Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна мае зброю, якая дастане да рэзыдэнцыі Лукашэнкі». Кіраўнік «Беларускага Гаюна» Матолька пра сцэнары вайны


Антон Матолька, каляж
Антон Матолька, каляж

Кіраўнік праекту «Беларускі Гаюн» Антон Матолька на канале Свабода Premium расказвае, што робяць расейскія войскі ў Беларусі і наколькі вялікая небясьпека, што Расея зноў пачне ўварваньне зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну.

— Учора ў Беларусі стартавалі двухтыднёвыя беларуска-расейскія лётныя вучэньні. Яны маюць праходзіць на ўсіх аэрадромах і палігонах супрацьпаветранай абароны Беларусі. Якія зьвесткі пра гэтыя вучэньні на сёньня мае «Беларускі Гаюн»?

— Мы адсочвалі і працягваем адсочваць усе перамяшчэньні, пра якія паведамляюць беларусы, — па зямлі і ў паветранай прасторы. І мы бачылі, напрыклад, як на мінулым тыдні на аэрадром у Мачулішчах прыляцелі 12 верталётаў. Яшчэ, калі не памыляюся, у канцы сьнежня ў Мачулішчы было 8 ці 9 рэйсаў грузавых самалётаў. Мы падазраём, што там былі ракеты ці нейкія іншыя ўзбраеньні для гэтых так званых вучэньняў.

Мы ўважліва сачылі і днямі пацьвярджалі яшчэ да афіцыйных зьвестак інфармацыю пра прылёты Су-34 і Су-30 у Баранавічы.

Гэтыя вучэньні, насамрэч, даволі небясьпечны фактар, бо мы лічым даволі нізкай імавернасьць наземнага ўварваньня, але вышэйшая імавернасьць авіяналётаў і выкарыстаньня беларускай паветранай прасторы для бамбаваньня і абстрэлаў Украіны. Я б на гэта зьвяртаў больш увагі, чым на наземную канцэнтрацыю войскаў.

— У сувязі з вучэньнямі Генштаб Узброеных сіл Украіны заявіў пра рост «пагрозы нанясеньня ракетна-авіяцыйных удараў менавіта з паветранай прасторы Беларусі». Ці бачыце вы нейкія канкрэтныя сьведчаньні, што такія ўдары могуць рыхтавацца?

— І так, і не. З аднаго боку, імавернасьць абстрэлаў з паветранай прасторы Беларусі ці зь зямлі не зьніжалася, захоўвалася ўвесь гэты час зь лютага 2022 году. У любы час расейскія войскі могуць запусьціць ракеты ці з «Іскандэраў», ці выкарыстоўваючы паветраную прастору.

Увесь гэты час зь лютага 2022 году ў паўднёвай частцы Беларусі — гэта частка Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей — зона абмежаваньня палётаў цывільнай авіяцыі на даволі вялікую вышыню. Там ніхто ня можа лётаць, бо паветраная прастора закрытая ў сувязі з магчымымі запускамі ракетаў.

Паводле нашай інфармацыі, апошні запуск ракеты з паветранай прасторы Беларусі быў 6 кастрычніка, а зь зямлі, калі не памыляюся, 28 жніўня. Але імавернасьць такіх запускаў захоўваецца ў любы дзень, і яна ўвесь час высокая.

Цяпер рызыкаў, вядома ж, больш, бо пацьверджаны прылёт вялікай колькасьці грузавых самалётаў, зь якіх даставалі невядомы груз. Мы падазраём, што гэта ракеты для зьнішчальнікаў і бамбавікоў — адпаведна, іх могуць скарыстаць.

Была пацьверджаная інфармацыя пра наяўнасьць у Мачулішчах звышгукавых ракетаў «Кінжал», якія могуць выкарыстоўвацца на «Міг-31». Таксама ёсьць і тыя «Міг-31», якія могуць несьці гэтую ракету. Практычна ўсю восень — ня кожны дзень, але даволі часта — гэтыя «Мігі» выляталі з Мачулішчаў для трэніровак, і амаль кожны раз абвяшчалася паветраная трывога па ўсёй Украіне. Бо яны могуць трапіць у цэль на даволі вялікай адлегласьці, і не любыя сілы супрацьпаветранай абароны могуць іх спыніць.

— Украінскі бок, прынамсі ў неафіцыйных размовах з заходнімі прадстаўнікамі, казаў пра тое, што з тэрыторыі Беларусі запускалі іранскія дроны, якія бамбавалі ўкраінскія гарады. Ці меў «Беларускі Гаюн» нейкія пацьверджаньні гэтай інфармацыі?

— Ніводнага факту мы не змаглі знайсьці. Мы не выключаем, што такое магло быць — напрыклад, пры ўмове, што запускі гэтых дронаў адбываліся, умоўна кажучы, у раёне Альманскіх балотаў, Прыпяцкага радыяцыйнага запаведніка ці з Чарнобыльскай зоны, дзе не жывуць людзі. Адпаведна, ніхто б нам ня змог пра гэта паведаміць.

Але пра перамяшчэньне даволі спэцыфічных грузавікоў ці пра тое, што на поўдні Беларусі, у Гомельскай вобласьці нібыта знаходзіліся іранскія інструктары, мы ня мелі ніводнага пацьверджаньня. Дроны маглі выкарыстоўвацца, але мы гэтага ня бачым.

Антон Матолька
Антон Матолька

— Паводле кіраўніка памежнай службы Ўкраіны, цяпер у Беларусі знаходзіцца каля 11 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Ці адпавядае гэтая лічба прыблізна тым зьвесткам, якія мае «Беларускі Гаюн»?

— Так. Да апошніх эшалёнаў, якія прыяжджалі ў Беларусь, гэтая лічба была каля 10 тысяч, потым яна часова павялічылася прыкладна да 12–13 тысяч, а ў апошнія дні мы бачылі, што, верагодна, падрыхтаваных мабілізаваных адвозілі зь Беларусі на фронт у кірунку Луганскай вобласьці Ўкраіны. Таму лічба 10–12 тысяч даволі рэалістычная

Калі параўнаць з тым, што адбывалася ў лютым 2022 году, колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў пераходзе беларуска-расейскай мяжы, вагалася ад 15 тысяч да 35 тысяч, паводле розных падлікаў. Плюс была даволі моцная падтрымка авіяцыяй і адносна сучаснай тэхнікай, якая была ў расейцаў.

Цяпер гэтага няма. У Беларусі папросту не сканцэнтраваная такая колькасьць людзей і тэхнікі, якая б дазволіла праводзіць нейкую пасьпяховую для расейцаў апэрацыю ва Ўкраіне.

— Люк Кофі, дасьледчык Гудзонскага інстытуту ў ЗША, у гутарцы са Свабодай сказаў, што ва Ўкраіне новы наземны напад зь Беларусі разглядаюць толькі як пытаньне часу. Як вы ацэньваеце імавернасьць такога нападу, калі гаворка менавіта пра напад расейскімі сіламі, без удзелу беларускіх войскаў?

— Каб адбыўся такі напад, мае адбыцца вялізная колькасьць зьменаў. Павінна быць завезена ў тры разы больш войскаў, чым ёсьць цяпер. Да таго ж тыя расейскія войскі, якія цяпер у Беларусі, знаходзяцца на аддаленасьці ад украінскай мяжы.

Пакуль што ўзровень пагрозы наземнай апэрацыі дастаткова нізкі. Я магу сказаць, што ў найбліжэйшыя два тыдні мы наземнага ўварваньня відавочна не чакаем. Любыя зьмены будуць заўважныя — найперш таму, што беларусы паведамляюць гэтую інфармацыю і ў «Беларускі Гаюн», і ўкраінскім вайскоўцам.

Расейцам мінімальна спатрэбіцца два тыдні, але я б казаў нават пра месяц. Бо трэба ня толькі перакінуць тэхніку, але і арганізаваць яе забесьпячэньне, адладзіць дзеяньні войскаў. Нельга проста перакінуць войскі і адразу кінуць іх у бой.

Па-другое, з украінскага боку прымежная тэрыторыя замінаваная, чыгунка разабраная, дарогі перакапаныя. Ёсьць фізычныя абмежаваньні, якія не дазволяць хутка прасунуцца ўглыб Украіны, як гэта адбылося з праходам расейскіх войскаў праз Чарнобыльскую зону, калі яны даволі блізка падышлі да Кіева за лічаныя дні.

Да таго ж украінцы цяпер да гэтага гатовыя. У выпадку перакіданьня войскаў мы пабачым перакіданьне і ўкраінскіх войскаў і ўзбраеньняў.

— Што крыніцы «Беларускага Гаюна» паведамляюць пра цяперашнія настроі ў беларускім войску — ці ёсьць там адчуваньне, што блізкім часам беларускія вайскоўцы могуць наўпрост увязацца ў вайну?

— Я не хачу спэкуляваць на гэтай тэме, бо вельмі мала людзей сапраўды маюць доступ да дзейных вайскоўцаў рознага ўзроўню — ад генэралаў да шарагоўцаў. І кожны будзе мець свой «замер аўдыторыі» — свае настроі і свае інтарэсы.

Магу толькі сказаць, што тая інфармацыя, якую мы атрымлівалі цягам году, па сутнасьці не мянялася. Пераважная большасьць беларускіх вайскоўцаў задае адно пытаньне: «Навошта нам удзельнічаць у вайне Пуціна, у вайне Крамля супраць украінцаў, зь якімі нам няма чаго дзяліць?»

Беларусы, у тым ліку тыя, хто служыць у Міністэрстве абароны, ня маюць імпэрскіх амбіцый, нягледзячы на той масіў беларускай прапаганды, які сынхранізаваны з крамлёўскай.

А яшчэ беларускія вайскоўцы вельмі ясна пабачылі, што адбылося з так званай «другой арміяй сьвету» — асабліва ў канцы сакавіка, калі расейцы, па сутнасьці, зьбеглі з Кіеўскай вобласьці, разумеючы поўны правал на гэтым кірунку. У маральным пляне вельмі моцна паўплывала адступленьне ад Харкава ў першую чаргу і ад Херсону ў другую чаргу.

Яшчэ моцна ўплываюць скандалы ў расейскім войску — у тым ліку сярод «вагнераўцаў» — крытыка Пуціна і генэралаў, якія яму падпарадкоўваюцца.

Да таго ж у беларускім грамадзтве — і ў цывільным, і ў вайсковым, — ёсьць кансэнсус: беларусы не прымаюць вайну і ваенныя дзеяньні. Для беларусаў вайна — гэта нешта кепскае, да чаго ніхто ня хоча мець дачыненьня.

Але калі, напрыклад, украінскія ці нейкія яшчэ ракеты прылятаюць на тэрыторыю Беларусі, вайна робіцца нашмат бліжэйшай, і страх перад вайной моцна павялічваецца.

Вядома ж, паўсюль ёсьць «фрыкі», нездаровыя людзі, які хочуць забіваць іншых людзей, нават без прычыны. Але я ня думаю, што гэта нейкі істотны працэнт.

— Польскі вайсковы аналітык Конрад Музыка прагназуе, што калі расейскія войскі зноў пачнуць наземны наступ на Ўкраіну зь Беларусі, дык Украіна абавязкова ўдарыць у адказ па расейскіх вайсковых цэлях у Беларусі. На вашую думку, калі такое адбудзецца, што можа патэнцыйна стаць першымі цэлямі?

— Па-першае, трэба разумець, што Ўкраіна ўжо мае зброю, якая спакойна дастане да рэзыдэнцыі Лукашэнкі пад Пінскам. Гэта дастаткова вялікая адлегласьць.

І ключавымі аб’ектамі, на мой погляд, будуць у першую чаргу пункты канцэнтрацыі войскаў у прымежнай тэрыторыі. Ня нейкія базы, а тыя, дзе ў дадзены момант ёсьць канцэнтрацыя палівазапраўшчыкаў, танкаў, БТРаў, асабовага складу і да т. п.

У другую чаргу або паралельна з гэтым могуць быць бамбардаваньні па вайсковых абʼектах, у першую чаргу аэрадромах. Ёсьць тры канкрэтныя пункты на поўдні Беларусі — гэта Лунінец, гэта Вялікі Бокаў, там аэрадром, і гэта Зябраўка пад Гомлем.

Гэта можа быць аэрадром у Баранавічах, які даволі блізка прымыкае да гораду. І гэта могуць быць нават Мачулішчы. Каля Мачулішчаў знаходзіцца так званы цэнтар «Купал» — які быў цэнтрам кіраваньня расейскага войска ад лютага 2022 году да канца вясны.

А на трэцім этапе гэта могуць быць розныя лягістычныя аб’екты, важныя для падтрымкі баяздольнасьці войска. Гэта могуць быць і нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, і сховішчы паліва ў розных месцах Беларусі. А таксама гэта могуць быць лягістычныя шляхі — чыгунка, скрыжаваньні дарог, дарогі, па якіх могуць перакідаць вялікую колькасьць войскаў.

Лукашэнка непасрэдна ўдзельнічае ў гэтай вайне, і ён, па сутнасьці, павінен вызначацца як ваенны злачынца. І ў ваенных дзеяньнях няма аднабаковага ўдзелу. Лукашэнка даў тэрыторыю, зь якой запускаюць ракеты. У любы момант па гэтых абʼектах, адкуль запускаюць ракеты, могуць ударыць у адказ.

Думаю, што і Лукашэнка, і беларускія вайскоўцы гэта цудоўна разумеюць. Магчыма, апошнія запускі ракетаў, пра якія нам вядома, былі ў кастрычніку часткова таму, што да рэжыму Лукашэнкі давялі магчымасьць удару ў адказ. Давялося шукаць варыянты, і выглядае, што такім варыянтам сталі базы для падрыхтоўкі расейцаў.

— Як вы здолелі падтрымліваць працу «Беларускага Гаюна» ў цяперашніх умовах, калі вашым крыніцам унутры Беларусі пагражаюць жорсткія рэпрэсіі?

— Мы не расказваем пра ўсе фарматы і інструмэнты, якія выкарыстоўваем, — як і адкуль мы атрымліваем інфармацыю. Прапаганда, вядома ж, кажа, што мы атрымліваем інфармацыю ад Мі-6, Масаду і Пэнтагону, але я б сказаў, што хутчэй Мі-6, Масад і Пэнтагон карыстаюцца гэтай інфармацыяй.

Усё, што мы атрымліваем, мы атрымліваем найперш ад беларусаў. І толькі дзякуючы беларусам мы маем такі масіў інфармацыі, які дапамагае ўкраінцам. Спадзяюся, што тыя ўкраінцы, якія апошнім часам любяць ва ўсіх бедах абвінавачваць беларусаў, будуць пра гэта памятаць. Бо калі б не беларусы, мы ня мелі б гэтай інфармацыі.

Вядома ж, за апошнія паўгода моцна ўскладнілася выкарыстаньне Тэлеграму. Мы бачылі, як у паўднёвых раёнах Беларусі беларускія сілавікі — ГУБАЗіК, КДБ — працавалі супольна з контравыведкай Расейскай Фэдэрацыі ў пошуках крыніц інфармацыі.

Выглядала, што расейцы і тыя, хто служыць Лукашэнку, лічылі, што такую інфармацыю будуць даваць актывісты, журналісты — тыя, хто быў у нечым заўважаны раней. Але выявілася, што татальны кансэнсус беларусаў супраць вайны агулам пранікае ва ўсе сфэры грамадзтва.

Абсалютна розныя людзі ў розны час рознымі спосабамі перадаюць інфармацыю. Мы шукаем варыянты, як гэта зрабіць больш бясьпечна. Зразумела, што ўзровень рэпрэсій за мінулы год толькі павялічыўся. Кожны дзень 20–30 чалавек арыштоўваюць толькі па крымінальных справах.

Аднак людзі працягваюць паведамляць інфармацыю. Нягледзячы на ўсю рызыку, яны разумеюць, як важна дзяліцца такой інфармацыяй. Разумеюць, навошта гэта. Я хачу сказаць вялікі дзякуй за гэта. Гэта вельмі патрэбна ў цяперашні час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG