Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі, што чакаюць ад Лукашэнкі прызнаньня незалежнасьці Абхазіі


Налепка з надпісам «Расея — акупант» на грузінскай вуліцы
Налепка з надпісам «Расея — акупант» на грузінскай вуліцы

Уладзімір Пуцін не абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам падчас перамоваў у Сочы прызнаньне Беларусьсю Абхазіі. Пра гэта заявіў журналістам прэс-сакратар расейскага кіраўніка Дзьмітрый Пяскоў.

Пяскоў адзначыў, што аб прызнаньні Крыму ў гэтым кантэксьце гаворкі таксама не ішло. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ў Крамлі разьлічваюць, што «беларускія таварышы» своечасова прымуць «адпаведнае рашэньне». Пяскова цытуе РИА Новости.

У жніўні 2008 году пасьля вайны паміж Расеяй і Грузіяй і зьяўленьня дзьвюх самаабвешчаных рэспублік — Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі — Лукашэнка сустракаўся зь іх кіраўнікамі ў Сочы. Аднак у выніку Беларусь так і не прызнала незалежнасьць гэтых рэспублік.

28 верасьня 2022 году ён без папярэдняга анонсу прыехаў у Абхазію і сустрэўся з кіраўніком самаабвешчанай Абхазіі Асланам Бжанія.

У сувязі зь візытам Лукашэнкі ў Абхазію ў МЗС Грузіі выклікалі амбасадара Беларусі ў гэтай краіне Анатоля Ліса. Ад яго запатрабавалі тлумачэньняў. Тбілісі заклікаў Менск паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі ў яе прызнаных межах і не рабіць дзеяньняў, якія супярэчаць прынцыпам міжнароднага права.

Прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі выказала абурэньне візытам Лукашэнкі. Яна абвінаваціла яго ў парушэньні двухбаковых адносін і міжнароднага права.

Абхазія — рэспубліка з насельніцтвам прыблізна 245 тысяч чалавек у складзе Грузіі. У 2008 годзе падчас жнівеньскай вайны Абхазію разам з Паўднёвай Асэтыяй акупавала Расея, на акупаваных тэрыторыях мясцовыя прамаскоўскія ўлады абвясьцілі незалежнасьць сваіх рэспублік.

Аднак незалежнасьць Абхазіі прызналі толькі пяць краін ва ўсім сьвеце: Расея, Сырыя, Вэнэсуэла, Науру, Нікарагуа. Тыя ж дзяржавы прызналі і 57-тысячную Паўднёвую Асэтыю. Ваенную агрэсію Расеі і яе мясцовых калябарантаў асудзілі на міжнародным узроўні.

У жніўні 2021 году Лукашэнка расказаў, чаму не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Паводле яго слоў, Захад пагражаў Менску дадатковымі санкцыямі ў выпадку прызнаньня незалежнасьці гэтых самаабвешчаных рэспублік, Масква ж адмовілася кампэнсаваць эканамічныя страты. Пры гэтым Лукашэнка тады назваў «нядобрым фактам» падзею, «калі Асэтыю адарвалі ад Грузіі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG