Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі Лукашэнка самастойны ў пытаньнях вайны і міру? Думка Юрыя Дракахруста


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 18 сьнежня 2022
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 18 сьнежня 2022

Ці мае Аляксандар Лукашэнка пэўную самастойнасьць ад Расеі ў пытаньнях вайны і міру? Пра гэта разважае палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Сьцісла

  • Гістарычна таталітарныя дзяржавы і сёлета аўтарытарная Расея зганялі на свае войны арміі ўсіх сваіх саюзьнікаў.
  • Супярэчнасьці паміж аўтарытарнымі ўладарамі — удзельнікамі агрэсіўных войнаў хаваюцца ад шырокай публікі, ціск ня робіцца здабыткам галоснасьці.
  • Непрызнаньне Беларусьсю «ЛДНР», расейскай анэксіі чатырох абласьцей Расеі і незалежнасьці Абхазіі сьведчыць пра тое, што пэўную самастойнасьць Беларусь захавала.
  • Палітыка і заявы Ўладзіміра Зяленскага сьведчаць пра тое, што, на яго погляд, Лукашэнка мае пэўную ступень самастойнасьці, у тым ліку і ў пытаньнях вайны і міру.

Блогер і заснавальнік праекту «Беларускі Гаюн» Антон Матолька задаўся пытаньнем у Фэйсбуку:

«А адкуль наагул узяўся наратыў, што „Пуцін цісьне на Лукашэнку, каб той удзельнічаў (арміяй непасрэдна) у вайне ва Ўкраіне“?»

Мой погляд — што сапраўды цісьне. Погляд Антона, як вынікае і з формы пытаньня, і зь ягоных ранейшых выказваньняў, адваротны, што ніякага ціску няма. Чаму я лічу, што дыктатар і суагрэсар Лукашэнка пэўную ступень самастойнасьці ў пытаньнях вайны і міру ўсё ж мае?

24 лютага многім здавалася, што беларускае войска ў самы бліжэйшы час пашлюць у бой, пашлюць разам з расейцамі ваяваць супраць Украіны. Але праходзілі дні, потым месяцы, а ўдзелу беларускіх узброеных сіл у вайне не было. Шмат чаго было — канцэнтрацыя расейскіх войскаў у Беларусі пад выглядам вучэньняў, іх напад на Ўкраіну, рэгулярныя ракетныя абстрэлы і авіяўдары па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі. Але беларуская армія так пакуль і не ўступіла ў вайну.

Мае апанэнты тлумачаць гэта тым, што проста Пуціну гэта не спатрэбілася, не прадугледжана гэта было яго плянам вайны. У крамлёўскіх плянах я не абазнаны — такія яны ці не, ціснуў Пуцін на Лукашэнку ў пытаньні поўнага ўступленьня ў вайну альбо і ня думаў пра гэта.

1. Але ёсьць гістарычныя прэцэдэнты. Падчас Другой сусьветнай вайны Гітлер ціснуў на ўсіх сваіх саюзьнікаў, каб яны ўступілі ў вайну. З Франка атрымалася толькі часткова, хаця ціснулі і на яго, як на ўсіх астатніх.

СССР у 1968 годзе падчас уварваньня ў Чэхаславаччыну ціснуў на ўсіх сваіх саюзьнікаў па сацлягеры, каб яны паслалі свае вайсковыя кантынгэнты разам з савецкім на задушэньне «антысацыялістычнага мяцяжу». Румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску адмовіўся, але ціснулі і на яго.

Сёлета ў студзені на просьбу Казахстану для задушэньня пратэстаў у краіну быў уведзены кантынгент сілаў АДКБ. Удзельнічалі ў акцыі ўсе вайсковыя саюзьнікі Расеі, у тым ліку і Беларусь. Беларусь мо рабіла гэта з ахвотай, Армэнія і Кіргізстан — без ахвоты, што тады выплюхнула нават у публічную прастору. Але паслалі салдат у Казахстан і яны.

Таталітарныя дзяржавы ў мінулым і аўтарытарная Расея сёлета зьбіралі, зганялі на свае войны арміі ўсіх сваіх саюзьнікаў. Каго атрымлівалася сагнаць. А ў цяперашняй вайне Пуціну чамусьці не спатрэбіўся ўдзел бліжэйшага саюзьніка? Брэжневу ў 1968 годзе спатрэбіўся і румынскі кантынгент, а Пуціну цяпер беларускі не патрэбен?

2. Цяпер да гісторыі з Франка. З архіўных дакумэнтаў, з паказаньняў і ўспамінаў атачэньня Гітлера вядома, што ён падчас сустрэчы з Франка на мяжы акупаванай Францыі і Гішпаніі дамагаўся ад каўдыльлё поўнамаштабнага ўдзелу ў вайне. Той адмовіўся. Крыніцы кажуць, што пасьля размовы пры вяртаньні Гітлер сказаў свайму атачэньню: «Я лепш дам сабе вырваць пару здаровых зубоў, чым яшчэ буду зь ім размаўляць».

Зусім не паслаць гішпанцаў ваяваць у Франка не атрымалася, абмежаваўся адной дывізіяй на Ўсходнім фронце. Але з брытанцамі і амэрыканцамі не ваяваў. Аднак вонкі гэты канфлікт паміж двума дыктатарамі ніяк не пратачыўся, на публіку і ў Бэрліне і ў Мадрыдзе гаварыліся словы пра дружбу і адзінства паміж Гішпаніяй і Нямеччынай.

Ну дык і цяпер Пуцін і асабліва Лукашэнка гавораць пра сяброўства, падтрымку і адзінства. Але не пайшлі ж беларускія войскі праз мяжу.

Франсіска Франка, Бургас, 1938
Франсіска Франка, Бургас, 1938

3. Наступны аргумэнт тычыцца ня даўняй гісторыі, а цяперашняй вайны, яе дыпляматычнага аспэкту. Лукашэнка ледзь не са скуры вылузваецца, даказваючы, як ён падтрымлівае Расею, бэсьціць саюзьнікаў па АДКБ за адсутнасьць гэтай падтрымкі.

Але пры гэтым Расея ў лютым прызнала «ЛНР» і «ДНР». Сырыя, хаўрусьнік Расеі, прызнала, а Беларусь — не. Пасьля дэклярацыі аб далучэньні да РФ чатырох абласьцей Украіны КНДР прызнала гэтае рашэньне. А Беларусь — ізноў жа не. Паехаў Лукашэнка з Сочы пасьля сустрэчы з Пуціным у самаабвешчаную Абхазію. Некаторыя чакалі, што за гэтым адбудзецца прызнаньне Абхазіі. Але не адбылося.

Па ідэі, Расея была б зацікаўленая ў тым, каб Беларусь прызнала і Абхазію, і ў лютым і пасьля — «ЛДНР» і апошнюю анэксію. Пры гэтым такія прызнаньні з боку Лукашэнкі ніякіх гіпатэтычных катастрафічных наступстваў для Расеі ня несьлі. Уступленьне беларускага войска ў вайну могуць і прынесьці — магчымыя ўдары ўкраінцаў па беларускай тэрыторыі, нізкая баяздольнасьць беларускай арміі, магчымыя пратэсты ў Беларусі.

Ну а якая шкода Расеі была б ад прызнаньняў з боку Беларусі? Ну разарвалі б Украіна ці Грузія дыпляматычная адносіны зь Беларусьсю. І бяды ад гэтага Маскве? Дык чаму ж не дамагчыся такой, на першы погляд, лёгкай, відавочна карыснай і бяскрыўднай мэты? А вось не дамагліся. Імаверна, што спрабавалі, але не атрымалі чаго хацелі. Дык мо і ў вайсковай сфэры неяк падобна?

4. Яшчэ адзін аргумэнт за тое, што пэўная самастойнасьць у Лукашэнкі ёсьць — гэта пазыцыя прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Украіна дагэтуль трымае свайго амбасадара ў сталіцы краіны-суагрэсара.

Зяленскі публічна заяўляў, што Лукашэнка робіць пэўныя крокі для таго, каб беларуская армія не была ўцягнутая ў вайну. Мае апанэнты выказваюць меркаваньні, што такая думка Зяленскага — гэта проста памылка, недасьведчанасьць, магчыма, вынік карысьлівых інтарэсаў украінскіх элітаў.

Але ня варта забываць, што Зяленскі ня вольны палітоляг, а кіраўнік дзяржавы з даволі эфэктыўным, як паказалі падзеі гэтага году, дзяржаўным апаратам, у тым ліку і выведным. Да таго ж з улікам цяперашніх адносінаў Захаду з Украінай ён мае доступ, хай і няпоўны, да выведных дадзеных заходніх краінаў. Тое, што такая інфармацыя Кіеву перадавалася і перадаецца, даўно не сакрэт.

А таксама варта прыгадаць, што ў канцы мінулага году ЗША са спасылкай на свае выведдадзеныя беспрэцэдэнтна катэгарычна і ўпэўнена заявілі: Пуцін нападзе. Яны не блефавалі, не стваралі дымавую заслону — яны проста ведалі. Дык, магчыма, і цяпер крамлёўскія таямніцы для іх не зусім таямніцы. І дзеляцца зь Зяленскім. І ня выключана, што яго пазыцыя адносна ўзаемаадносінаў Лукашэнкі і Пуціна тлумачыцца вельмі проста: ён ведае.

Усе выкладзеныя аргумэнты ўскосныя і дастаткова ўмоўныя. Для мяне тое, пра што і як размаўляюць Лукашэнка і Пуцін сам-насам — гэта «чорная скрыня». Але і для маіх апанэнтаў сытуацыя аналягічная. Пераканаўча даказаць як наяўнасьць, гэтак і адсутнасьць ціску ў цяперашніх умовах немагчыма. Магчыма, пройдуць гады, адкрыюцца архівы, загавораць людзі з атачэньняў Лукашэнкі і Пуціна, тады і даведаемся дакладна, хто ў цяперашняй спрэчцы меў рацыю.

Напрыканцы хацеў бы падкрэсьліць, што не адмаўляю надзвычай глыбокай залежнасьці Лукашэнкі ад Масквы, абмежаванасьць ягоных магчымасьцяў самастойна дзейнічаць. І самы характар праяўленьня ягонай адноснай самастойнасьці — гэта не адкрыты супраціў, не катэгарычнае «не». Калі яму з Крамля кажуць недвухсэнсоўнае «трэба», ён выконвае і ніякай аўтаноміі ў яго няма. Але паміж «трэба» і «рабіце як і што хочаце» ёсьць вялікі дыяпазон магчымасьцяў. І на «някепска было б, каб вы гэта зрабілі» гучыць не адмова, а безьліч аргумэнтаў, трукаў, «адмазак», сэнс якіх — гэта ўсё ж адмова.

Гледзячы па ўсім, ня толькі ва Ўкраіне, але і шмат у якіх краінах Захаду нават калі ня ведаюць дакладна, дык зыходзяць з прэзумпцыі таго, што нешта ад Лукашэнкі залежыць і ў пытаньнях вайны і міру. Амбасады ў Менску працуюць, з эмісарамі Лукашэнкі размаўляюць, разрыў паміж узроўнямі санкцыйнага ціску адносна Расеі і Беларусі захоўваецца.

Справа ў тым, што для Захаду такое дапушчэньне выгаднае, нават калі яно памылковае. Калі яно слушнае, калі ад Лукашэнкі нешта залежыць, то названыя рухі цела Захаду могуць і падштурхнуць яго паўплываць на сытуацыю ў станоўчым кірунку, прадухіліць ці адцягнуць уступленьне Беларусі ў вайну. Што ў гэтым варыянце губляе Захад? Толькі набывае.

Калі ж ад Лукашэнкі ў пытаньнях вайны і міру не залежыць абсалютна нічога, а ўсё вырашае Пуцін, то што губляе Захад ад крыху менш жорсткай пазыцыі, чым яна магла б быць? У межах гэтага варыянту, калі б да Лукашэнкі пачалі ставіцца больш жорстка, як гэта паўплывала б на рашэньні Пуціна, ці трэба яму беларускае войска для вайны або не? Ніяк.

Калі пры адной стратэгіі дзякуючы ёй можа быць, хаця і малімаверны, станоўчы вынік, а пры другой вынік ад яе наагул не залежыць — дык які выбар зробіць рацыянальны гулец?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ад рэдакцыі. Пазьней на сайце Свабоды зьявіцца блог іншага аўтара з адрозным меркаваньнем па азначаным пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG