Беларускі вайсковец у адстаўцы стаў фігурантам крымінальнай справы аб «здрадзе дзяржаве». Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Крымінальную справу паводле артыкулу 356 КК распачалі ў дачыненьні Дзьмітрыя Гуліна, піша «Берасьцейская вясна».
Сюжэт пра яго паказала дзяржаўная ТРК «Брэст». Паведамляецца, што да 2012 году мужчына служыў ва Ўзброеных сілах. Пасьля адстаўкі афіцэр жыў і працаваў у Ташкенце.
Пасьля 2020 году, паводле вэрсіі ўладаў, Гулін нібыта «стаў агентам украінскіх спэцслужбаў», за што яго затрымалі.
У відэа, паказаным на дзяржаўным тэлеканале, Дзьмітрыя, пэўна, прымусілі сказаць, што ўкраінцаў цікавіла разьмяшчэньне расейскіх частак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, тое, чым яны займаюцца і адкуль робяць запускі ракет.
Гуліну выставілі абвінавачваньні паводле артыкулу 356 КК (здрада дзяржаве), вынікае з роліка.
Рэжым Лукашэнкі зь першых дзён поўнамаштабнай вайны заняў бок Расеі, прадаставіў яе войскам палігоны для трэнаваньняў, пазыцыі для дысьлякацыі. Расейцы лячыліся ў беларускіх шпіталях і запускалі зь беларускай тэрыторыі ракеты. За фатаздымкі расейскай вайсковай тэхнікі і антываенныя выказваньні масава затрымліваюць і катуюць беларускіх грамадзян.