Жаданьне фігурантаў паўдзельнічаць у працэсе праз інтэрнэт не сустрэла падтрымкі ў судзе — ад падсудных патрабавалі фізычнай прысутнасьці на разглядзе справы, які праходзіў у Менскім гарадзкім судзе з 12 сьнежня.
Як паведамляе БелТА, 18 студзеня падсудных прызналі вінаватымі распальваньні варожасьці, «зьліве» асабістых зьвестак сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў і прысудзілі ім наступныя тэрміны:
- рэдактарцы прызнага ўладамі «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляваньне» Яніне Сазановіч — 12 гадоў зьняволеньня,
- стваральніку спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджару Дзьмітрыю Навошу — 12 гадоў зьняволеньня,
- супрацоўніку «Чорнай кнігі Беларусі» Данілу Багдановічу —12 гадоў зьняволеньня ,
- Вользе Высоцкай —12 гадоў зьняволеньня,
- Валерыі Занямонскай —12 гадоў зьняволеньня.
(Высоцкую і Занямонскую ўлады лічаць адміністратаркамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі»).
Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь, паведамляе БАЖ.
КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.
Паводле матэрыялаў справы, усе фігуранты не пазьней за жнівень 2020 году «аб’ядналіся ў групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі тэлеграм-канал „Чорная кніга Беларусі“ і іншыя аналягічныя рэсурсы», зьбіралі і разьмяшчалі ў адкрытым доступе інфармацыю аб прыватным жыцьці і пэрсанальныя зьвесткі супрацоўнікаў унутраных справаў, пракуратуры, судзьдзяў, журналістаў.
Дзейнасьць абвінавачаных сьледзтва кваліфікавала як падбухторваньне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці.
Справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня» — гэта «вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Падобны ўказ у ліпені 2022 падпісаў Лукашэнка. Раней у Беларусі не было такой практыкі завочных судоў.
- «Чорная кніга Беларусі» паўстала ў верасьні 2020 году ў адказ на гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У аднайменным тэлеграм-канале публікаваліся асабістыя зьвесткі людзей, якія спрычыніліся да фальсыфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў.
- Ня так даўно стала вядома, што ў праект «Чорная кніга Беларусі» амаль ад моманту стварэньня быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко, які адпрацаваў у «ЧКБ» дзевяць месяцаў. Гайко меў зьвесткі пра людзей, якія дасылалі ў чат-бот «ЧКБ» інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў. Выявілі яго толькі ў траўні 2021 году.
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.