«Жадаць сёньня цудаў? Украінцы ўжо даўно робяць іх самі. Жадаць сапраўдных сяброў? Мы ўжо дакладна даведаліся, хто імі зьяўляецца», – цытуе словы прэзыдэнцкай пары тэлеграм-канал Zelenskiy / Official. 2023 Зяленскія называюць годам перамогі Ўкраіны ў вайне.
У іншым звароце Зяленскі пракамэнтаваў расейскія ўдары па Украіне напярэдадні Новага году. «Дзяржава-тэрарыст не атрымае прабачэньня. А тыя, хто аддае загады на такія ўдары і тыя, хто іх зьдзяйсьняе, – не атрымаюць памілаваньня», – адзначыў украінскі лідэр.
Ён таксама зьвярнуўся да грамадзянаў Расеі па-расейску. «Ваш лідэр хоча паказаць, што ў яго за сьпіной вайскоўцы, што ён – наперадзе. (…) Ён хаваецца за вамі, і сам спальвае вашу краіну і вашу будучыню», – сказаў Зяленскі.
Экс-прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка ў навагоднім віншаваньні зазначыў, што 2023 год стане годам украінскай перамогі. «Мы паказалі, што можам ствараць цуды. Пуцін хацеў бліцкрыгу за тры дні, а безнадзейна заграз на больш як 300 дзён», – адзначыў Парашэнка.
Замежныя лідэры і палітыкі згадвалі Ўкраіну ў сваіх навагодніх зваротах. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што яго краіна будзе нязьменна падтрымліваць украінцаў у 2023 годзе. Былы прэм'ер Вялікабрытаніі Барыс Джонсан у сваім навагоднім віншаваньні ў твітары адзначыў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прайграе вайну.
Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш нагадаў, што ў 2022 годзе людзі ад Украіны да Афганістану пакідалі свае дамы, ратуючыся ад войнаў. Канфлікты могуць спыніцца і мір можа быць забясьпечаны праз дыялёг, падкрэсьліў Гутэрыш.