Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін запісаў навагодні зварот на фоне вайскоўцаў


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін запісаў навагодні зварот да грамадзян Расеі на фоне групы людзей у вайсковай форме. Відэа апублікавана ў інтэрнэце неўзабаве пасьля наступленьня Новага 2023 году ў самых усходніх рэгіёнах Расеі — там зварот прэзыдэнта ўжо паказалі па тэлебачаньні.

Па словах Пуціна, 2022 год быў годам «цяжкіх, неабходных рашэньняў», які «выразна аддзяліў мужнасьць і гераізм ад здрады і маладушнасьці». Падзеі 2022 году, калі расейскія войскі па загадзе Пуціна пачалі шырокамаштабнае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, расейскі прэзыдэнт некалькі разоў назваў лёсавызначальнымі і паваротнымі.

Пуцін нагадаў аб анэксіі чатырох украінскіх абласьцей, назваўшы іх гістарычна расейскімі землямі, і сказаў, што «маральная правата» ў канфлікце на баку Масквы.

Асобна Пуцін павіншаваў з Новым годам удзельнікаў так званай «спэцыяльнай вайсковай апэрацыі» (так у Расеі называюць вайну супраць Украіны), сказаўшы, што людзі, на фоне якіх ён запісаў зварот — таксама яе ўдзельнікі. Рэдакцыя Сибирь.Реалии пры гэтым сьцьвярджае, што ззаду Пуціна ў навагоднім звароце стаіць тая ж жанчына, што раней фатаграфавалася зь ім пад выглядам «наўгародзкага рыбака» на Каляды ў студзені 2017 году.

Зварот Пуцін скончыў словамі аб тым, што неабходна ісьці «толькі наперад» і «перамагаць».

Ніякіх навагодніх атрыбутаў у відэазвароце не было. Усе свае папярэднія навагоднія віншаваньні (акрамя самага першага) Пуцін запісваў на фоне Крамля. Паводле слоў прэс-сакратара Крамля Дзьмітрыя Пяскова, гэты зварот быў запісаны ў штабе Паўднёвай ваеннай акругі ў Растове-на-Доне. Сьцьвярджаецца, што Пуцін наведаў яго раніцай у суботу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG