Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы разрабавалі тысячы экспанатаў з музэяў Херсону, — праваабаронцы


Херсонскі мастацкі музэй. Архіўнае фота
Херсонскі мастацкі музэй. Архіўнае фота

Расейскія ўзброеныя сілы і цывільныя асобы, якія дзейнічаюць па загадзе вайскоўцаў, разрабавалі тысячы каштоўных артэфактаў і твораў мастацтва як мінімум з двух музэяў, сабору і дзяржаўнага архіву ў Херсоне перад адступленьнем пасьля васьмі месяцаў акупацыі.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

Пасьля адыходу расейскіх войскаў праваабаронцы наведалі культурныя ўстановы Херсону і паразмаўлялі з працаўнікамі і відавочцамі падзеяў. Паводле іх словаў, у апошнія дні акупацыі ў лістападзе расейцы загрузілі карціны, каштоўнасьці, іконы і гістарычныя дакумэнты ў аўтамабілі і вывезьлі экспанаты на тэрыторыю, падкантрольную Расеі.

Супрацоўнікі Human Rights Watch расказалі, што ў двух музэях бачылі відавочныя прыкметы рабаваньня — у тым ліку пустыя рамкі карцін, зламаныя скрыні і вітрыны, дзе дэманстраваліся экспазыцыі. Дзе цяпер музэйныя экспанаты — невядома. Праваабаронцы мяркуюць, што частку прадметаў маглі вывезьці ў анэксаваны Крым.

У Херсонскім абласным музэі, які спэцыялізуецца на краязнаўстве і прыродазнаўстве, дырэктар музэю, сакратар і ахоўнік расказалі, што ў пэрыяд з 24 па 26 кастрычніка тут былі каля 70 расейцаў, магчыма, супрацоўнікаў ФСБ. Яны пакінулі некранутай калекцыю флёры і фаўны, але разрабавалі амаль усё астатняе, у тым ліку срэбра, скіфскае золата, расейскія імпэратарскія мэдалі, старажытнагрэцкія вазы і рэліквіі Другой сусьветнай вайны.

Паводле словаў апытаных Human Rights Watch супрацоўнікаў музэяў, сабору і архіву, расейцы казалі ім, што хочуць абараніць творы мастацтва, артэфакты і гістарычныя дакумэнты ад абстрэлаў і рабункаў з боку ўкраінскіх сіл.

Марадэрства ў Херсоне, па ўсёй верагоднасьці, ня першы выпадак з боку расейскіх прадстаўнікоў на тэрыторыі Ўкраіны. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, расейскія вайскоўцы вывезьлі больш за дзьве тысячы экспанатаў як мінімум з трох музэяў Марыюпалю — гісторыка-краязнаўчага, музэю народнага побыту і мастацкага музэю Куінджы.

Праваабаронцы таксама згадваюць пра вываз каштоўнасьцяў з мэлітопальскага музэю ў Запароскай вобласьці і гістарычнага музэю ў Новай Кахоўцы.

Паводле міжнароднага заканадаўства рабаваньне, прысваеньне або захоп маёмасьці музэяў і ўстаноў культуры падчас баявых дзеяньняў кваліфікуецца як ваеннае злачынства.

Human Rights Watch лічыць, што дзеяньні прадстаўнікоў Расеі можна лічыць арганізаванай апэрацыяй па пазбаўленьні ўкраінцаў культурнай спадчыны.

Расейскія ўлады даклад праваабаронцаў пакуль не пракамэнтавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG