Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены навуковец Сяргей Гаранін: «Сьвятара Багамольнікава забіваюць на Акрэсьціна»


Уладзіслаў Багамольнікаў (зьлева)
Уладзіслаў Багамольнікаў (зьлева)

Гаранін сядзеў з праваслаўным сьвятаром на Акрэсьціна і цяпер хвалюецца за ягоны стан здароўя і жыцьцё.

Сяргей Гаранін быў намесьнікам дырэктара ў навуковай працы Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ «Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» НАН Беларусі. Раней яго затрымалі падчас «аблавы» ў Акадэміі навук (тады дапытвалі агулам каля 40 чалавек) і прысудзілі 10 дзён арышту паводле арт. 19.1 КаАП («дробнае хуліганства»).

Увечары 29 лістапада Гаранін выказаўся пра сёмы запар арышт айца Ўладзіслава Багамольнікава. Праваслаўны сьвятар ужо тры месяцы на Акрэсьціна, яго шторазу пераарыштоўваюць пасьля заканчэньня папярэдніх «содняў». Здароўе сьвятара ў вялікай небясьпецы, лічыць Гаранін.

«Акрэсьціна — гэта не турма, а ЦІП. Таму ўмовы там надзвычай жорсткія, нашмат горшыя за усе іншыя беларускія вязьніцы і зоны. Гэта кшталту гаўптвахты былой савецкай арміі. Але ж на Акрэсьціна доўга і не сядзяць! Чалевек такіх умоваў фізычна не вытрымлiвае. Ён памрэ. Так, я ведаю пра „карусэлі“. І пра тое, што на Акрэсьціна сядзяць шмат-шмат тыдняў, таксама ведаю. І бачыў такіх. Але ТРЫ МЕСЯЦЫ... Да таго ж стан здароўя а. Уладзіслава пагоршыўся. Нават калі я вызваляўся, і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нядужая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх чуваць...

Дык гэта калі было!!! А цяпер?! Да таго ж ён і галадоўку трымаў... Уладзіслаў чалавек мужны і трымаецца ён з годнасьцю і моцна. Падтрымлівае іншых. Зрабіць яму ЯНЫ нічога ня могуць. Таксама прад’явіць яму па факце нічога ня можна. Ну, адслужыў ён літыю па Раману Бандарэнку — дык што? Гэта пастырскі абавязак...
Таму... ЯНЫ ЯГО ЗАБІВАЮЦЬ. Фізычна. Я скеміў гэта і напісаў. Я закрычаў ад болю і жаху!»

Так у іншым месцы, на думку Гараніна, забіваюць ня першы месяц Міколу Статкевіча.

Навуковец параўнаў дзеяньні турэмных уладаў з тым, што рабілі ў сярэднявечнай Бізантыі. Чалавека садзiлі ў вязьніцу, трымалі ў невыносных умовах, потым невылечна хворага выпускалі, а празь некалькі дзён ён паміраў.

«Алё, праваслаўнае сьвятарства! Наступнымі будзеце вы! Алё, Ваша Сьвяцейшасьць мітрапаліт Веніямін! Гэты грэх будзе і на Вашым сумленьні.

...Лёгачныя інфэкцыі, на якія хварэе зараз Уладзіслаў, не вылечваюцца на раз-два. Я перхаю і празь месяц пасьля вызваленьня. Лекар на Акрэсьціна не аглядае пацыентаў, а размаўляе зь імі праз прачыненую „кармушку“. На Акрэсьціна няма шпіталя. Працэс можа прыняць неабарачальны характар. Пра гэта трэба казаць, пісаць, крычаць! Праваслаўнага сьвяшчэньніка айца Ўладзіслава Багамольнiкава забіваюць на Акрэсьціна!»

Уладзіслава Багамольнікава сілавікі затрымалі 31 жніўня, выламаўшы дзьверы ў ягонай кватэры. 1 верасьня яму прысудзілі 14 дзён арышту, па іх заканчэньні — яшчэ 15, на наступны дзень пасьля другога суду адбыўся трэці, дзе яго зноў асудзілі на 15 дзён нібыта за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» СМІ. Чацьвёрты суд адбыўся 14 кастрычніка, пяты — 29 кастрычніка. Затым былі шосты і сёмы.

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыходу храма Богаяўленьня ў Менску, загадчык Царкоўна-гістарычнага музэю Беларускай праваслаўнай царквы, сябра Эпархіяльнага суду Менскай япархіі, выкладчык Менскай духоўнай акадэміі. Гэты сьвятар вядомы як прыхільнік перамен у Беларусі.

Ён абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязьня журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а на «плошчы Перамен» у Менску адпраўляў літыю па забітым мастаку Раману Бандарэнку. Акрамя таго, сьвятар дапамагаў украінскім уцекачам, на гэтай падставе прапаганда разгарнула супраць яго ганеньне нібыта за збор сродкаў для УСУ. Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Ўладзіслаў Багамольнікаў быў сярод праваслаўных сьвятароў, якія выступілі са зваротам супраць вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG