Яніну Сазановіч, Дзьмітрыя Навошу, Даніла Багдановіча, Вольгу Высоцкую і Валерыю Занямонскую абвінавачваюць у распальваньні варожасьці, «зьліве» асабістых зьвестак сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў.
Былая адміністратарка ЧКБ Вольга Высоцкая спрабавала паўдзельнічаць у судзе праз скайп, аднак ёй гэта не ўдалося. Рыхтуючыся да завочнага працэсу, Высоцкая адправіла ў Менскі гарадзкі суд, пракуратуру, Сьледчы камітэт і Менскую гарадзкую калегію адвакатаў некалькі лістоў. Яна хадайнічала, каб яе падключылі да паседжаньня онлайн, і прасіла прызначыць ёй абаронцу, расказала Высоцкая «Медиазоне».
7 сьнежня Высоцкая атрымала адказ за подпісам судзьдзі Натальлі Бугук. Згодна з гэтым дакумэнтам, 27 верасьня — у той самы дзень, калі стала вядома аб пачатку спэцыяльнага вядзеньня супраць Высоцкай, — пастановай сьледчага ёй прызначылі адваката, супрацоўніка юрыдычнай кансультацыі Партызанскага раёну Аляксандра Ціханюка. Бугук адзначыла, што абаронца «ў поўнай меры азнаёмлены з матэрыяламі справы».
Акрамя таго, Бугук нагадала Высоцкай, што яна мае права азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы непасрэдна ў будынку Менскага гарадзкога суду да 12 сьнежня з 9:00 да 18:00 з гадзінным перапынкам на абед.
«Падстаў для правядзеньня Вашага допыту з выкарыстаньнем сыстэм відэа-канфэрэнц-сувязі, прадугледжаных часткай 1 артыкула 343-1 КПК, ня ўгледжваецца», — напісала Бугук у лісьце.
Для ўдзелу ў паседжаньні судзьдзя прапанавала Высоцкай зьявіцца ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня а 10-й. Пасьля гэтага падсудная напісала хадайніцтва аб адмове ад адваката, бо той перад працэсам нават не спытаў аб ейнай пазыцыі. У тым жа хадайніцтве Высоцкая папрасіла дазволіць ёй самой прадстаўляць свае інтарэсы ў судзе і яшчэ раз нагадала, што гатовая ўдзельнічаць у працэсе праз скайп.
Да адваката ўдалося дазваніцца, аднак Ціханюк адмовіўся правесьці з «падабароннай» кансультацыю, а затым перастаў адказваць на паведамленьні ў інтэрнэце.
«Чорная кніга Беларусі» паўстала ў верасьні 2020 году ў адказ на гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У аднайменным тэлеграм-канале публікаваліся асабістыя зьвесткі людзей, якія спрычыніліся да фальсыфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў.
Ня так даўно стала вядома, што ў праект «Чорная кніга Беларусі» амаль ад моманту стварэньня быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко, які адпрацаваў у «ЧКБ» дзевяць месяцаў. Гайко меў зьвесткі пра людзей, якія дасылалі ў чат-бот «ЧКБ» інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў. Выявілі яго толькі ў траўні 2021 году.
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.