Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У япархію нехта „зьліваў“ зьмест ягоных пропаведзяў». За што адхілілі ад служэньня сьвятара з антываеннай пазыцыяй


Сьвятар Пётра Пракопцаў
Сьвятар Пётра Пракопцаў

У сярэдзіне лістапада ў царкве вёскі Прыбыткі (Гомельскі раён) зьмяніўся настаяцель. Расказваем падрабязнасьці гэтай гісторыі.

Настаяцелем у Прыбытках быў Пётра Пракопцаў, які ў вясковым храме на мяжы з Украінай праслужыў 18 гадоў. Што стаіць за гэтым адхіленьнем, Свабодзе расказалі крыніцы, блізкія да сытуацыі.

«Непаразуменьні былі ня толькі зь япіскапам, але і зь мясцовымі ідэолягамі»

Пётра Пракопцаў 18 гадоў служыў настаяцелем у храме ў Прыбытках. Вёска гэтая ляжыць непадалёк мяжы з Украінай. У царкве быў «спэцыфічны» кантынгент, бо большасьць вернікаў — былыя вайскоўцы. У савецкія часы ў суседняй вёсцы Зябраўка была вайсковая частка. Потым яе расфармавалі. Вайскоўцы, хто на пэнсіі, засталіся жыць у Зябраўцы. Іншыя даслужылі ў частках у Расеі і вярнуліся ў Зябраўку жыць. Ад пачатку вайны Расеі супраць Украіны аэрадром у Зябраўцы быў заняты расейскімі войскамі. Адсюль выляталі верталёты, ляцелі ракеты ва Ўкраіну, ішла цяжкая тэхніка.

«Айцец Пётра ня мог быць абыякавым, калі на свае вочы бачыў гэта ўсё. Не скажу, што ў яго толькі ў 2022-м „адкрыліся вочы“. Ён меў непаразуменьні зь мясцовай уладай, сельсаветам яшчэ раней. Бо сельсавецкія прыходзілі і казалі сьвятару, каб агітаваў вернікаў ісьці на выбары, каб яны „праявілі грамадзянскую пазыцыю“. Калі сьвятар пярэчыў, то, зразумела, гэта не падабалася ідэолягам і сельсавету. Адтуль ішлі скаргі ў япархію. Айцу Пятру задавалі пытаньні: „Чаму на цябе ідэолягі скардзяцца?“», — падзялілася крыніца Свабоды.

Паводле суразмоўцы, сьвятар не падтрымліваў вайны, ягоныя казані нехта запісваў і перадаваў у япархію.

«Адтуль задавалі пытаньні: „Чаму вы так і так гаварылі на казані, што вы мелі на ўвазе?“. Калі пачалася вайна, увесь гэты жах, айцец Пётра хадзіў да япіскапа Сьцяфана і прасіў, каб яго адпусьцілі ці перавялі куды з правам служэньня. Але Сьцяфан раззлаваўся і крычаў, што той „здраднік Радзімы, пацук, які ўцякае з карабля“. У айца быў вельмі цяжкі стан. Ён ня мог зьмірыцца з тым, што адбываецца. Ён езьдзіў за мяжу, у Літву. Па вяртаньні была зноў размова ў япархіі, яму там параілі сядзець ціха, нікуды ня лезьці», — кажа суразмоўца.

Пётра Пракопцаў
Пётра Пракопцаў

Паводле крыніцы, калі сьвятар зьезьдзіў у Польшчу ў кастрычніку 2022-га, яго адхілілі ад служэньня. Фармальна — за прагул. «Але справа была ў тым, што «нехта» перадаў у япархію здымак сьвятара, як ён перасякае мяжу. Разумееце? Хто можа і мае права здымаць чалавека на мяжы і перадаваць у япархію? І вось у япархіі яму паказалі гэты здымак як доказ «прагулу», — кажа суразмоўца.

«Расейцы прыйшлі і кажуць: «Батюшка, благослови нас, за ленточку отправляют»

Суразмоўца кажа, што «прафіляктычныя гутаркі» ў япархіі працягнуліся для сьвятара візытам у КДБ і «папярэджаньнем там».

«Раней сьвятару тэлефанавалі зь япархіі і патрабавалі „пачысьціць фэйсбук“. Ён пытаўся: „Што менавіта прыбраць?“ Яму сказалі, што літаральна ўсё: крытыку Пуціна, бел-чырвона-белыя стужкі і так далей. Ён прыбраў. Калі айцец Пётра прыехаў на прыход пасьля вяртаньня з Польшчы, то там ужо быў новы настаяцель», — кажа крыніца.

Паводле суразмоўцы, айцец Пётра не лічыў вайну «сьвяшчэннай, вызваленчай», як пра тое кажуць праваслаўныя ярархі. «Ягоная пазыцыя была дыямэтральна супрацьлеглай пазыцыі патрыярха Кірыла. Ён лічыў, што ярархі мусілі стаць паміж бакамі канфлікту і заклікаць да міру, а не падтрымліваць Расею. На казанях ён не крытыкаваў ярархаў, але было зразумела, што сьвятар на баку Ўкраіны — як краіны, на якую напалі», — дадаў суразмоўца.

Паводле ягоных словаў, расейскія вайскоўцы прыходзілі да сьвятара «наладзіць кантакты». «Прыйшлі і кажуць: „Батюшка, благослови нас, за ленточку нас отправляют“. То бок на перадавую, гэта ўвесну было. Але ён адмовіўся. Ён сказаў, што ён супраць вайны, што гэта ня боская справа. Ну і было такое, што некаторыя іншыя праваслаўныя сьвятары, калі даведаліся, што айцец Пётра ў „апале“ ў япіскапа, перасталі зь ім мець стасункі, бо проста баяліся. Насамрэч у япархіі ёсьць сьпіс „нядобранадзейных“ сьвятароў, зь якімі трэба „разабрацца“. Айцец Пётра таксама быў у гэтым сьпісе, і зь ім „разабраліся“. Магу толькі меркаваць, што ў гэтым пытаньні япархія супрацоўнічае з КДБ», — кажа крыніца.

У Гомельскай япархіі афіцыйна звальненьне айца Пятра не камэнтавалі. На яе сайце ёсьць апублікаваная 14 лістапада навіна пра паседжаньне епархіяльнай рады, дзе гаворыцца пра «асаблівую ўвагу, удзеленую стану спраў у прыходзе храма Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы вёскі Прыбыткі». Што хаваецца за гэтымі словамі, прэсавая служба япархіі не ўдакладняла.

У інстаграме храма ў Прыбытках

5 лістапада зьявілася абвестка, што прыход займеў новага настаяцеля. На пытаньні, дзе падзеўся айцец Пётра, зададзеныя ў камэнтарах, ніхто не адказаў. Цяпер абавязкі настаяцеля храма выконвае Георгі Барадзін. Паводле інфармацыі Свабоды, Пётра Пракопцаў выехаў зь Беларусі і знаходзіцца за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG