Сынгапур — гэта горад-дзяржава ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. У СМІ Сынгапур называюць «цывілізаванай дыктатурай», гавораць пра «сынгапурскі эканамічны цуд», высокі ўзровень жыцьця і прагрэс. Тут чатыры афіцыйныя мовы: ангельская, малайская, кітайская і тамільская. Для штодзённых стасункаў эмігрантам дастаткова ангельскай.
Сынгапур лічыцца адной з самых разьвітых краін сьвету. Ён на пазыцыях лідэраў у рэйтынгу сусьветных фінансавых цэнтраў і лічбавай якасьці жыцьця. Аднак у рэйтынгах свабоды слова Сынгапур у апошняй з канца дваццатцы.
Тут практычна ўвесь год тэмпэратура паветра трымаецца каля +30, высокая вільготнасьць.
«Уразіла адчуваньне прагрэсу ва ўсім»
Карына паступіла вучыцца ў міжнародны каледж у Сынгапуры ў 2021 годзе. Яна прайшла тры этапы адбору і трапіла на навучаньне, прычым са стыпэндыяй. Сынгапур самастойна беларуска не выбірала. Умовай стыпэндыі было тое, што ўдзельнік праграмы едзе туды, куды накіруюць. Так Карына апынулася ў Сынгапуры, дзе вучыцца ў адным з 18 каледжаў праграмы The United World Colleges, раськіданых па ўсім сьвеце.
«Я прыляцела ў Сынгапур у жніўні 2021 году. Сядзела два ці тры тыдні на карантыне, бо тады былі суровыя абмежаваньні праз каранавірус. І толькі пасьля далучылася да вучобы ў каледжы. Я мала займалася пытаньнямі легалізацыі, усіх фармальнасьцяў, бо паводле ўмоваў праграмы гэтым займаліся арганізатары. Толькі падрыхтавала ўсе неабходныя дакумэнты. Але ўвогуле з часовай легалізацыяй, калі вы студэнт ці едзеце па працы, тут няма праблем — калі ёсьць годнае тлумачэньне прычын, чаму вы сюды едзеце», — кажа беларуска.
Зь яе словаў, атрымаць часовы ці сталы дазвол на жыхарства ў Сынгапуры ўжо цяжэй.
Карына таксама кажа, што «ўлівацца ў сыстэму» жыцьця ў чужой краіне было цяжка.
«Першыя ўражаньні — гэта адчуваньне прагрэсу ва ўсім. У тваім тэлефоне ўсё ёсьць — дакумэнты, праграмы розныя, сэртыфікат вакцынацыі і пашпарт. У Беларусі ў мяне было адчуваньне, што мы завісьлі ў часе. Тут жа моцнае адчуваньне руху наперад, асабліва ў эканамічным пляне», — кажа Карына.
«Нават на рынку прапанавалі аплаціць пакупкі праз код»
У Сынгапуры можна купіць усе патрэбнае як у буйных крамах, так і на рынках, на адмысловых вулачках, дзе гандлююць садавіной і гароднінай.
«У мяне быў культурны шок, калі прадавец сказаў, што ня можа прыняць аплату карткай, а толькі гатоўкай ці праз код. Скануеш код на сьцяне — і праз праграму плаціш. Гэта значна спрашчае жыцьцё», — кажа Карына.
У Сынгапуры няма зьмен сэзонаў, да якіх прывыклі эўрапейцы, кажа беларуска. Тут заўсёды каля +30, часам ідуць дажджы, што спрыяе буяньню зеляніны паўсюль.
«Мне, „беласкурай“, цяжка прыстасоўвацца да клімату. Не ратуюць аніякія ахоўныя крэмы. Яркае сонца і высокая вільготнасьць. Выходзіш і потам абліваесься», — кажа беларуска.
«На заходнія прадукты высокія цэны»
На час вучобы Карына жыве ў інтэрнаце.
«Таму цягам акадэмічнага году мне ня трэба купляць ежу. Тут, у каледжы, лічыцца добрым тонам прадстаўляць розныя кухні сьвету. Калі я летам жыла на здымнай кватэры, то сама купляла прадукты. Мне гэта каштавала каля 40 даляраў на тыдзень», — кажа беларуска.
Па яе назіраньнях, дарагія ў Сынгапуры грэчка, бульба, садавіна, ягады. Невысокія ж цэны на мясцовыя прадукты. Напрыклад, на рыс у шматлікіх варыяцыях.
500 грамаў грэчкі яна купляла за 10 даляраў. Кефір бачыла, але ня брала, бо каштуе адзін літар $14.
«Тут вельмі папулярная і разьвітая сетка hawker-centre — вулічных фуд-кортаў. Там людзі зьбіраюцца, каб паесьці і паразмаўляць. Прадстаўленыя кухні Сынгапуру, Малайзіі, Індыі. Часам складана зразумець, што гэта за страва. Зразумееш толькі, калі купіш і пакаштуеш», — кажа Карына.
Яна зь сябрам таксама пабывала ў Burger Kng, дзе Карына ўзяла просты сэт: напой, бургер са штучным мясам, бульбу. Каштавала ўсё разам каля 6 даляраў.
«Цырульніца грэбліва камэнтавала калезе мяне за кароткія валасы»
Карына кажа, што яе досьвед абмежаваны жыцьцём у кампусе. Кола знаёмстваў — пераважна навучэнцы каледжу з розных краін сьвету. Але яна заўважыла, што сынгапурцы «досыць кансэрватыўныя».
«Капіталістычная культура тут на піку. Мне было нязвыкла чуць ад сваіх мясцовых аднагодкаў фразы кшталту: „Чаму ў іншых краінах шмат бяздомных? Яны проста лянуюцца працаваць!“ Такая клясавая дыскрымінацыя», — гаворыць беларуска.
Карына расказвае таксама, што ў Сынгапуры іншыя стандарты прыгажосьці і дзяўчына «мусіць мець доўгія валасы». У самой Карыны яны кароткія. Паслугі цырульніцы каштуюць ад 10 да 60 даляраў.
«Але і за 10, і за 20 даляраў стрыгуць так, што гэта не адпавядае нашым стандартам прыгажосьці. Я выходзіла расчараваная. Яшчэ было так, што цырульніца нэгатыўна камэнтавала мяне сваёй калезе, з-за маёй фрызуры. Яна гаварыла на кітайскай мове, думала, што я не разумею. Яна казала, што я прыехала з Эўропы, і што я — разбэшчаная, і што мне „зьнесла галаву“. А я разумела і было досыць непрыемна. Такое ў іх стаўленьне да нетыповых праяў ідэнтычнасьці», — кажа беларуска.
«Спорт тут вельмі папулярны»
Карына кажа, што спорт і фізычная культура ў Сінгапуры вельмі папулярныя сярод усіх узростаў.
«І гэта вельмі ўплывае на інфраструктуру гораду. Тут людзі жывуць у такіх „таварыствах уласьнікаў“, дзе ў дворыках ёсьць і спартовыя, і фітнэс-залі, і басэйны. Гэта ўсё ў адкрытым доступе, усе жыхары могуць карыстацца. Хапае розных аплікацый у тэлефоне, якія дапамогуць у трэнаваньні. У парках можна скарыстацца нядорага публічнымі роварамі», — кажа беларуска.
«Інтуітыўна я адчуваю закрытасьць грамадзтва тут»
Аднагрупнікі Карыны маюць шырокі кругагляд, таму ў асноўным ведаюць пра Беларусь. Але агулам у Сынгапуры пра ейную радзіму чулі няшмат.
«Многім людзям даводзіцца тлумачыць, расказваць пра нашу краіну і пра нас. Адзін чалавек мне сказаў: „Беларусь? Нейкае дзіўнае ангельскае слова, ніколі яго ня чуў“. Да іншаземцаў тут ставяцца стэрэатыпна. Калі замежнік, значыць, аўтаматычна багаты. Мяне таксама часам спрабавалі падмануць, зьдзерці больш высокую цану», — кажа Карына.
Яна расказвае, што многія людзі, якія прыяжджаюць у Сынгапур, забываюць, што тут таксама дыктатура, хоць і нетыповая.
«Эканамічнае разьвіцьцё, прагрэс, добрая інфраструктура, высокія заробкі. Можна заплюшчыць вочы на нешта і жыць сваім жыцьцём. Але інтуітыўна я адчуваю закрытасьць грамадзтва, замоўчваньне некаторых тэмаў. Беларусь таксама несвабодная краіна, але грамадзтва мае супольнасьці, пэўныя пляцоўкі, дзе мы можам быць самі сабой, давяраць адно аднаму. І гэтыя супольнасьці моцныя», — кажа Карына.
«Тут малпы не саромеюцца падыходзіць да людзей»
Карына кажа, што прырода ў Сынгапуры «моцна ўпісаная» у горад. Там шмат зялёных пляцовак, паркаў.
«Тут своеасаблівыя джунглі. Калі пайсьці трохі глыбей у лес, то можна сустрэць варана, выдру, малпу. Тут малпы не саромеюцца падыходзіць да людзей блізка. І гэта такія асаблівыя адчуваньні. З другога боку, Сынгапур вельмі заціснуты горад. Хочацца часам уцячы туды, дзе вялікія прасторы», — кажа беларуска.
Па словах Карыны, у Сынгапуры добра разьвіты грамадзкі транспарт. Улада заахвочвае людзей карыстацца ім, а не асабістымі аўтамабілямі.
«Адна паездка на аўтобусе ў два бакі каштуе каля 2 даляраў. Мэтро трохі таньнейшае», — кажа беларуска.
Таксі каштуе даражэй у вечар пятніцы. Карына ім карыстаецца рэдка, найбольшыя грошы, які аддала за таксоўку, — прыблізна 20 даляраў. Беларуска таксама згадвае пра дарагі мабільны інтэрнэт — 11 даляраў за 4 гігабайты на месяц.
Пасьля заканчэньня каледжу Карына плянуе паступаць ва ўнівэрсытэт у Канаду ці ЗША.