«У той час, як адна краіна рэгіёну мэтанакіравана рэалізоўвала агрэсіўную і антыэўрапейскую палітыку, стратэгія ЭЗ мусіла быць сканцэнтраваная на тым, каб зьменшыць шэрую зону няпэўнасьці на ўсход ад сваіх межаў і інтэграваць тыя краіны, якія імкнуліся абараняць свой эўрапейскі выбар і ідэнтычнасьць. Пуцін успрыняў нявызначанасьць ЭЗ наконт усходніх суседзяў як запрашэньне да агрэсіі», — адзначыў Дзьмітро Кулеба ў заяве, апублікаванай на сайце Міністэрства замежных справаў.
Дзьмітро Кулеба нагадаў, што за год пасьля апошняга саміту «Ўсходняга партнэрства» у рэгіёне адбыліся тэктанічныя зьмены:
- Расея разьвязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны,
- Беларусь спыніла ўдзел у ініцыятыве і ўзяла ўдзел у агрэсіі,
- сытуацыя паміж Азэрбайджанам і Армэніяй заставалася нестабільнай,
- у той жа час Украіна і Малдова сталі кандыдатамі на ўступленьне ў ЭЗ,
- Грузія атрымала эўрапейскую пэрспэктыву.
Украінскі міністар прапанаваў тры ключавыя прынцыпы рэфармаваньня ініцыятываў Эўразьвязу што да ўсходніх суседзяў.
«Па-першае, ініцыятыва мусіць стаць транзытным інструмэнтам для краін, зацікаўленых ва ўзмацненьні палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі з ЭЗ. Па-другое, мусіць і далей рэалізоўвацца магутны інструмэнт „Глябальная Эўропа“ зь бюджэтам у амаль 80 мільярдаў эўра. Па-трэцяе, „Усходняе партнэрства“ мусіць стаць інструмэнтам паглыбленьня сэктаральнай супрацы з ЭЗ у сфэрах бясьпекі, міграцыі, энэргетыкі, транспарту, супрацьдзеяньні гібрыдным пагрозам і дэзынфармацыі. Пры гэтым ключавым кампанэнтам мусіць быць менавіта бясьпека», — падкрэсьліў Дзьмітро Кулеба.
Што атрымала Беларусь ад удзелу ў ініцыятыве «Ўсходняе партнэрства», зь якой яна выйшла
28 чэрвеня 2021 году Беларусь прыпыніла ўдзел у праграме «Ўсходняе партнэрства». «Усходняе партнэрства» — гэта ініцыятыва ЭЗ, скіраваная на ўмацаваньне адносінаў з шасьцю ўсходнімі суседзямі ЭЗ: Украінай, Грузіяй, Малдовай, Азэрбайджанам, Армэніяй і Беларусьсю.
У межах гэтай ініцыятывы ЭЗ вылучаў у тым ліку сродкі на падтрымку розных праектаў у Беларусі.
За мінулыя гады грошы ЭЗ у Беларусі ішлі на энэргазьберажэньне, аднаўленьне воднай інфраструктуры, разьвіцьцё малога бізнэсу. Штогод дапамога ЭЗ Беларусі, пераважна ў выглядзе грантаў, складала каля 30 мільёнаў эўра.
Напрыклад, у 2015 годзе пачаў дзейнічаць праект «Разьвіцьцё аднаўляльных крыніц энэргіі ў Наваградзкім раёне — Дарожная карта для экалягічна чыстай тэрыторыі». Уклад ЭЗ склаў 540 тысяч эўра.
У 2016-м пачалася рэалізацыя праекту «Разьвіцьцё паслуг у сфэры кіраваньня адыходамі ў Пухавіцкім раёне». Уклад ЭЗ — 352 тысячы эўра.
Падчас эпідэміі каранавірусу ЭЗ быў гатовы аказаць падтрымку Беларусі на 60 мільёнаў эўра. Агулам за гады, што Беларусь удзельнічала ў праграмах «Усходняга партнэрства», краіна атрымала ад ЭЗ сотні мільёнаў даляраў дапамогі.