З 1 студзеня ўлады павышаюць некаторыя падаткі, таксама ўводзяцца і новыя. Гэта прадугледжваюць зьмены ў абноўлены Падатковы кодэкс. Што ж зьменіцца?
Падатак на звышдаходы
Падатак на звышдаходы ўлады прыдумалі яшчэ сёлета, але запрацуе гэтае новаўвядзеньне з 2025 году. Калі даход чалавека за гэты год перавысіў 220 тысяч рублёў (больш за 16 667 рублёў за месяц), то стаўка па падатку будзе 25% замест цяперашніх 13% з сумы перавышэньня.
Пакуль гаворка вядзецца пра тры віды даходаў:
- Даходы з дывідэндаў
- Даходы паводле працоўных дамоваў (заробак)
- Даходы паводле грамадзянска-прававых дамовах (дамовы падраду)
Падатак на жывёлаў
Стаўку падатку за валоданьне сабакамі плянуюць павялічыць з 59,6 рубля да 63 рублёў на квартал за пароды сабак зь пераліку патэнцыйна небясьпечных, у іншых выпадках стаўка падатку вырасьце з 11,9 рубля да 13 рублёў.
Ад гэтага падатку вызваляць людзей з інваліднасьцю III групы, пэнсіянэраў, бацькоў ці ўсынавіцеляў дзяцей з інваліднасьцю да 18 гадоў, шматдзетныя сем’і з траімі ці большай колькасьцю дзяцей. Таксама ад падатку вызваляюць асобаў, якія жывуць у аднакватэрных ці блякаваных жылых дамах.
Падатак на кватэру
Таксама налета вырасьце падатак на першую кватэру. За 2024 год падатак на двухпакаёўку ў Менску быў 48 рублёў. У наступным годзе ён вырасьце прыкладна да 51 рубля.
Падатак на здачу жыльля ў арэнду
Пачынаючы з 2025 году, падатак на даход ад здачы жыльля ў арэнду ў Менску вырасьце з 47 рублёў да 50 рублёў за кожны жылы пакой, а ў абласных цэнтрах і Менскім раёне — з 44 да 46 рублёў.
У буйных раённых цэнтрах стаўку падатку прапануецца падняць з 29 да 31 рубля, у іншых гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — з 21 да 22 рублёў.
Падатак на аўтамабілі
З наступнага году таксама зьменяцца стаўкі ў падатках на аўтамабілі. Гэта закране і люксавыя аўтамабілі: чым большая вага машыны, тым большы падатак. Што да звычайных легкавікоў, то гэты рост складзе ад 9 да 30 рублёў.
Што тычыцца люксавых аўта, то стаўкі падымуцца ў 10 разоў. Пералік такіх аўтамабіляў вызначыў урад. Гэтая зьмена ўведзеная сёлета, аднак фізычныя асобы пляцяць падатак па завяршэньні году, такім чынам яна запрацуе з наступнага.
Вырастуць выплаты для рамесьнікаў і ўладальнікаў аграсядзібаў
З 1 сакавіка наступнага году самазанятыя асобы, рамесьнікі і ўладальнікі аграсядзібаў пачнуць плаціць унёскі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта 29% ад самастойна вызначанага даходу, але штомесячны прыбытак пры гэтым мусіць быць ня меншым, чым мінімальны заробак (626 рублёў). Раней гэтыя катэгорыі маглі добраахвотна рабіць унёскі ў фонд, з наступнага ж году гэта стане абавязкам. Такім чынам, зь мінімальнага заробку штомесячны плацеж складзе 181 рубель 64 капейкі.
Вырастуць акцызы на алькаголь і тытунь
Акцызы — від ускоснага падатку, уключанага ў цану прадукту. З 1 студзеня яны вырастуць на тытунь і алькаголь. У сярэднім алькагольныя акцызы прапануюць павысіць на 5%, акцызы на цыгарэты другой катэгорыі вырастуць на 5%, першай — на 11,9%. Гэта прывядзе да падаражаньня гэтых тавараў.
«Гэта індэксацыя падаткаў»
Старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык лічыць гэтыя зьмены «індэксацыяй падаткаў». На ягоную думку, у цэлым гэта не прывядзе да істотнага павышэньня падатковай нагрузкі на грамадзянаў. Гэта калі ва ўладаў ня будзе падстаў для нейкіх рэзкіх зьменаў.
«Меры, заплянаваныя ў частцы павышэньня падаткаў, зьвязаныя зь іх індэксацыяй. Гэта індэксацыя на прагнозны ўзровень інфляцыі ў 5,4% на наступны год. Мы ўбачым, што ў адсотках да ВУП падаткі застануцца ў тым жа памеры. Падатковая нагрузка на эканоміку ня будзе расьці, згодна з плянам», — кажа экспэрт.
Паводле суразмоўцы, гэтыя зьмены могуць быць адчувальнымі для некаторых катэгорый грамадзян, але ў цэлым па краіне «яны ня будуць моцна прыкметнымі». Большай жа падатковая нагрузка можа стаць пры двух фактарах:
— калі раптам абваліцца расейская эканоміка;
— калі Расея скароціць падтрымку Беларусі.
«Тады магчыма, будуць скарачаць нейкія расходы ці падымаць падатковую нагрузку. Аднак пакуль гэта ня базавы сцэнар і выканаць бюджэт выглядае рэалістычна», — дадае экспэрт.
Падатковая нагрузка на бюджэт 2025 году складзе 24,6%, у 2024 годзе яна будзе, паводле прагнозу, 23,8% (у 2023 годзе была 24%).
Форум