грамады, пераважна гэта людзі, якія прымалі ўдзел у выбарчай кампаніі 2020 году.
Чым цяпер займаецца партыя
Вось што паведаміў Свабодзе прадстаўнік Народнай Грамады:
— Працуем паводле свайго графіку, далучаемся ўсюды, дзе лічым мэтазгодным далучыцца. Пра тое, што робім унутры Беларусі, расказваць ня будзем дзеля бясьпекі. За мяжой сябры партыі шмат працуюць — валянтэраць, зьбіраюць грошы для беларускіх добраахвотнікаў і ўкраінскіх узброеных сілаў, стварылі арганізацыі дапамогі рэлякантам і УСУ, займаюцца за мяжой вайскова-патрыятычнай падрыхтоўкай. Сярод беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне ёсьць сябры партыі.
Рэгістрацыя
Партыя была пазбаўленая рэгістрацыі ў Беларусі яшчэ ў 2005 годзе
Сайт
hramada.org, statkevich.org— не адкрываюцца.
Беларуская хрысьціянская дэмакратыя
Лідэрства
- Сустаршыня БХД Павал Севярынец — за кратамі.
- Сустаршыні Вольга Кавалькова, Віталь Рымашэўскі, Георгі Дзьмітрук і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі — за мяжой.
Палітвязьні
- Павал Севярынец (сустаршыня БХД)
- Тацяна Канеўская (сябра БХД)
- Дзьмітры Канеўскі (сябра БХД)
- Эма Сьцепулёнак (сябра БХД)
- Мікалай Арцюхоў (БХД)
Сьпіс няпоўны, бо родныя іншых палівязьняў — актывістаў БХД просяць не афішаваць іх удзел у партыі, каб не пагоршыць іх сытуацыю.
Вымушаная эміграцыя
Паводле хрысьціянскага дэмакрата Дзяніса Садоўскага, на працягу 2020–2022 гадоў практычна ўсё кіраўніцтва партыі было вымушана зьехаць зь Беларусі, кіраўнікі нацыянальнага і абласнога роўню цяпер у Варшаве і Беластоку. 99 працэнтаў шараговых сяброў застаюцца ў Беларусі, сьцьвярджае Садоўскі.
Сяброўства ў новых структурах дэмакратычных сілаў
Вольга Кавалькова была прадстаўніцаю Сьвятланы Ціханоўскай падчас выбарчай кампаніі, потым увайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады.
Чым цяпер займаецца партыя
Як паведаміў Свабодзе сустаршыня Георгі Дзьмітрук, БХД аднавіла сваю працу па-за Беларусю. Працуе регіанальная арганізацыя ў Беластоку (кіраўнік —Сяргей Верамеенка) і ў Варшаве (кіраўнік — Яўген Дудкін).
Далей тлумачыць Дзяніс Садоўскі:
— Пасьля падзеяў 2020 году велізарная хваля валянтэраў была гатовая дапамагаць у розных нашых ініцыятывах, а мы дапамагалі ініцыятывам Каардынацыйнай рады. Калі прыйшло ўсьведамленьне, што зьмены хутка не наступяць, і пачаўся ціск, гэтыя людзі паціху пачалі сыходзіць. Цяпер па-за межамі Беларусі мы працуем у асноўным з дыяспарай, каб яна далучалася да нашых ініцыятываў і кампаніяў, каб новыя людзі далучаліся да хрысьціянскіх дэмакратаў, хоць цяпер ў беларусаў вялікая дэматывацыя і апатыя.
Што да працы ў Беларусі, Дзяніс Садоўскі лічыць, што «цяпер важна, ня як ты называесься, а якую дзейнасьць вядзеш. Гэта выснова, якую мы зрабілі пасьля 2020 году». Садоўскі называе асноўныя кірункі дзейнасьці БХД цяпер:
- Кампаніі разьвіцьця мясцовага самакіраваньня
- Адукацыйны кірунак
- Дапамога палітвязьням
- Дапамога ў вядзеньні сацыяльных кампаніяў
- Дапамога прабеларусікм ініцыятывам, якія месьцяцца па-за Беларусьсю
- Пашырэньне кола сяброў і прыхільнікаў БХД
Рэгістрацыя ў Беларусі
Партыя Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ніколі не была зарэгістраваная ў Беларусі, нягледзячы на шматлікія спробы зрабіць гэта.
Сайт
https://bchd. info/. Апошняе абнаўленьне — чэрвень 2022 году.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)
Лідэрства
Старшыня партыі Ігар Барысаў — за мяжой.
Палітвязьні
- Людміла Волкава (сябра ЦК і Прэзыдыюму БСДП)
- Уладзімір Севярын (былы міжнародны сакратар БСДП)
- Мікола Папека (сябра партыі)
- Юлія Лаптановіч (сябра партыі)
- Пётра Канстанцінаў (былы сябра ЦК БСДП)
- Ігар Леднік (сябра партыі)
- Станіслаў Мачалаў (сябра партыі)
- Алег Канавалаў (сябра партыі)
- Іван Савуцін (сябра партыі)
- Анастасія Герыловіч і Дзьмітры Іваноў пад хатнім арыштам.
- Выйшаў на волю Алег Кулеша, актывіст БСДП, прызнаны праваабаронцамі палітвязьнем. Ён адбыў увесь свой тэрмін — 1 год і 7 месяцаў.
- Пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту на волю выйшаў сябра ЦК БСДП, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Павал Знавец.
Вымушаная эміграцыя
Як паведамілі Свабодзе ў партыі, ад 2020 году зьехалі каля 100 актывістаў.
Сяброўства ў новых структурах дэмакратычных сілаў
Сябра партыі Зьміцер Крук уваходзіў у Каардынацыйную раду як экспэрт.
Чым цяпер займаецца партыя
Вось што паведамілі Свабодзе пра цяперашнюю дзейнасьць партыі:
— Яна цяпер выключна ў межах партыйных офісаў: адукацыйныя захады для сяброў партыі, статутныя захады і інфармацыйныя кампаніі онлайн, у тым ліку для прасоўваньня праектаў рэформаў з пазыцыі сацыял-дэмакратаў. Большага мы зараз рабіць ня можам. За партыйны сьцяг у цэнтральным офісе атрымалі штраф. Магілёўскі офіс партыі фактычна разгромлены падчас ператрусу, за партыйны часопіс атрымалі афіцыйнае папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі, за спробы самавылучыцца ў камісіі ў часе рэфэрэндуму некалькі партыйцаў трапілі пад арышт. Таму дзейнасьць партыі скаваная па руках і нагах, варухнуцца ня можам.
Рэгістрацыя ў Беларусі
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) захавала рэгістрацыю. У 2021 годзе актывісты двойчы марна спрабавалі зарэгістраваць новыя арганізацыі ў Гомлі.
Сайт
http://bsdp.org/. Апошняе абнаўленьне 26 кастрычніка 2022 году.
Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ
Лідэрства
- Старшыня партыі Зянон Пазьняк — за мяжой.
- Выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ у Беларусі Юрась Беленькі — за мяжой.
Сяброўства ў новых структурах дэмакратычных сілаў
Няма.
Чым цяпер займаецца партыя
Вось што адказаў Свабодзе пра цяперашнюю дзейнасьць КХП БНФ старшыня партыі Зянон Пазьняк:
— Партыя існуе, панесла страты, шмат хто прайшоў праз турму і ўцёк за мяжу. Гэта, аднак, дало магчымасьць за мяжой арганізаваць Беларускі нацыянальны сакратарыят і рух «Вольная Беларусь» (дзе шмат якія дзеячы вымушаныя выступаць пад псэўданімамі). Не забываймася, што йдзе вайна за існаваньне Беларусі.
Рэгістрацыя ў Беларусі
Свабода не атрымала актуальнай інфармацыі.
Сайт
http://www. narodnaja-partyja.org/ Апошняе абнаўленьне — 25 кастрычніка.
Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет»
Лідэрства
Старшыня партыі Сяргей Калякін — у Беларусі.
Палітвязьні
Як паведамілі Свабодзе ў партыі «Справядлівы сьвет», «у сувязі з падзеямі 2020 году сябры партыі прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у вулічных пратэстах — адбывалі арышт або выплачвалі штраф. Да крымінальнай адказнасьці ніхто прыцягнуты ня быў, таму статусу палітвязьня ніхто ня мае».
Вымушаная эміграцыя
Як паведамілі ў партыі, каля 10 сяброў партыі пасьля 2020 узьехалі ў палітычную эміграцыю.
Сяброўства ў новых структурах дэмакратычных сілаў
Суразмоўцу Свабоды не вядомыя такія выпадкі.
Што цяпер робіць партыя
Свабода атрымала ад прадстаўніка партыі такі адказ:
— На жаль, унутрыпалітычная сытуацыя сурʼёзна абмяжоўвае цяперашнюю дзейнасьць партыі. Любая вулічная актыўнасьць практычна немагчымая. Таму партыя цяпер займаецца ўнутрыарганізацыйным умацаваньнем сваіх шэрагаў, каб захаваць людзей і дзеяздольнасьць структураў, а таксама робіць публічныя заявы з ацэнкай падзеяў унутранага і міжнароднага жыцьця. Партыя прыняла таксама ўдзел у абмеркаваньні праектаў законаў аб Усебеларускім народным сходзе і новага Выбарчага кодэксу і адправіла ў органы ўлады свае прапановы.
Рэгістрацыя
Партыя захавала рэгістрацыю.
Сайт
http://spravmir.org/news/. Апошні раз абнаўляўся ў сакавіку ў сувязі з затрыманьнем старшыні гарадзкой арганізацыі партыі.
Рух «За свабоду»
Лідэрства
Старшыня руху Юрась Губарэвіч — за мяжой.
Палітвязьні
- Вітольд Ашурак (сябра Рады, каардынатар у Горадзенскай вобласьці) — загінуў у турме
- Сяргей Антусевіч (адзін з заснавальнікаў Руху)
- Ігар Салавей (актывіст, Пінск)
- Павал Сьпірын (актывіст, Менск)
- Уладзімер Няпомняшчых (актывіст, Гомель)
- Аляксандр Агрэйцовіч (актывіст, Менск)
- Павал Мажэйка (адзін з заснавальнікаў руху, Горадня)
- Людміла Рамановіч (актывістка, Маларыта)
- Павал Белавус (актывіст, Менск)
- Юры Меляшкевіч (былы намесьнік старшыні, Менск)
Як адзначае Губарэвіч, актывісты Руху цяпер ня толькі ў турмах па крымінальных артыкулах, ёсьць і вялікая колькасьць тых, хто трапіў пад адміністрацыйны перасьлед — арышты, штрафы. Тут лік ідзе ўжо на сотні. Некаторыя палітвязьні просяць у цяперашняй сытуацыі ня згадваць пра сяброўства ў руху.
Вымушаная эміграцыя
Тлумачыць Юры Губарэвіч:
— На момант фармальнай ліквідацыі ў руху «За свабоду» налічвалася каля 800 сяброў і далёка ня ўсе яны пакінулі Беларусь. Каля паловы сябраў Рады (яна налічвае 22 чалавекі) зьехала, але, тым ня менш, палова сяброў рады засталася ў Беларусі. З рэгіянальных каардынатараў і лідэраў рэгіянальных структураў Руху пераважная большасьць застаецца ў краіне. Тое ж тычыцца і шараговых актывістаў.
Сяброўства ў новых структурах дэмакратычных сілаў
Паводле Губарэвіча, сябры руху «За свабоду» ёсьць у Каардынацыйнай радзе і Народным антыкрызісным кіраўніцтве:
— Пры гэтым ляяльнасьць сяброў да арганізацыі застаецца дастаткова высокай. Я нават адзначыў бы адваротны працэс: у рух і па сёньня прыходзяць новыя людзі, далучаюцца актывісты, якія, можа, не знайшлі сябе ў новых структурах палітычнай апазыцыі альбо ў новых структурах эміграцыі, ім цікава тое, чым мы займаемся, яны падзяляюць нашы ідэі.
Чым цяпер займаецца рух
Юры Губарэвіч паведамляе:
— Сёньня мы ня можам казаць пра дзейнасьць, якую вядзе рух у Беларусі, бо нават сама фармулёўка можа падвесьці пад крымінальную адказнасьць тых, хто застаецца ў краіне. Але, тым ня менш, арганізацыі больш за 15 гадоў, і ўсе нашыя актывісты прайшлі добрую школу грамадзкай актыўнасьці, удзельнічалі ў розных палітычных кампаніях, маюць цьвёрдыя ўстойлівыя перакананьні. Таму кожны з нашых сяброў на сваім месцы і, я перакананы, вядзе працу, каб наблізіць перамены ў Беларусі. У актывістаў, якія зьехалі з Беларусі, магчымасьцяў дзейнічаць значна больш:
- Інфармацыйная праца, у тым ліку на Youtube-канале Руху
- Валянтэрства, збор сродкаў у дапамогу ўкраінскім уцекачам
- Дапамога ў расьсяленьні ўкраінцаў, якія выехалі за мяжу
- Удзел у мітынгах, маніфэстацыях за мяжой
- Распрацоўка канцэпцыяў рэформаў
Рэгістрацыя
Рух пазбаўлены рэгістрацыі ў 2021 годзе.
Сайт
https://mff. by/ — апошняе абнаўленьне ў лютым 2022 году.
Грамадзкая кампанія «Гавары праўду»
Лідэрства
Сустаршыні кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч застаюцца ў Беларусі.
Палітвязьні
Вось што адказалі Свабодзе ў кампаніі «Гавары праўду»:
— Ёсьць палітвязьні сярод актывістаў і сяброў, прыхільнікаў арганізацыі. Есьць сябры арганізацыі, якія адбылі арышт. Зараз кожны актывіст, кожны адказны грамадзянін, прыхільнік пераменаў пад прэсам, пад увагай.
Вымушаная эміграцыя
У «Гавары праўду» паведамілі :
— Зьехала шмат людзей. Маладзейшыя — на вучобу, сталейшыя — паспрабаваць забясьпечыць будучыню для сваіх дзяцей за мяжой.
Сяброўства ў новых структурах дэмакратычных сілаў
Няма.
Чым цяпер займаецца кампанія
Адказ прадстаўніка кампаніі «Гавары праўду»:
— Выглядае так, што сыстэмная актыўнасьць, публічная палітычная дзейнасьць можа лёгка быць прызнаная па-за законам. Дэпалітызацыя дасягнула максымальнага ўзроўню. У Беларусі ў 2020 годзе людзі абралі альтэрнатыву, большасьць зь іх засталіся ў краіне. Тое, што магчыма ў цяперашніх умовах — быць салідарнымі, дапамагаць адно аднаму, захоўваць гарызантальныя сувязі, наколькі мага ўключацца ў пытаньні, зьвязаныя з рэальнай палітыкай, якасьцю жыцьця на мясцовым узроўні, якасьці дзяржаўных паслугаў, захаваньня прыродных рэсурсаў, экалёгіі, нацыянальных каштоўнасьцяў — мовы, культуры, гісторыі.
Рэгістрацыя
«Гавары праўду» пазбаўленая рэгістрацыі ў 2021 годзе. Паводле прадстаўніка кампаніі, «ёсьць фармат ініцыятыўных групаў, які дазваляе быць аб’яднанымі ў сёньняшніх умовах, пакуль каманда застаецца ў стане, каб быць гатовымі зарэгістравацца».
Сайт
https://zapraudu.by/. Апошняе абнаўленьне — студзень 2021 году.
- Свабодзе не ўдалося атрымаць актуальную інфармацыю пра Беларускую партыю працы, якую ўзначальваў прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў.
- Свабодзе не адказалі кіраўнікі партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада.
- Кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў ня стаў адказваць на пытаньні Свабоды «зь меркаваньняў бясьпекі людзей».
- Мы па-ранейшаму чакаем актуальнай інфармацыі пра дзейнасьць руху салідарнасьці «Разам» і грамадзянскай кампаніі «Наш дом» ад іх лідэраў.
* Імёны палітвязьняў у розных сьпісах часам супадаюць, бо сябры партыі могуць быць адначасова і актывістамі рухаў.
* Сьпісы палітвязьняў прадаставілі партыі і рухі.