У Беларусі зарабляла 300 даляраў
Інзе 34 гады. Яна нарадзілася і вырасла ў Беларусі. Адукацыяй музыкант, іграе на акардэоне. Менавіта прафэсія, а дакладней тое, колькі за яе плацяць дома, падштурхнула дзяўчыну паляцець на другі край Зямлі.
Яна адпрацавала па разьмеркаваньні настаўніцай музыкі два гады ў пасёлку. Ёй плацілі каля 300 даляраў.
«Гэта з надбаўкай за сельскую мясцовасьць і як „маладому спэцыялісту“», — тлумачыць дзяўчына.
З 2016 году яна пажыла ў двух рэгіёнах Кітая (Макао і Ганконгу), у Індыі, афрыканскіх краінах Тога і Габон. Паўсюль зарабляла ў разы больш, чым у Беларусі. А апошнім часам, кажа Інга, жыве паміж Францыяй і Літвой.
Макао: дамы ніжэй за 40 паверхаў не будуюць
У 2016 годзе Інга прыляцела ў Макао — адміністрацыйны раён Кітая, вядомы казіно і гульнявой індустрыяй. Гэта былая калёнія Партугаліі. Уваходзіць у склад Кітая, але мае значную аўтаномію: свае законы, грошы, мытню.
Інга прайшла адбор на працу ў курортным гатэлі. Яе працай было граць на акардэоне, рабіла па некалькі шоў у дзень.
Жытло ёй аплачваў працадаўца. Першыя паўгода дзяўчына жыла ў пяцізоркавым гатэлі. Мела магчымасьць неабмежавана харчавацца ў сталоўцы для супрацоўнікаў у любы час. Аднак артыстам нельга было празьмерна набіраць вагу, бо на іх былі пашытыя касьцюмы.
Потым разам з калегамі беларуска пераехала ў вялікую кватэру, дзе кожны меў свой пакой. Цана арэнды з аднаго чалавека — каля 1000 даляраў за месяц, амаль усю суму кампэнсаваў працадаўца. Яны жылі ў комплексе з 40-павярховых будынкаў, дзе ўнутры ёсьць уся інфраструктура для жыцьця, як невялікі гарадок. Дамы ніжэй за 40 паверхаў будаваць у Макао забаронена, бо нерэнтабельна, тлумачыць суразмоўца.
Дзяўчына зарабляла 2500 даляраў у месяц.
«Дах зносіць. Хочацца ўсё купіць за свае першыя вялікія заробленыя грошы. Першы час мы куплялі новыя тэлефоны. Я траціла шмат грошай у мішленаўскіх рэстаранах. Мангусты, марскія гады на кожным кроку. Пакаштавала дурыян. А потым я расчаравалася ў такім спажываньні», — дзеліцца дзяўчына.
Беларуска мела адзін выходны на тыдзень, нядзелю, і ў гэты дзень звычайна падарожнічала ў Ганконг, кантынэнтальны Кітай, на Балі.
«Я аб’езьдзіла там усё і ведала мясцовасьць лепш за іншых», — кажа дзяўчына.
Ганконг: «На масажы я плакала»
Праз два гады Інзе не працягнулі кантракту, і яна паехала жыць і працаваць у яшчэ адзін адміністрацыйны раён Кітая, Ганконг, адзін зь фінансавых цэнтраў сьвету. Ён месьціцца на паўвостраве і сотнях астравоў. Гэта былая брытанская калёнія, як і Макао, мае значную аўтаномію ад Кітая.
У Ганконгу дзяўчына працавала ў музычным цэнтры, а таксама грала на заказных канцэртах, якія і прыносілі ёй большую частку заробку. Даход у месяц у сярэднім складаў 4 тысячы даляраў. За адзін канцэрт можна было зарабіць 300-500 даляраў.
Там яна сама здымала сабе жытло. Невялічкая кватэра-студыя, дзе на 20 мэтрах зьмяшчаўся ложак, кухня і душ, абыходзіўся ёй у 1500 даляраў.
Жыцьцё ў Ганконгу ў разы даражэйшае за беларускае, расказвае Інга. Там можна знайсьці ўсё што заўгодна, але пытаньне ў цане. Прыкладам, малако ў 6-7 разоў даражэйшае, чым у Беларусі. Але ў таннай забягалаўцы за некалькі даляраў можна было смачна і сытна паесьці. Кітайская ежа кшталту локшыны або супу рамэн там таньнейшая, чым у Беларусі. Шмат грошай дзяўчына траціла на каву. Кубак амэрыкана каштаваў 5 даляраў. На ежу ў артысткі ішло 1000 даляраў на месяц, але яна прызнаецца, што асабліва не эканоміла.
І ў Макао, і ў Ганконгу беларуска абыходзілася ангельскай мовай. Кітайскай не вучыла, бо кантынэнтальная кітайская мова адрозьніваецца ад той, якім карыстаюцца ў гэтых раёнах.
«Людзі ў Ганконгу інтэлектуальныя, з эўрапейскімі каштоўнасьцямі, зь імі заўжды было прыемна пагаварыць. А кітайцы з кантынэнтальнага Кітаю троху дзікія, з „камуністычнага раю“, не размаўляюць па-ангельску, могуць схапіць за руку або тыцкаюць у твар тэлефон, відаць, хочучы сфатаграфавацца», — параўноўвае беларуска.
У Ганконгу беларуска пражыла менш за год. У яе пачала балець сьпіна, бо яна шмат працавала, насіла цяжкі акардэон. Аднак у Кітаі ёй ня здолелі дапамагчы. Не паставілі дыягназу і не лячылі парушэньня. На думку Інгі, у Ганконгу дарагая і часта няякасная мэдыцына. Прыём у тэрапэўта каштуе 50 даляраў.
«Яны, відаць, баяцца сутыкацца з эўрапейцамі. Прызначаюць непатрэбныя лекі», — кажа дзяўчына.
Аднойчы яна хадзіла на традыцыйны кітайскі масаж.
«Масажыстка пачала „валіць“ у адно месца, вельмі балюча. Я плакала. А яна адказвала, маўляў, гэта лячэбны масаж», — успамінае дзяўчына.
Урэшце Інга паехала лячыцца ў Беларусь. Там яна месяц праляжала ў шпіталі, ёй спатрэбілася ляпараскапічнае ўмяшаньне.
«Лекары сказалі, што калі б я раней зьвярнулася да іх, то можна было б абысьціся ЛФК», — кажа суразмоўца.
Індыя: «Індыйцаў можна было па тры гадзіны чакаць на канцэрт»
У 2019 і 2020 гадах дзяўчына езьдзіла працаваць у Індыю. Працоўны сэзон пачынаўся ўвесну і доўжыўся паўгода. У сэзон дажджоў іхнае агенцтва не арганізоўвала імпрэзаў, расказвае Інга.
«Мы ляталі па ўсёй Індыі, выступалі на вясельлях, вечарынах. Было па пяць пералётаў на тыдзень. Для параўнаньня: у Макао была вельмі манатонная праца. Мне вельмі спадабалася Індыя», — кажа дзяўчына.
Заробак там складаў 1000-1500 даляраў.
Яна жыла ў горадзе Мумбаі, дзе насельніцтва звыш 12 мільёнаў чалавек.
«Мы жылі ў шматпавярховым доме. Першае ўражаньне — нібыта яго бамбілі. Індыйцам ня хочацца даводзіць жытло да ладу, мяняць дах. Чыста вонкава гэта жах, але ўнутры можа быць прыстойна. З часам я прывыкла да рыкшаў на вуліцах, сьмецьця паўсюль. Я не магла зразумець, як людзі, якія столькі гавораць пра карму, так ставяцца да навакольля», — разважае беларуска.
Жытло артыстам аплочваў працадаўца. Але, прыкладам, аднапакаёўку ў Мумбаі можна было зьняць за 300 даляраў.
«Экспаты могуць жыць у дамах за 1000-2000 даляраў у месяц», — кажа дзяўчына.
Ежа ў Індыі таньнейшая, чым у Беларусі, даступныя садавіна, агародніна. Разьвіты вулічны гандаль, супэрмаркеты не настолькі распаўсюджаныя, як у Беларусі. Інга траціла на прадукты па 200 даляраў у месяц.
Што яе раздражняла ў Індыі, дык гэта празьмерная ўвага мясцовых, бо яна «белы чалавек». Яны падыходзілі, хацелі дакрануцца, сфатаграфавацца, пагаварыць.
«Індыйцы надзвычай непунктуальныя, не шануюць твайго часу. Яны маглі сказаць прыехаць на месца выступу, і яшчэ тры гадзіны трэба было чакаць канцэрту», — успамінае дзяўчына.
Яна вярталася з Індыі дадому, калі ўжо пачалася пандэмія каранавірусу, і захрасла разам з суайчыньнікамі яшчэ на месяц з прычыны адмененых рэйсаў.
Афрыка: «Бывае, едзеш па дарозе ў вёску, а ў кагосьці на палцы вісіць малпа»
Улетку 2020 году Інга паехала жыць у Афрыку. Праўда, не працаваць, а за кампанію са сваім бойфрэндам-французам. Яму прапанавалі працу ў Тога, былой калёніі Францыі і Вялікай Брытаніі ў Заходняй Афрыцы. Праз два месяцы пара пераехала ў яшчэ адну былую францускую калёнію ў Цэнтральнай Афрыцы — Габон. Жылі ў сталіцы краіны Лібравілі.
Агулам яны правялі ў Афрыцы паўтара года. Першы час Інга не працавала, а потым стала даваць дзецям урокі музыкі — 20 даляраў за ўрок. Стала выступаць дуэтам з музыкам з Францыі. За сэрыю выступаў ім заплацілі 1000 эўра.
«Калі я казала, што я музыкант, яны адказвалі: „Гэта ясна. А кім ты працуеш?“», — расказвае пра мясцовых беларуска.
У Габоне яны пасяліліся ў двухпавярховым катэджы: на першым паверсе яны, на другім калега бойфрэнда. Арэнду дома аплочвала кампанія. За месяц — 1500 даляраў. На ўзьбярэжжы дом мог каштаваць па 5 тысяч даляраў.
«Афрыканцы любяць пераймаць у эўрапейцаў. Традыцыйны афрыканскі дом — хаціна. А ў нас быў катэдж, бальконы з балясінамі. Па-нашаму мы мелі 6 пакояў, па іхных мерках — тры, бо лічацца тры спальні», — расказвае беларуска.
Нормай у Габоне былі адключэньні сьвятла на некалькі гадзін у дзень, асабліва ў сэзон дажджоў. Няма сьвятла — няма вады. Многія жыхары на гэты выпадак мелі генэратары.
«Каля нас жыў міністар, нам пашчасьціла. Нам хутчэй уключалі сьвятло. Некаторыя сядзелі без электрычнасьці цэлыя суткі», — расказвае дзяўчына.
Эўрапейскія прадукты каштуюць у Афрыцы вельмі дорага. Нават бананы даражэйшыя, чым у Беларусі, бо яны імпартныя. Затое ў Афрыцы можна было пакаштаваць мяса пітона, дзікабраза. Інга мяса ня ела, бо яна вэгетарыянка. У невялікіх харчэўнях можна было сытна пад’есьці за 5 даляраў: рыс, смажаны банан, курыца.
«Бывае, едзеш па дарозе ў вёску, а ў кагосьці на палцы вісіць малпа: маўляў, вось, я забіў, прадаю», — расказвае пра звычаі дзяўчына.
Яе пужала тое, што ў Афрыцы пашырана шаманства, паганскія рытуалы.
«Мяне таксама шакавала іхнае стаўленьне да жыцьця з пазыцыі ахвяры. У іх ва ўсім вінаватыя французы. Мне гэта нагадала Расею. Габон — багатая краіна, там ёсьць нафта, дыямэнты, лес. Там страшэнная карупцыя, кітайцы і індусы за грошы сякуць лес, вылоўліваюць рыбу. Французаў, якія прыяжджаюць з праверкамі, выкрадаюць. Далей за сталіцу грошы не ўкладаюць. Яны гультаі», — расказвае беларуска.
Мэдыцына там на нізкім узроўні, сьмяротнасьць высокая. Калі дажыў да 60 гадоў, ты старажыл. Сама Інга захварэла на малярыю, сымптомы выявіліся, калі яна ўжо прыехала ў Беларусь. Ёй не адразу паставілі правільны дыягназ, у выніку яна 10 дзён праляжала ў рэанімацыі.
Адукацыя, па яе словах, у Габоне таксама нізкага ўроўню. У клясе па 50-60 дзяцей. Настаўніку ў першы год працы ня плацяць заробку, толькі бацькі скідваюцца на харчаваньне і даюць жытло. Настаўнікі часта бастуюць. Навучальны год праз гэта можа пачацца толькі ў лістападзе. У Лібравілі ёсьць прыватныя амэрыканская і француская школы, але вучыцца там дорага.
«Белая дзяўчына» на вуліцы ў Афрыцы выклікае такую ж цікавасьць, як у Індыі ці Кітаі.
У Габоне ёй давялося вучыць францускую мову, бо ангельскай там не разумеюць.
Парыж: «Што ты, гэта ж „Багемія“, раптам ты разаб’еш!»
Наездамі Інга ў апошнія гады жыве і ў свайго хлопца ў цэнтры Парыжа. У цэнтры кватэра каштуе 3-4 тысячы даляраў за месяц, на ўскраіне можна знайсьці жытло за 1000 даляраў. 500-600 эўра трэба аддаваць за камунальныя паслугі. Зараз усе чакаюць падаражэньня.
«Ёсьць у Парыжы малюпасенькія кватэры, якія перарабілі са старых пакояў для прыслугі», — дзеліцца дзяўчына.
Цэны ў парыскіх гіпэрмаркетах можна параўнаць зь беларускімі, кажа суразмоўца. Праўда, у цэнтры сталіцы ўсё даражэйшае. Пакет малака каштуе 2 эўра, качан капусты — 5 эўра, кавалак сыру — 4-5 эўра, круасан — 1,3 эўра, кубак кавы — 1,5 эўра.
Дзяўчына шкадуе, што паміж невялічкім беларускім і францускім мястэчкам цэлая прорва ва ўзроўні жыцьця. Ёй сымпатычныя некаторыя адметнасьці французаў.
«Мне падабаецца іхная гіпэртактоўнасьць, паважлівае стаўленьне. Яны рана аддзяляюцца ад бацькоў, няма такой сузалежнасьці, як у Беларусі, не прынята няньчыць унукаў або даглядаць старых бацькоў. Няма фінансавага выжываньня. Яны не разумеюць, што такое жыць ад пэнсіі да пэнсіі і яшчэ даць 50 рублёў з пэнсіі сыночку», — дзеліцца назіраньнямі Інга.
Ёй падабаецца, як дагледжана выглядаюць людзі пажылога ўзросту, а таксама як яны захоўваюць традыцыі.
«Людзі старэйшага пакаленьня прытрымліваюцца поўнай сэрвіроўкі стала, парадку падачы страваў, на стале павінныя быць толькі срэбраныя прыборы, для гасьцей дастаюць сэрвізы. Калі я прапанавала маці свайго сябра дапамагчы памыць посуд, яна адмовілася: „Што ты, гэта ж „Багемія“, раптам ты разаб’еш!“ У мяне гэта выклікае замілаваньне», — расказвае Інга.
Праўда, жыць у Францыі дзяўчына бы не хацела. Магчыма, пара на нейкі час спыніцца ў Вільні («Родненькая Вільня, там усё сваё», — кажа Інга). Паралельна яна плянуе паездку ў яшчэ адну афрыканскую краіну — Сэнэгал.