Захад дэманструе рашучасьць у супрацьстаяньні з Расеяй. Адзін з красамоўных крокаў у гэтым кірунку — рэзалюцыя Эўрапарлямэнту аб стварэньні спэцыяльнага міжнароднага трыбуналу для расьсьледаваньня ваенных злачынстваў рэжымаў РФ і Беларусі. Лукашэнку самы час азірацца па баках і пралічваць варыянты на выпадак паразы Расеі.
Сьцісла:
- Актывізуецца заходняя падтрымка Ўкраіны. Што прадэманстравала восьмая па ліку сустрэча ў фармаце «Рамштайн» 20 студзеня.
- Спатрэбіўся амаль цэлы год вайны, каб эўрапейская палітычная эліта сасьпела да рашэньня Эўрапарлямэнту аб трыбунале для Пуціна і Лукашэнкі.
- Цень гэтага абвінавачаньня ў ваенных злачынствах цяпер будзе вісець над любымі магчымымі перамовамі Захаду з Масквой ці Менскам і, зразумела, абцяжарваць іх.
- Рашучасьць у падтрымцы Ўкраіны, якую дэманструе Захад, прымушае Лукашэнку азірацца па баках і пралічваць варыянты на выпадак паразы Расеі.
У вайне ва Ўкраіне надыходзіць чарговы этап эскаляцыі. Расея рыхтуецца да новай мабілізацыі, каб давесьці колькасьць жывой сілы да 1,5 млн, рэзка павялічвае выдаткі на абарону; Пуцін ператварае краіну ў адзіны ваенны лягер. Расейскае камандаваньне плянуе наступ адначасова па некалькіх кірунках.
Зь іншага боку, актывізуецца заходняя падтрымка Ўкраіны. Што прадэманстравала восьмая па ліку сустрэча Кантактнай групы ў фармаце «Рамштайн» 20 студзеня. Удзел у абмеркаваньні бягучай ваеннай сытуацыі ва Ўкраіне і каардынацыі далейшай ваеннай падтрымкі Кіева ўзялі кіраўнікі абаронных ведамстваў больш як 50 краін.
Пастаўкі новага ўзбраеньня ва Ўкраіну набываюць новы размах. Усе спадзяюцца, што Кіеў нарэшце атрымае заходнія танкі. Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў: «Мы атрымліваем усё, пра што просім, акрамя дзьвюх вялікіх рэчаў, якія прынцыпова яшчэ не былі разблякаваныя — заходнія баявыя зьнішчальнікі і дальнабойныя ракеты».
Захад дэманструе рашучасьць у супрацьстаяньні з Расеяй. У гэтым пляне варта разглядаць рэзалюцыю Эўрапарлямэнту аб стварэньні спэцыяльнага міжнароднага трыбуналу для расьсьледаваньня ваенных злачынстваў рэжымаў РФ і Беларусі, прыцягненьня да адказнасьці Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.
Зразумела, рэзалюцыя Эўрапарлямэнту — гэта дэклярацыя. Для яе рэалізацыі патрэбная перамога Ўкраіны ў вайне. Альбо зьмена палітычных рэжымаў у Расеі і Беларусі, ці рашэньне Рады бясьпекі ААН, дзе РФ мае права вэта.
Тым ня менш прыняцьце гэтага дакумэнта — у пэўным сэнсе адметны факт. Эўропа ў асобе Эўрапарлямэнту — аднаго з найважнейшых палітычных інстытутаў ЭЗ — абвінавачвае Пуціна і Лукашэнку ў ваенных злачынствах. І як бы ў далейшым ні разьвіваліся адносіны заходніх краін з Расеяй і Беларусьсю, зь іхнымі палітычнымі рэжымамі, гэтае кляймо застанецца, яно нікуды не падзенецца. Цень гэтага абвінавачваньня цяпер будзе вісець над любымі магчымымі перамовамі Захаду з Масквой ці Менскам і, зразумела, абцяжарваць іх.
Пра неабходнасьць падобнага рашэньня вяліся дыскусіі даўно, з самага пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны. Спатрэбіўся амаль цэлы год вайны, каб эўрапейская палітычная эліта дасьпела да яго. Вось 17 студзеня пра неабходнасьць прыцягнуць расейскае кіраўніцтва да крымінальнай адказнасьці заявіла міністар замежных спраў Нямеччыны — вядучай краіны ЭЗ — Анналена Бэрбак. Эўракамісар юстыцыі Дыдзье Рэйндэрс паведаміў, што Эўразьвяз ужо абмяркоўвае стварэньне спэцпракуратуры для расьсьледаваньня злачынстваў расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне з афіцыйным Кіевам, Эўраюстам і Міжнародным крымінальным судом. Невядома, ці будзе ўсё гэта мець практычныя наступствы, аднак пачатак працэсу пакладзены.
Варта лічыць вельмі знакавай заяву міністра замежных спраў Ірану Хасейна Аміра Абдалахіяна, што Тэгеран не прызнае расейскую анэксію Крыму і іншых рэгіёнаў Украіны. Іран — фактычна яшчэ адзін ваенны саюзьнік Расеі, акрамя Беларусі. Ён пастаўляе РФ дроны, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў ходзе вайны ва Ўкраіне. І вось гэты саюзьнік робіць такі сур’ёзны ход. Магчыма, Тэгеран адчуў гэтую рашучасьць Захаду і безвыходнае становішча Расеі? І сьпяшаецца саскочыць?
А што Беларусь? Усе зьвярнулі ўвагу, што Лукашэнка ўвесь мінулы год падчас сустрэч з Пуціным і іншымі расейскімі палітыкамі бег паперадзе паравоза, нападаючы на Захад і Ўкраіну. Шмат разоў ён апавядаў, што ўкраінскі бок нібыта зьбіраўся напасьці на Расею і Беларусь, што Кіеў першым пачаў вайну, што з тэрыторыі Ўкраіны вядуцца абстрэлы беларускіх аб’ектаў, што ўкраінцы ўсяляк правакуюць беларусаў, каб уцягнуць Беларусь у вайну. Нядаўна здарыўся інцыдэнт, які можна было пры жаданьні разглядаць як украінскую правакацыю: з тэрыторыі Ўкраіны прыляцела ракета і ўпала на поле паблізу мяжы.
Аднак 19 студзеня падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў РФ Лаўровым Лукашэнка нечакана заявіў: «Яны (заходнія краіны. — Аўт.) спрабуюць выкарыстоўваць Украіну супраць Беларусі. Але тое, што мяне ўражвае і прыемна зьдзіўляе, — Украіна ўсё яшчэ трымаецца. Яна не ідзе на правакацыі супраць Беларусі».
Можна па-рознаму інтэрпрэтаваць гэтую заяву. Але гэта, безумоўна, станоўчы жэст у бок Украіны. І Лаўрову ён яўна не спадабаўся.
Падаецца, што рашучасьць у падтрымцы Ўкраіны, якую дэманструе Захад, прымушае Лукашэнку азірацца па баках і пралічваць варыянты на выпадак паразы Расеі. Бо пагроза трыбуналу (нават пакуль што толькі тэарэтычная) — гэта ладная жменя солі на душэўныя раны.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.