Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла законапраект «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці». У прыватнасьці, большасьцю галасоў прынялі папраўку аб сьмяротным пакараньні ў выпадку «здрады дзяржаве».
З інфармацыяй аб палажэньнях законапраекту ў Палаце прадстаўнікоў выступілі намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Сяргей Гладышаў і намесьнік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у нацыянальнай бясьпецы Аляксандар Дубаў.
«У мэтах аказаньня стрымальнага ўзьдзеяньня на дэструктыўныя элемэнты, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве праектам Закону прапануецца ўнясеньне зьменаў у санкцыю часткі 2 артыкулу 356 КК, якія прадугледжваюць магчымасьць прымяненьня выключнай меры пакараньня ў выглядзе сьмяротнага пакараньня за здраду дзяржаве, зьдзейсьненую службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца. У сувязі з гэтым прыводзяцца ў адпаведнасьць таксама артыкулы 58 і 59 КК», — гаворыцца ў камэнтары прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.
Таксама праект карэктуе артыкул 360 КК «дывэрсія». Замест «нанясеньня шкоды эканамічнай бясьпецы і абараназдольнасьці» мэтай злачынства будзе лічыцца «прычыненьне шкоды эканамічнай і (або) вайсковай бясьпецы». Артыкул дапаўняецца заўвагай аб вызваленьні асобы ад крымінальнай адказнасьці за падрыхтоўчыя дзеяньні да дывэрсіі ў выпадку яе перадухіленьня.
У дыспазыцыю артыкулу 369-1 КК уносіцца адказнасьць за распаўсюджваньне заведама ілжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя Сілы, іншыя войскі і вайсковыя фармаваньні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусі. Увядзеньне такой нормы будзе дзейснай прэвэнтыўнай мерай супраць распаўсюджваньня загадзя ілжывай інфармацыі аб беларускім войску і іншых «сілавых структурах», якая не адпавядае рэчаіснасьці, — тлумачаць ініцыятары.
Якія яшчэ зьмены могуць зьявіцца ў Крымінальным кодэксе
- адказнасьць за распаўсюд інфармацыі, якая дыскрэдытуе войска (такое палажэньне існуе ў Расеі з пачатку яе вайны супраць Украіны);
- штрафы за «антыдзяржаўныя злачынствы» складуць ад 500 да 50 тысяч базавых велічыняў (сёньня гэта ад 16 тысяч да 1,6 млн рублёў);
- новыя крымінальныя артыкулы «прапаганда тэрарызму» і артыкул, датычны парушэньняў у абароне дзяржаўных таямніцаў;
- дазволяць затрымліваць па крымінальных артыкулах на 10 дзён, а абвінавачаньне прад'яўляць цягам 20 дзён (цяпер гэта 3 і 10 дзён адпаведна);
- вызваляць ад адказнасьці, калі чалавек рыхтаваў злачынства ў сфэры эканамічнай або вайсковай бясьпекі, або напад на ўстановы пад міжнароднай аховай, а потым дапамог яго прадухіліць.
Праектам закону Крымінальны кодэкс дапаўняецца артыкулам 289-1 «Прапаганда тэрарызму», пры гэтым у якасьці аб’екту крымінальна-прававой аховы прапанаванага артыкулу выступае грамадзкая бясьпека, гэта значыць стан грамадзкіх адносін, які забясьпечвае належны ўзровень якасьці функцыянаваньня дзяржаўных і грамадзкіх структур, абароненасьці асобна ўзятага чалавека, усяго грамадзтва ў цэлым.
«Актуальнасьць уключэньня ў КК адпаведнай нормы таксама абумоўлена шматнацыянальнасьцю і поліканфэсійнасьцю беларускага грамадзтва, якія могуць быць выкарыстаны зьнешнімі дэструктыўнымі сіламі на шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», так патлумачылі ў Палаце прадстаўнікоў матывацыю па дадаваньні гэтай нормы ў Крымінальны кодэкс.