Там штодня працуюць сотні сапэраў. Знойдзеныя боепрыпасы складуюць у спэцыяльным месцы для наступных сьледчых дзеяньняў. Пра гэта рэпартаж «Настоящего времени».
Па могілках рэшткаў расейскіх боепрыпасаў, якія запускалі па Харкаве, можна вывучаць гісторыю поўнамаштабнага ўварваньня на гэтым кірунку. Рэшткі ад «Градаў», мін, авіяцыйных ракет — гэта першыя месяцы. Пазьней, калі ўкраінскія вайскоўцы адсунулі расейскія войскі ад гораду, абстрэлы не спыняліся, але калібры станавіліся большымі. Звычайнай артылерыяй расейскія войскі да Харкава ўжо не дастаюць. Цяпер з боку Белгарадзкай вобласьці запускаюць ракеты С-300.
«Цяпер сытуацыя крыху лепшая, чым была летам, але практычна кожны тыдзень двойчы-тройчы вядзецца абстрэл крылатымі ракетамі аб’ектаў крытычнай інфраструктуры, абʼектаў энергазабесьпячэньня, газавых абʼектаў. Кожны дзень, фактычна кожную гадзіну вядзецца абстрэл прымежных тэрыторый», — кажа Іван Сокал, дырэктар дэпартамэнту грамадзянскай абароны Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі.
На сотнях гектараў Харкаўшчыны яшчэ ляжаць тысячы неразарваных мін і боепрыпасаў. «Акрамя таго, што замінавана ручным і мэханізаваным спосабам, яшчэ было мінаваньне дыстанцыйнае. На сённяшні дзень больш за ўсё пацярпелых сапэраў у Харкаўскай вобласьці», — тлумачыць Ігар Аўчарук, кіраўнік групы піратэхнічных работ Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый Украіны.
З рэшткамі боепрыпасаў праводзяць сьледчыя дзеяньні. Украінскія праваахоўнікі вывучаюць, знаходзяць нумары, высьвятляюць, адкуль яны, хто страляў, колькі ўкраінскіх грамадзян загінула ад гэтых бомбаў і снарадаў. Усё гэта робіцца для таго, каб прыцягнуць да адказнасьці расейскіх вайскоўцаў, якія абстрэльвалі ўкраінскія гарады і вёскі.