Журналісты амэрыканскага выданьня The New York Times ў сваім расьсьледаваньні прыйшлі да высновы, што выканаўцамі масавых забойстваў мірных жыхароў у Бучы Кіеўскай вобласьці былі вайскоўцы 234-га дэсантна-штурмавога палка пад камандаваньнем падпалкоўніка Арцёма Гарадзілава.
Восем месяцаў журналісты выданьня зьбіралі доказы датычнасьці расейскіх вайскоўцаў да масавых расстрэлаў жыхароў Бучы. Сабраныя імі доказы паказваюць, што забойствы мірных жыхароў былі часткай наўмысных і сыстэматычных намаганьняў расейцаў «прарвацца» ў Кіеў.
«Расейскія салдаты дапытвалі і каралі бяззбройных мужчын і забівалі людзей, якія выпадкова пераходзілі ім дарогу — дзяцей, якія ўцякалі з сем’ямі, мясцовых жыхароў, якія спадзяваліся знайсьці ежу, людзей, якія проста спрабавалі дабрацца дадому на роварах», — піша NYT.
У Бучы журналісты правялі некалькі месяцаў пасьля адступленьня расейскіх войскаў. Яны апыталі мясцовых жыхароў, сабралі запісы з камэр назіраньня і атрымалі эксклюзіўныя кадры зь дзяржаўных крыніц.
Затым прааналізавалі матэрыялы і з дакладнасьцю да хвіліны рэканструявалі забойствы людзей на вуліцы Яблунскай, якую мясцовыя жыхары цяпер называюць «дарогай сьмерці». Сярод доказаў датычнасьці 234-га дэсантна-штурмавога палка — запісы тэлефонных размоваў і расшыфраваныя пазыўныя камандзіраў на расейскіх радыёканалах.
Нягледзячы на тое, што ў Бучы знаходзіліся розныя расейскія вайсковыя часткі, а колькасьць забітых мірных жыхароў перавышае 400 чалавек, галоўным вінаватым у забойствах на вуліцы Яблунскай журналісты называюць менавіта 234-ы дэсантны полк, які базуецца ў расейскім горадзе Пскове. Журналісты паказваюць на адпаведную вайсковую тэхніку, уніформу, радыёстанцыі і ўпаковачныя талёны на скрынях з боепрыпасамі.
«Жыхары Бучы казалі, што калі расейскія вайскоўцы іх дапытвалі, у іх часта адбіралі тэлефоны. Падазраючы, што вайскоўцы таксама маглі забраць тэлефоны пацярпелых, нашы журналісты атрымалі ад украінскіх уладаў базу ўсіх званкоў і паведамленьняў, якія паступалі з Бучанскага раёнау ў Расею цягам сакавіка. Апытваючы сваякоў ахвяраў, мы зьбіралі іх тэлефоны і правяралі, ці ёсьць яны ў базе. Паўстала жахлівая карціна: салдаты рэгулярна выкарыстоўвалі тэлефоны ахвяр, каб тэлефанаваць дадому ў Расею, часта празь некалькі гадзін пасьля іх забойства», — піша NYT.
Прааналізаваўшы тэлефонныя нумары расейскіх вайскоўцаў і выявіўшы профілі ў сацыяльных сетках, зьвязаныя з членамі іх семʼяў, СМІ ідэнтыфікавалі два дзясяткі дэсантнікаў, якія ўваходзілі ў склад 234-га палка.
«У многіх выпадках мы апытвалі іхных сваякоў і прама размаўлялі зь некаторымі вайскоўцамі, двое з якіх пацьвердзілі, што яны былі ў 234-м палку і знаходзіліся ў Бучы», — адзначылі журналісты.
Таксама яны ідэнтыфікавалі тры дзясяткі ахвяраў расейскіх злачынстваў, асноўнай прычынай сьмерці якіх сталі агнястрэльныя раненьні.
Забойствы мірных жыхароў у Бучы, як адзначаецца ў расьсьледаваньні, не былі выпадковымі актамі гвалту. Ахвяры на вуліцы Яблунскай не загінулі ў перакрыжаваным агні расейскіх і ўкраінскіх войскаў і не былі памылкова расстраляныя падчас баявых дзеяньняў.
«Расейскія войскі іх наўмысна забілі, імаверна, у межах сыстэматычнай зачысткі, каб забясьпечыць шлях да сталіцы. Дзясяткі мірных жыхароў былі расстраляныя. У іншых выпадках мужчын, падазраваных у сувязях з украінскімі вайскоўцамі, затрымлівалі і забівалі», — піша NYT.
Журналісты змаглі таксама ідэнтыфікаваць асобу камандзіра 234-га палка падпалкоўніка Арцёма Гарадзілава. Паводле сьледзтва, ён кіраваў дзеяньнямі расейскага дэсанту ў Бучы. Яго знаходжаньне ў гэтым горадзе пацьвярджаюць запісы камэр відэаназіраньня, а таксама два вайскоўцы гэтага палка, якія знаходзіліся ў горадзе. Таксама яго зафіксавалі ў Бучы, дзе ён разам з двума іншымі вайскоўцамі хадзіў па вуліцах каля целаў забітых украінцаў.
Доказам датычнасьці расейскіх дэсантнікаў 234-га палка да зьверстваў у Бучы стала сымболіка на вайсковай тэхніцы, якую яны спрабавалі схаваць, дакумэнтацыя, пакінутая ў горадзе, і асабістыя справы захопнікаў. У прыватнасьці, у адным з дакумэнтаў пазначаны нумар вайсковай часткі пскоўскіх дэсантнікаў — в/ч 74268. Яны таксама пакінулі пасьля сябе шаўрон свайго палка.
Другога красавіка Кіеўшчыну вызвалілі ад расейскіх войскаў. Пасьля адступленьня расейскіх вайскоўцаў у вызваленых гарадах і вёсках зафіксавалі масавыя забойствы мірнага насельніцтва. Найбольш масавыя — у Бучы.
Крэмль «катэгарычна адхіляе любыя абвінавачаньні ў забойствах мірных жыхароў», хоць факты забойства падчас расейскай акупацыі былі пацьверджаны спадарожнікавымі здымкамі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.