Пасьля нядзельнай службы 15 студзеня пробашч паведаміў, што з 1 лютага парафія будзе арандаваць памяшканьне бабруйскага касьцёлу Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў горада для правядзеньня набажэнстваў, піша belsat. eu
Паводле ксяндза, тэрмін арэнды — паўгода, але кошт пакуль невядомы. За гэты час улады будуць вырашаць, што рабіць з касьцёлам далей і ці перадаваць яго парафіі.
Пробашч таксама паведаміў, што цяпер парафія абавязаная вызваліць усе памяшканьні, якія не выкарыстоўваюцца для набажэнстваў. Вялася нават гаворка пра тое, што трэба разабраць арганы.
Бабруйскі касьцёл быў пабудаваны ў 1912 годзе ў стылі нэаготыкі. У 1968 камуністычныя ўлады разбурылі вежу і ўсутыч да касьцельнага фасаду прыбудавалі пяціпавярховы жылы дом.
Мясцовыя каталікі даўно патрабуюць зьнесьці пяціпавярховы будынак. У 2017 годзе вернікі сабралі 500 подпісаў пад зваротам да мясцовай улады з просьбай вярнуць будынак парафіі і дазволіць яго поўную адбудову, але выніку гэта не прынесла.
Сытуацыя ў Бабруйску нагадвае сытуацыю вакол Чырвонага касьцёлу ў Менску.
- Чырвоны касьцёл у Менску быў зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджана маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
- 6 кастрычніка улады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябані, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія св. Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
- Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.