На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць грамадзкі дзяяч, кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.
Уладзімір Зяленскі
5 красавіка
Мы можам паглядзець на таго самага Лукашэнку. На жаль, такая сытуацыя, якая яна ёсьць паміж нашымі дзяржавамі. І, на жаль, ракеты ляцелі ад яго, і ён цудоўна пра гэта ведае і разумее. Але мы бачым, што ён нешта, нейкія крокі ён там рабіў, каб не ўступіць цалкам у вайну.
28 сакавіка
Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандар Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён ізноў у доме гаспадар, — ды калі ласка. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна ня наш.
Мікалай Халезін
- Мне не падабалася палітыка Зяленскага адносна Беларусі, якая вялася да вайны, асабліва ў 2020 годзе. Не было ніякай дапамогі беларускаму пратэсту, нават рэвэрансаў у яго бок. З крыніцаў у яго адміністрацыі, я ведаю, што стаўленьне да пратэстаў было вельмі халодным, Гэта і працягваецца, Зяленскі ўспрымае Беларусь як вотчыну Лукашэнкі.
- Зяленскі сваімі заявамі пра Лукашэнку спрабуе маніпуляваць ім. Але гэта бессэнсоўна. Тыя тармазы, якія ён спрабуе ўключыць — гэта запозьненыя дзеяньні. Бо Лукашэнка ўжо датычны, зь беларускай тэрыторыі бамбуюць і атакуюць Украіну. Лукашэнка сваю тэрыторыю для гэтага і даў. І Лукашэнка ня ўхіліцца ад кваліфікацыі яго як ваеннага злачынцы.
- Зяленскаму ня варта было рабіць рэвэрансы на адрас Лукашэнкі. Зяленскі мусіць разумець, што будзе захоўвацца напружанасьць і пагроза вайны.
- Я жыву ў рэальным сьвеце, я разумею, што Зяленскі палітык і ён ня скажа, што Лукашэнка — ваенны злачынца, што ён не прэзыдэнт, а Беларусь акупаваная.
- Маніпуляцыі Зяленскага не працуюць. Але працуе пагроза Лукашэнку з боку міжнароднай супольнасьці, якая шматкроць павялічылася ў параўнаньні з даваенным часам.
- Для Зяленскага лёс Беларусі — гэта сапраўды апошняе пытаньне. Але калі не разьвязаць гэты вузел ва ўсіх трох краінах, пагрозы будуць нарастаць і рэалізоўвацца.
- На некаторых беларусаў такія выказваньні Зяленскага робяць дэмаралізуючы ўплыў.
- На Лукашэнку зараз уплываюць ня словы, а зьмены сытуацыі. І ўсе яго цяперашнія спробы патлумачыць, што ён да нападу ня мае ніякага дачыненьня — гэта не працуе.
- Да вайны Лукашэнка загнаў Беларусь пад санкцыі, але Расея дапамагала абыходзіць санкцыі. Але цяпер іншая сытуацыя. Сёньня Расея сама трапіла пад беспрэцэдэнтна жорсткія санкцыі. І шляхоў адыходу, абыходу ў Лукашэнкі больш няма. Зараз ён будзе рабіць усё, каб пазьбегнуць наўпроставага ўцягваньня ў вайну.
Віталь Цыганкоў
- У мяне словы Зяленскага пра Лукашэнку ня выклікалі абурэньня і нават крытыкі. Мы разумеем, што Ўкраіна — у стане вайны. І гэта вызначае ўсё.
- У сацыяльных сетках мы бачым, як украінцы рэагуюць на беларусаў, кідаюцца самыя розныя абвінавачваньні, украінцы часам не адрозьніваюць беларусаў-прыхільнікаў Лукашэнкі ад яго праціўнікаў.
- Як раз украінскае кіраўніцтва — і Зяленскі, і Арастовіч, і міністар абароны Рэзьнікаў — імкнуцца аддзяліць пазыцыю Беларусі ад пазыцыі Расеі, каб Беларусь сваімі войскамі не ўступала ў вайну.
- Беларусь дала сваю тэрыторыю Расеі для нападаў на Ўкраіну. Украіна з гэтым нічога зрабіць не магла. Але яны спрабуюць зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць уступленьне ў вайну беларускага войска.
- І напэўна толькі гісторыкі ў будучым высьвятляць, што стала прычынай, чаму беларускія войскі ня ўдзельнічалі ў вайне — ці дзякуючы антываеннаму кансэнсусу ў беларускім грамадзтве, шматлікім антываенным пратэстам, дзеяньням «рэйкавых партызанаў», ці калі б Крэмль загадаў, то беларускія войскі ўступілі б у вайну. Ці Крэмль і хацеў загадаць, а Лукашэнка даводзіў, што ад гэтага Расеі будзе толькі горш, ці ніякай самастойнасьці ў Лукашэнкі няма.
- Хутчэй за ўсё беларускае войска ўжо і ня ўступіць у вайну, ужо ў гэтым няма ваеннай патрэбы, расейцы, атрымаўшы паразу, адышлі ад Кіева. Атрымліваецца, што гэтыя заявы ўкраінскага кіраўніцтва пра адрознасьць пазыцыяў Менску і Масквы адыгралі сваю ролю.
- Чэрчыль быў хіба ня самым зацятым антыбальшавіком у Эўропе. Але калі давялося змагацца з Гітлерам, то ён стаў саюзьнікам СССР, забыўшы пра свой антыбальшавізм.
- Кіеву даводзіцца заплюшчваць вочы на тое, які рэжым пануе ў Беларусі. Для беларусаў крыўдная фраза Зяленскага: «Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандар Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён ізноў у доме гаспадар, — ды калі ласка. Мне, шчыра кажучы, усё роўна». Але пакуль яго краіна ў агні, яму і сапраўды ўсё роўна, абы Беларусь не напала на Ўкраіну.
Аляксандар Лукашэнка
7 красавіка
- Ужо няма сумневаў, што з пачаткам расейскай апэрацыі ва Ўкраіне завяршылася цэлая гістарычная эпоха. Ва ўмовах абвастрэньня супрацьстаяньня вядучых гульцоў імкліва фармуецца новы «водападзел» паміж Усходам і Захадам«.
- Калі казаць пра Беларусь, то наш выбар быў відавочны. Пасьля выяўленьня бясспрэчных фактаў аб рэальнай пагрозе нацыянальнай бясьпецы намі былі прынятыя неабходныя меры для абароны сваёй краіны. Абсалютна правамерна задзейнічаны мэханізм ваеннай падтрымкі ў рамках нашага саюзу Беларусі і Расеі.
- Бяздоказна і беспадстаўна Беларусь абвясьцілі «памагатым агрэсара». Усьлед за гэтым неадкладна наступілі чарговыя санкцыі.
- Паколькі вы нас умяшалі сюды, перш за ўсё заходнія краіны, — там, на гэтых перамовах, натуральна, мусіць прагучаць пазыцыя Беларусі. Мы зыходзім не з таго, што нас у адзін кошык пагрузілі з Расеяй, не. Мы зыходзім з таго, што гэтая вайна — за плотам нашай краіны.
Цыганкоў
- Сёньняшнія заявы Лукашэнкі аб тым, што Беларусь абавязаныя запрасіць за стол мірных перамоваў, нагадалі, як некаторыя краіны абвяшчалі вайну Нямеччыне ў 1944-1945 гадах. Нават краіны, якія з 1940-га году былі саюзьнікамі і памагатымі Бэрліну, у 1944-ым «празрэлі».
- У першыя дні пасьля пачатку вайны ва ўкраінцаў не было выйсьця, яны не маглі адмовіцца ад прапановы праводзіць перамовы ў Беларусі. А цяпер узьнікла Турэччына, Эрдаган, які сапраўды можа быць пасярэднікам і паводле сваёй палітычнай вагі, і паводле сваёй неаангажаванасьці ў вайну. Лукашэнку крыўдна, што ён страціў гэты козыр, нават умоўны.
- Усім нам відавочна, што агрэсія адбывалася ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Калі б Лукашэнка сышоў, то праблемы не было б. Новыя ўлады сьпіхнуць на яго ўсю віну. Але калі Лукашэнка захавае ўладу і пасьля вайны, то ён будзе даводзіць, што ён ні пры чым, што яго падманулі — самі прыйшлі на вучэньні і самі распачалі агрэсію.
- Яго заявы ў першыя дні пасьля пачатку вайны, тое, што ён казаў пра кіраўніцтва Ўкраіны, сьведчыць, што ён тады рыхтаваўся да хуткага параду перамогі на Хрышчаціку.
- Але ўсё пайшло ня так. І ён спрабуе давесьці, што Беларусь пад яго кіраўніцтвам не агрэсар, а толькі нявольны саўдзельнік. З пункту гледжаньня справядлівасьці і маралі ён мусіць быць асуджаны, як агрэсар. Але рэакцыя на гэтую яго зьмену пазыцыі можа быць рознай.
- Падчас Другой сусьветнай вайны нямецкія вайсковыя грузы везьлі праз нэўтральную Швэцыю ў Нарвэгію, дзе Нямеччына ваявала з нарвэскай і брытанскай арміямі. І ніхто Швэцыю праз гэта не караў.
- Саўдзел лукашэнкаўскай Беларусі ў вайне большы. Але баюся, што гэтая рыторыка можа быць пачутая. Рэч ня ў тым, што Эўропа ў гэта паверыць. Але можа скласьціся сытуацыя, у якой яна пагодзіцца ў гэта паверыць.
- Я адхіляю вэрсію, паводле якой прэтэнзія Лукашэнкі паўдзельнічаць у мірных перамовах — гэта прэтэнзія на долю ў будучай ваеннай «здабычы».
- Калі Ўкраіна пасьля вайны зоймецца аднаўленьнем разбуранага, то Беларусь будзе апошняй краінай, да якой Украіна зьвернецца па дапамогу. Беларусь і тады будзе ўспрымацца як саўдзельнік агрэсара.
- Мэта прэтэнзіі Лукашэнкі на месца за сталом перамоваў — нагадаць пра сябе, мы тут ёсьць, мы тут балькон, мы важныя для Расеі і для Эўропы, нашую тэрыторыю нельга аддаваць Расеі.
- І яшчэ адна матывацыя — паказаць, што мы не агрэсары, мы прадстаўленыя на перамовах асобна ад Расеі, мы — не яны.
Халезін
- Прэтэнзія Лукашэнкі на ўдзел у мірных перамовах — гэта ні аб чым. Маўляў, мы ж таксама ёсьць у гэтым сьвеце, вы ж ня можаце проста запісаць мяне ў Мусаліні, а потым павесіць, як яго. Ён прэтэндуе на роўнае месца зь Зяленскім і Пуціным. Але ў мяне пытаньне — а якая пазыцыя афіцыйнага Менску?
- Перамовы ў Стамбуле адкрываў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, стоячы на трыбуне перад дэлегацыямі. На перамовах у Беларусі такая трыбуна таксама была, толькі нябачная. І на ёй стаяў Пуцін. Перамовы ў Беларусі — гэта быў праект Пуціна.
- А Эрдаган — гэта фігура зусім іншага калібру. Ён, ні на што не зважаючы, даў Украіне баявыя бесьпілётнікі, і яны ў значнай ступені вызначылі хаду вайны, асабліва ў першыя дні.
- Лукашэнка заўсёды, калі сытуацыя пагаршаецца, спрабуе схавацца, як дырэктар саўгасу, які скраў саўгасную маёмасьць.
- Днямі на пасяджэньні Эўрапейскай рады выступіў былы прэм’ер Бэльгіі Гі Вэрхаўстат. І ён проста сарваўся на крык, крытыкуючы санкцыі адносна Расеі за іх нерашучасьць. Раней такая пазыцыя не агучвалася такімі важкімі асобамі.
- Лукашэнка разумее, што ў гэтай эканамічнай мясарубцы першай ахвярай стане ён.