Рэпартаж Цімафея Ражанскага.
Расейская армія акупавала каля 20% Украіны, яна зьнішчае цэлыя гарады. На вызваленых тэрыторыях знаходзяць дзясяткі брацкіх магілаў, міжнародныя назіральнікі фіксуюць забойствы і катаваньні мірных жыхароў, выкраданьні, дэпартацыю, выкарыстаньне забароненых боепрыпасаў. Украінская пракуратура заявіла пра сама меней 48 тысяч ваенных злачынстваў расейскай арміі.
— Прыйшоў час адказаць ім за 2014-2015 гады, за тое, што зрабілі на Данбасе, — казаў расейскі салдат Ягор Гузенка.
— Мая краіна не нападала нікуды. Я вырашыў не дзеля грошай. Далі загад — я абавязаны выканаць, а не абмяркоўваць, — быў упэўнены салдат Дзьмітрый Абідаў.
— Я ня тое каб патрыёт такі расейскі. Я дзеля грошай туды вяртаюся. Грошы ўсім патрэбныя, — прызнаваўся ў інтэрвію расейскі салдат Уладзімір Арсенцьеў.
За дзесяць месяцаў, якія прайшлі пасьля 24 лютага, «Настоящее время» пагаварыла зь дзясяткамі расейскіх салдат. Некаторых зь іх ужо няма ў жывых. У тых, хто вярнуўся дадому пасьля раненьня або застаецца на фронце да гэтага часу, «Настоящее время» запытала, чаму яны наагул пайшлі на гэтую вайну?
— Што загадаюць, тое і буду выконваць. Хто ім даў права гнаіць свой народ? Хто ім даў права забіваць мірных жыхароў? — адказаў Дзьмітрый Абідаў.
Ён мэдык у штурмавой роце. Удзельнічаў у захопе Марыюпаля, зараз на Бахмуцкім напрамку. Абідаву 34 гады, у юнацтве ён прыехаў у Маскву з Кіргізстана, вывучыўся на мэдыка і шмат гадоў працаваў на хуткай дапамозе.
Дзьмітрый Абідаў — ваеннаабавязаны. Ісьці на фронт ці не, ён ня думаў. Ён проста пайшоў. Прынамсі, так гаворыць ён сам. Расею ён лічыць сваим домам, а загады камандзіра не абмяркоўваюцца. Ваенная лёгіка. Але навошта трэба было ўвогуле нападаць на Ўкраіну?
— На гэтае пытаньне адкажу больш простымі словамі. Далі загад, я абавязаны выконваць. Не абмяркоўваць. Гэта першае. Другое. Мая краіна не нападала ні на кога. Гэтыя мясьціны ў савецкія часы, падчас Расейскай імпэрыі, землі, якія мы зараз вяртаем, былі падораныя маім урадам, — упэўнены Абідаў.
Калі загад злачынны, не выконваць яго можна. Але ці лічаць расейскія ваенныя дзеяньні сваёй арміі ваенным злачынствам? Навошта яны ўвогуле пайшлі на чужую зямлю? Вось што лічыць расейскі вайсковец Аляксей Ганчароў.
— Усякае паскудзьдзе лезе на нашу тэрыторыю. Але мы ваюем за праўду, і спадзяюся, розумы Захаду задумаюцца і спыняць сваю агрэсіўную гульню.
— Аляксей, але ж гэта Расея пачала ваенныя дзеяньні?
— Ну вы ж разумееце, што, калі б ня мы, то Ўкраіна б напала на Данбас, які восем гадоў абстрэльвала? Так што наш прэзыдэнт усё зрабіў слушна.
Аляксей Ганчароў родам зь невялікага мястэчка ў Стаўрапольлі, непадалёку ад Украіны. Ён рэестравы казак, у яго была ваенная падрыхтоўка, на фронт Ганчароў пайшоў добраахвотнікам. За ўвесь пэрыяд вайны на Данбасе, за восем гадоў загінулі каля трох тысяч мірных жыхароў. Зь іх за апошнія шэсьць гадоў каля пяцісот чалавек. Гэта зьвесткі АБСЭ. Колькі мірных украінцаў загінула з моманту поўнамаштабнага ўварваньня, яшчэ толькі трэба будзе высьветліць, але самыя сьціплыя падлікі ўжо перавышаюць колькасьць ахвяр на Данбасе за восем гадоў у некалькі разоў.
— Любая вайна — гэта страты. Калі б Расея не пачала СВА, страты былі б большыя.
— Чаму?
— Таму што ўкраінскія нацыяналісты правялі б такую зачыстку, што колькасьць ахвяр пайшла б на сотні тысяч.
Падобнае гаварылі і іншыя салдаты. «Ваюем з фашыстамі, абараняем ад іх мірных жыхароў», — гэта словы Алішэра Джыбілава, 24-гадовага салдата з Бэслана. На яго старонцы ў VK у графе «асабістыя інтарэсы» пазначана — дэнацыфікацыя.
— А вас не бянтэжыла, што гэта тэрыторыя іншай краіны?
— Не
— Чаму?
— Людзі самі хацелі далучыцца да Расеі. Таму гэта была дапамога. У інтарэсах дзяржавы да таго ж. Як па мне, трэба было пачынаць раней і дзейнічаць больш жорстка.
— Але цяпер загінула ўжо значна больш мірных, чым да 24 лютага.
— Нават калі так, то вінаваціць трэба УСУ і рэжым Зяленскага.
— А пра катаваньні і забойствы ў Бучы што думаеце?
— Сумняваюся, што гэта нашы, ведаючы як, дзейнічаюць УСУ і іх найміты.
Калі верыць таму, што самі пра сябе расказваюць расейскія салдаты, яны ва Ўкраіне абараняюць радзіму, дапамагаюць мірным жыхарам. Але ніхто зь іх пакуль так і не прывёў канкрэтнага прыкладу ўкраінскага фашызму, пра які гавораць Крэмль і расейская прапаганда. Самі яны такога не сустракалі. Але скардзяцца, што, тым ня менш, іх мясцовыя жыхары чамусьці называлі фашыстамі.
— Ва Ўкраіне існуе нейкі фашызм і трэба абараняцца. Гэта значыць, цалкам перакуленая рэальнасьць. Трэба мець на ўвазе, што большасьць расейскіх людзей глядзіць усё ж такі тэлевізійныя каналы, і гэтая карцінка ўжо некалькі гадоў распаўсюджваецца, і яна дзейнічае, — тлумачыць праваабаронца Сяргей Крывенка.
Карцінка прапаганды ў многіх рассыпалася пасьля месяцаў вайны. Тады ж сталі зьяўляцца першыя турмы для адмоўнікаў. Салдаты адмаўляліся працягваць вайну з прычыны стомленасьці і неабароненасьці іх правоў. За гэта іх замыкалі ў падвалах у самой Расеі і на акупаваных тэрыторыях.
Важна разумець, яны пратэставалі ня супраць злачыннай вайны, а супраць стаўленьня да іх саміх з боку афіцэраў. Многім з гэтых салдатаў удалося вярнуцца дадому, зараз яны ўжо ня хочуць успамінаць гэтую вайну. Вось што расказвае пра свой баявы досьвед Дамір, ужо былы расейскі вайсковец.
— Дамір, а што было самым складаным ва Ўкраіне?
— Застацца такім жа, якім быў да яе. Не звар’яцець.
— Ад чаго менавіта?
— Ад шматлікіх трупаў, ад таго, што тваіх сяброў там разрывае на кавалкі, ад таго, як тваім таварышам вытрыбушыла кішкі аскепкамі снарадаў. Ці бачылі калі-небудзь чалавечы мозг за трыццаць сантымэтраў ад сябе? А я бачыў. Страшна было не памерці, а застацца інвалідам пасьля раненьня.
— А чаму вы пайшлі туды?
— Таму што загадалі.
— Але ж можна адмовіцца?
— Не захацеў.
— Чаму?
— Ганарова быць вэтэранам баявых дзеяньняў. Ды і грошы адыгралі сваю ролю.
— Але грошы ж можна і па-іншаму зарабіць?
— Для звычайнага хлопца зь дзевяцьцю клясамі адукацыі такой магчымасьці няма, калі няма сувязяў. А ў мяне іх няма.
— На што грошы патрацілі?
— Закрыў крэдыты бацькоў, дапамог сваякам з праблемамі. У мяне вялікая сямʼя, а бацькі за год столькі разам не заробяць, колькі я за два месяцы там.
— І шмат плацілі?
— У месяц на рахунак прыходзіла нам па 200 тысяч. Афіцэрам — больш.
— А калегі вашы таксама з прычыны грошай пайшлі?
— Так. Каб зарабіць столькі на «грамадзянцы», патрэбны мазгі. А ў войска ідуць тыя, у каго іх ня вельмі шмат.
$3000 у месяц — пры тым, што звычайная зарплата амаль у дзесяць разоў меншая. Большасьць вайскоўцаў — хлопцы зь бедных рэгіёнаў, дзе зарабіць цяжка, а войска там — зразумелы карʼерны ліфт. Удзел у баявых дзеяньнях дае ім заробак узроўню маскоўскага айцішніка. Няхай часовы і з зусім іншымі рызыкамі. Але адмовіцца ад яго таксама трэба яшчэ наважыцца. Уладзімір Арсенцьеў з Краснаярскага краю ня змог. Пасьля паўгода вайны ён схадзіў у водпуск і зноў вярнуўся на фронт.
— Я ва Ўкраіну вярнуся. Я ня тое каб патрыёт такі расейскі. Я дзеля грошай туды вяртаюся. Грошы ўсім патрэбны, — прызнаецца Арсенцьеў.
Уладзімір — кадравы вайсковец. Ён не адмаўляе ні злачынстваў у Бучы, ні забойстваў мірных жыхароў. І сэнс гэтай вайны ён ня надта разумее, але адмаўляцца ад удзелу ня стаў. Па-першае, прысяга. Па-другое, грошы.
— Так, тое, што мы рабілі ва Ўкраіне, я не падтрымліваю. Некаторыя людзі забівалі мірных, я гэта ведаю. Я лічу, што я нікому зь мірных нічога дрэннага не зрабіў, — лічыць Уладзімір.
Але былі, вядома, і такія, хто адмовіўся ўдзельнічаць і напісаў рапарт яшчэ да пачатку вайны.
— Я ўявіў сытуацыю, дзе мне трэба было забіраць жыцьцё ў чалавека, і разумею, што я б ня змог гэтага зрабіць. Людзі мне нічога дрэннага не зрабілі. Чаму я павінен забіраць жыцьцё ў кагосьці? Цяпер я наладзіў сваё жыцьцё і ні кроплі не шкадую, — казаў расейскі салдат Аляксей Лядаў вясной 2022 году.
Нягледзячы на прафэсію, баец 205-й мотастралковай брыгады аказаўся пацыфісцкіх поглядаў. Але пасьля абʼяўленьня мабілізацыі раптам выклаў у сацсетках сваё фота са зброяй і ў камуфляжы.
— Бацьку мабілізавалі. А я пайшоў зь ім добраахвотнікам, ня мог яго пакінуць
— А бацька чаму пайшоў? Хацеў?
— Дзіўнае пытаньне. Ніхто ня хоча на вайну. Прызвалі — пайшоў. Такі чалавек.
— Цяпер адмовіцца будзе складаней, чым мінулы раз.
— Разумею. У турму я сапраўды не зьбіраюся.
Вайна відавочна ідзе не па пляне. Мінімум трыста тысяч чалавек мабілізаваў Пуцін, і гэта ўжо ня кадравыя вайсковя прафэсіяналы, а часта даволі выпадковыя людзі. Жылі сабе звыклым жыцьцём, і тут ім сказалі, што трэба ісьці ваяваць. Ну трэба — значыць трэба.
— Людзі проста цякуць па плыні. Людзі ў нашай краіне ня надта прывыклі абараняць свае правы. І вось урад, нейкі вялікі дзядзька зьверху абʼявіў мабілізацыю, значыць, трэба ісьці. Куды нам дзявацца? Нашая справа маленькая, — тлумачыць заснавальнік расейскага праекту «Идите лесом» Рыгор Сьвярдлін.
Кагосьці літаральна хапалі на вуліцы, на выхадзе з працы ці з крамы. Нехта пакінуў краіну. Мужчыны суткі стаялі ў чэргах, каб пакінуць Расею. Але большасьць прызваных на вайну пайшлі, нават калі гэтага не хацелі. Чаму?
— Непераадольнасьць савецкіх практык, якія прыняліся ў жыцьці, культуры, ладзе жыцьця расейскага грамадзтва. Як толькі дзяржава кікае на цябе свой позірк, ты павінен бесьпярэчна, без асэнсаваньня рабіць тое, што загадана. Атрымаў позву, і тут ужо ўзьнікае: «А я што, не мужык? Трэба Радзіму бараніць». Хаця ў крытычна думаючых людзей узьнікне пытаньне: якая радзіма, калі вайна ідзе ў суседняй краіне, і гэта не Ўкраіна напала на Расею, а Расея напала на Ўкраіну? Але такія крытычныя думкі душацца страхам перад дзяржавай, які ўкараніўся з часоў Савецкага Саюза, — тлумачыць праваабаронца Сяргей Крывенка.
Калі не пайсьці ў ваенкамат па позве, нічога ня будзе, кажуць юрысты. А нават калі прыйшоў, усё роўна яшчэ ёсьць магчымасьць адмовіцца — напісаць заяву на альтэрнатыўную службу, яна гарантаваная Канстытуцыяй.
— Калі вы будзеце спакойна і аргумэнтавана гаварыць, што вы ў сілу вашых палітычных поглядаў ці рэлігійных перакананьняў хочаце служыць на цывільнай службе, а не ваеннай, ніхто вас за гэта не пасадзіць. Наадварот, вялікая верагоднасьць, што ім не захочацца з вамі зьвязвацца і вас проста адпусьцяць. Мы такім чынам многіх людзей выцягвалі са зборных пунктаў і нават ужо з вайсковых частак, — расказвае Рыгор Сьвярдлін.
Праваабаронцы дапамаглі тысячам расейскіх мужчын пазьбегнуць мабілізацыі, нават калі часам для гэтага даводзілася прымаць, як выказваецца генэрал Суравікін, «няпростыя рашэньні».
— Бывае, што адзіны спосаб — гэта дэзэртырства. Значыць, будзем дапамагаць дэзэртыраваць, калі вы такое рашэньне прымеце, будзем эвакуаваць з краіны. У залежнасьці ад таго, якое рашэньне прымае сам чалавек, — працягвае праваабаронца.
Рашэньне прымае сам чалавек. Адмовіцца можна заўсёды, а прымусіць забіваць складана. Пытаньне ў жаданьні і гатоўнасьці сказаць дзяржаве «не». Але, пагутарыўшы з вайскоўцамі і экспэртамі, «Настоящее время» можа зрабіць папярэднія высновы: звычка адстойваць свае правы ў расейскім грамадзтве на прыжылася, шматгадовая прапаганда пераканала расейцаў, што захопніцкая вайна ва Ўкраіне — гэта абарона радзімы, а буйное грашовае забесьпячэньне ўмацоўвае матывацыю. Па некаторых ацэнках, страты расейскага войска ва Ўкраіне забітымі і параненымі могуць перавышаць ужо сто тысяч чалавек.