Улады Ірану настойваюць на «пасьлядоўным прынцыпе» у замежнай палітыцы.
Іран не прызнае анэксіі Крыму і яшчэ чатырох рэгіёнаў Украіны, заявіў міністар замежных спраў Ірана Хасейн Амір Абдалахіян у інтэрвію турэцкаму тэлеканалу TRT World.
«Мы прызнаём сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць краін у рамках міжнародных законаў, таму, нягледзячы на выдатныя адносіны паміж Тэгеранам і Масквой, мы не прызналі аддзяленьня Крыму, Луганскай і Данецкай абласьцей ад Украіны», – заявіў Абдалахіян.
Ён таксама сказаў, што ўлады Ірану настойваюць на сваім «пасьлядоўным прынцыпе» ў замежай палітыцы:
«Калі мы гаворым, што канфлікт ва Ўкраіне — гэта не рашэньне, мы верым у сваю пазыцыю як у фундамэнтальны палітычны прынцып», — дадаў міністар.
Раней СМІ са спасылкай на крыніцы неаднаразова паведамлялі, што Іран пастаўляе Расеі бесьпілётнікі, якія выкарыстоўваюцца на вайне ва Ўкраіне. Кіеў абвінавачваў Маскву ў выкарыстаньні іранскіх бесьпілётнікаў пры нападзе на цывільныя аб'екты.
У лістападзе 2022 году Іран упершыню прызнаў пастаўкі бесьпілётнікаў Расеі, але сьцьвярджаў, што яны былі адпраўленыя да пачатку вайны ва Ўкраіне. Расея абвінавачаньні ў выкарыстаньні іранскай зброі абвяргае.
У студзені сёлета стала вядома, што Іран атрымае расейскія зьнішчальнікі Су-35, якія стануць самымі сучаснымі самалётамі ў войску краіны. Прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна раней паведамілі журналістам, што супрацоўніцтва Расеі і Ірану ў вайсковай сфэры дасягнула «беспрэцэдэнтнага ўзроўню».