Як паведаміла Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны , у вучэньнях, апроч ратавальнікаў, удзельнічалі падразьдзелы ўкраінскіх памежнікаў, паліцыянтаў, супрацоўнікі міграцыйнай службы, мясцовыя ўлады і валянтэры.
«Ратавальнікі разьбілі намётавае мястэчка, у якім працаваў міжведамасны штаб, а таксама пункты кансультацыйнай мэдычнай і псыхалягічнай дапамогі, пункты адпачынку і абагрэву, намёт для прыёму ежы, гарачых напояў і пітной вады», – удакладнілі ў паведамленьні.
З польскага боку ў вучэньнях удзельнічаў кіроўны склад управы пажарнай службы Люблінскага ваяводзтва Польшчы. Яны паінфармавалі аб парадку наданьня дапамогі грамадзянам Украіны на тэрыторыі Польшчы.
14 сьнежня ўкраінскія памежнікі затрымалі групу незаконных мігрантаў з Ірану ў Валынскай вобласьці за 100 мэтраў ад лініі ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю і за 5 мэтраў да мяжы з Польшчай.
Раней Цэнтар нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з украінскай выведкай, заявіў, што беларускія памежнікі наўмысна скіроўваюць уцекачоў з Ірану і Пакістану на ўкраінскія межы.
15 сьнежня міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, міністар замежных справаў Дзьмітро Кулеба, а таксама галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй Валеры Залужны ў інтэрвію журналістам заявілі, што Расея рыхтуе новы маштабны наступ на Ўкраіну, які можа адбыцца неўзабаве пасьля Новага году.
16 сьнежня ў выніку чарговай ракетнай атакі Расеі на Ўкраіну больш як 1 мільён украінскіх грамадзян засталіся безь сьвятла, вады і цяпла.